Штогод у апошнюю нядзелю чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень моладзі і студэнцтва — свята творчасці і натхнення, энергіі і запалу, пазнання і самасцвярджэння, кахання і рамантыкі.
У нашай краіне маладзёжная палітыка – адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці дзяржавы. Створана нямала магчымасцей для самарэалізацыі маладых людзей: ад бясплатнай адукацыі да сацыяльнай падтрымкі таленавітых навучэнцаў і студэнтаў праз спецыяльныя фонды Прэзідэнта. Не забывае дзяржава і пра маладых спецыялістаў – практычна кожнаму выпускніку гарантавана першае працоўнае месца.
Для галоўнага эканаміста Эрыка Кончыка, намесніка галоўнага бухгалтара Веранікі Зязюлі, сакратара прыёмнай Веранікі Беняшэвіч, дыспетчара Анастасіі Матыс і бухгалтара Ангеліны Сокал (на здымку) першым працоўным прыстанкам стаў КСУП «Пархімаўцы». Маладых людзей цёпла прынялі ў калектыве, забяспечылі жыллём. А яны, у сваю чаргу, унеслі свежы струмень і ініцыятыву ў вытворчую дзейнасць і сацыяльную сферу прадпрыемства. Актыўныя і энергічныя, яны з энтузіязмам, уласцівым маладосці, уключыліся ў грамадскае, сацыяльна-культурнае і спартыўнае жыццё гаспадаркі і аграгарадка. Паспяхова прадстаўляюць сельгаспрадпрыемства ў раённых спартыўных спаборніцтвах, культурных мерапрыемствах і святах, акцыях і маладзёжных ініцыятывах, злётах і інтэлектуальных гульнях. Яны ўпэўненыя: у нас ёсць усе ўмовы для таго, каб спаўна рэалізаваць сябе ў жыцці – дабіцца творчых вышынь, зрабіць кар’еру. Галоўнае, гэта першы крок і жаданне рухацца наперад.
Святлана Ганчарова, фота аўтара