У Канюхоўскім яслях-садзе – сярэдняй школе прайшлі мерапрыемствы да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа

Лента новостей Образование

Юбілейная дата – асаблівая нагода, каб узняць на вяршыню чалавечай памяці асобу, чыё імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю айчыннай літаратуры. Сёлета адзначаецца 140 год з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Мерапрыемствы да юбілею славутых класікаў прайшлі ў Канюхоўскім яслях-садзе – сярэдняй школе. Дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Мой родны кут, як ты мне мілы…”. Работы пераможцаў былі адпраўлены на раённы этап рэспубліканскай выставы-конкурса дзіцячай творчасці “Пад небам сінім”. Гэта – кніжная вокладка да паэмы “Гусляр” Васільчанкі Дар’і, ілюстрацыя да верша “На лузе” Гуж Рэнаты і да байкі “Конь і сабака” Дзямідзік Алёны.

Вучні і настаўнікі школы прынялі ўдзел у грамадскай акцыі “Купалаўскі дыктант”. Старшакласнікі арганізавалі кніжна-ілюстрацыйную выставу “Нам засталася спадчына”,  «Пісьменнікі-юбіляры».

У час віртуальнага падарожжа “Душа народа ў іх творах жыве” шасцікласнікі змаглі яшчэ раз дакрануцца да залацінак і россыпаў паэтычных выданняў юбіляраў і адчуць асалоду ад гучання беларускай мовы. Віктарына “Сцежкамі Купалы і Коласа” спрыяла пашырэнню ведаў дзесяцікласнікаў пра жыццёвы і творчы шлях паэтаў. Перамогу атрымала Данік Ксенія.

У дзіцячым лагеры прайшоў брыфінг “Чытаем разам – спазнаём адзін аднаго”. Пранікнёна дэкламавалі вершы маленькія чытачы. А потым завочна пабывалі на радзіме паэтаў і ў Дзяржаўных літаратурных музеях Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мэта дадзеных мерапрыемстваў – ушанаванне памяці вялікіх песняроў, выхаванне павагі да літаратурнай спадчыны, гонару за геніяльных творцаў беларускага народа.

Алена Кажанеўская , настаўнік беларускай мовы і літаратуры

 Канюхоўскага ясляў-сада –сярэдняй школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *