Шлях да поспеху

Лента новостей

Для дасягнення высокіх вынікаў у навучанні патрэбна сістэмная і якасная праца настаўнікаў і старанне вучняў. Гэта выдатна разумеюць у Вялікабераставіцкай сярэдняй школе, калектыў педагогаў працуе над тым, каб даць школьнікам трывалыя веды і зрабіць працэс навучання цікавым і змястоўным. Сёння для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў у школе ёсць усё неабходнае, таму і яны пастаянна радуюць сваімі поспехамі. Па выніках нядаўніх раённых прадметных алімпіяд бераставіцкія школьнікі занялі амаль палову з усіх прызавых месцаў — 17 пераможцаў і прызёраў раённага этапу вучацца менавіта ў Вялікабераставіцкай школе.

Адзін з іх — Сяргей Ткачоў (на здымку), вучань 8”б” класа, пераможца раённай алімпіяды па матэматыцы. Гэта не першая і, я спадзяюся, далёка не апошняя перамога хлопчыка. На працягу многіх гадоў ён прымае ўдзел не толькі ў школьных, але і ў раённых алімпіядах і паказвае добрыя вынікі.
На рахунку Сяргея ўжо ёсць перамога ў раённай алімпіядзе па матэматыцы ў 2010 і 2011 гадах, другое месца ў раённай алімпіядзе па фізіцы ў 2010 годзе, прымаў удзел ён і ў раённых алімпіядах па рускай мове, геаграфіі, гісторыі. Але перавагу заўсёды аддае фізіка-матэматычнаму накірунку, матэматыку называе сваім любімым школьным прадметам. Магчыма таму і ў характары Сяргея заўсёды адчуваецца дакладнасць і скрупулёзнасць.
Хлопчык займаецца на працягу ўсяго свайго навучання ў школе толькі на “выдатна”, з’яўляецца ўдзельнікам завочнай школы па матэматыцы пры БДУ, цікавіцца інтэлектуальнымі гульнямі, уваходзіць у склад школьнай каманды “Што? Дзе? Калі?”.
У вольны час хлопец захапляецца спортам, камп’ютарам, любіць праводзіць час з сябрамі.
Сяргей – сціплы і выхаваны юнак. Яго вылучаюць адказнасць, настойлівасць, самастойнасць. Ён упэўнены, што настаўнікі закладваюць аснову для набыцця ведаў, падштурхоўваюць да пошуку і развіцця, але каб мець трывалыя веды, неабходна яшчэ і пастаянная самастойная праца.

Ірына Міклаш, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *