Занятак для сапраўдных мужчын

Лента новостей

Маленькім дзяўчынкам дораць лялькі, а хлопчыкам машынкі. Так мадэліруюцца паводзіны іх у далейшым жыцці. Праз гульню дзяўчынка паступова вучыцца, напрыклад, быць добрай маці і гаспадыняй, а хлопчык пачынае цікавіцца тэхнікай, уяўляць сябе лётчыкам ці вадзіцелем, і гэта затым можа стаць справай яго жыцця. І вельмі добра, калі занятак, які дае хлеб надзённы, па душы чалавеку.
У СВК “Малабераставіцкі элітгас” дагледжаны аўтагараж. І хаця “сярэдні ўзрост” тэхнікі тут 22 гады, а гэта нямала, людзі стараюцца, каб яна яшчэ паслужыла. Ёсць і “старажылы”, напрыклад, пажарная машына ЗІЛ – 130 з аўтацыстэрнай. Дык ёй наогул, магчыма, ужо каля сарака гадоў!
— Але працуе яна нармальна, мы яе адрамантавалі, — расказвае загадчык аўтагаража Павел Лебедзь.
Малады чалавек родам з гэтых мясцін, у 2006 годзе закончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. А па размеркаванні Павел працаваў у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Гэта зусім недалёка ад сталіцы, і менавіта па гэтай прычыне многіх нядаўніх студэнтаў Стаўбцоўшчына прываблівае. Але наш зямляк вярнуўся на сваю малую радзіму і спачатку працаваў у аўтагаражы элітгаса механікам па рамонту. Атрымлівалася гэта ў яго добра, таму і пайшоў хлопец на павышэнне. Ён з цеплынёй гаворыць пра людзей, з якімі працуе побач. Гэта вадзіцелі Сяргей Якімовіч, Васіль Анісеня, Леанід Сяргейчык, Анатоль Бацян, Генадзь Дзяргаўка і іншыя. Фронт работ у іх немалы, але спраўным транспартам гаспадарка забяспечваецца. А ўсяго ў аўтагаражы 78 адзінак тэхнікі ра-зам з легкавымі машынамі.
— Ці куплялі нешта новае? – цікаўлюся.
— У мінулым годзе для перавозкі людзей купілі аўтобус ПАЗ, у гэтым мікрааўтобус, — расказвае Павел.
— А што яшчэ хацелі б набыць?
— Патрэбна яшчэ хаця б адна грузавая машына, — гаворыць загадчык.
Работа з тэхнікай яму падабаецца, іншага для сябе Павел не ўяўляе. Гаворыць, што цікавых выпадкаў было шмат, рамонту няпростага таксама хапае. І кожны раз ад добра выкананай работы працаўнікі аўтагаража атрымліваюць сапраўднае задавальненне.
А дома Паўла чакаюць жонка і, як ласкава кажа ён, сынок. Моцная сям’я – яго апора.
Любіць сваю работу і малады спецыяліст Уладзімір Карытка. Ён таксама мясцовы, а закончыў Жыровіцкі аграрны каледж. Павел характарызуе механіка па рамонце і эксплуатацыі тэхнікі як адказнага работніка.
У зладжаным калектыве, дзе людзі падтрымліваюць адзін аднаго, падстаўляюць плячо, і працаваць лягчэй.
На здымку: Павел Лебедзь і Уладзімір Карытка.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *