Лета з бібліятэкай: пазнавальна-забаўляльны турнір ласуноў

Культура Лента новостей Летнее оздоровление

Работнікі Бераставіцкай раённай бібліятэкі на пляцоўцы летняга амфітэатра правялі мерапрыемства, прысвечанае Сусветнаму дню шакалада. Пазнавальна-забаўляльны турнір ласуноў пад назвай “Шакаладная фабрыка” адбыўся ў рамках работы маладзёжнай пляцоўкі.

Бібліёграф распавяла дзецям пра тое, як робяць шакалад, чаму ён так называецца, адкуль прывозяць да нас какава-бабы, якімі карыснымі ўласцівасцямі валодае гэты прадукт.

Слова «шакалад» паходзіць ад “чоколатль” – назвы напою з какава-бабоў, якія фарміруюцца на вечназялёных дрэвах вышынёю 5-8 метраў. На мове ацтэкаў “чаколлі” абазначае горыч, а “атль” абазначае ваду, якая выкарыстоўваецца для прыгатавання шакаладнага напою. Слова “kakawa” ўпершыню прагучала ў 1500 годзе да н. э. на беразе Мексіканскага заліва, у цывілізацыі альмекаў.

У 1502 годзе Хрыстафор Калумб высадзіўся на тэрыторыі сучаснага Нікарагуа і стаў першым еўрапейцам, які паспрабаваў шакаладны напой. У 1521 годзе каштоўныя какава-бабы і рэцэпт цудоўнага напою былі прывезены ў Іспанію, і з таго часу шакалад пачаў сваё трыумфальнае шэсце па ўсяму свету.

Шакалад – самы складаны па хімічным складзе харчовы прадукт. У яго ўваходзяць 380 рэчываў.

Какава-бабы ўтрымліваюць магній, які паляпшае памяць, дапамагае змагацца са стрэсамі, павышае імунітэт. Шакалад стымулюе мазгавую дзейнасць чалавека, ён багаты кальцыем, фосфарам, фторам і змяшчае сератанін – гармон шчасця, які ўздымае настрой і зніжае трывогу.

Удзельнікаў сустрэчы ўразілі цікавыя факты пра любімы ласунак. Яны ажыўлена абмяркоўвалі новую для сябе інфармацыю, узгадвалі сучасныя фабрыкі, якія выпускаюць шакалад і шакаладныя цукеркі.

Юных наведвальнікаў маладзёжнай пляцоўкі пазнаёмілі таксама з кніжнай выставай, прысвечанай шакаладу, і пачаставалі шакаладнымі прысмакамі.

Акрамя таго, на бібліятэчнай пляцоўцы можна было згуляць у настольны футбол.

Валяціна Чыкун, загадчык аддзела дарослага і дзіцячага чытача



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *