ХІ Міжнародны дзіцячы конкурс “Музыка надзеі” праводзіўся ў пачатку снежня ў Гомелі. Нагадаем, што адбор на гэты прэстыжны конкурс, які праходзіў у Гродне, паспяхова вытрымаў вучань па класу духавых інструментаў Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў Арцём Нікан (настаўнік В.Б.Антоненка, канцэртмайстар Г.Ч.Архіпава).
Па традыцыі выступленні юных музыкантаў у рамках конкурсу адбываюцца на базе дзіцячай музычнай школы №1 імя Пятра Чайкоўскага. Лепшых з іх у намінацыі «Духавыя і ўдарныя інструменты» вызначала журы ў складзе выкладчыкаў вядучых ВНУ краіны і блізкага замежжа, а таксама дзеячаў мастацтваў Беларусі. На конкурс было пададзена больш за 100 заявак ад юных талентаў з Беларусі, Балгарыі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны.
Арцём падрыхтаваў і прадэманстраваў два рознахарактарныя творы – “Як у лесе” І.Мангушава і куплеты Тарэадора з оперы Ж.Бізэ “Кармэн”. Безумоўна, выступленне перад такой аўдыторыяй было для яго сапраўднай падзеяй і выдатным вопытам. І хоць юнак не заняў прызавога месца, конкурсную праграму адыграў дастойна і пачуў нямала станоўчых водгукаў пра сваё выдатнае валоданне інструментам (барытонам). Юны музыкант задаволены сваім удзелам у міжнародным конкурсе і гатовы да новых творчых выпрабаванняў.
Святлана Ганчарова
P.S. Відэаматэрыял выступлення Арцёма Нікана вы можаце паглядзець на нашым сайце ці тут