З закройшчыкаў — у лабаранты

Лента новостей

У СВК “Пархімаўцы” добра ведаюць лабаранта Таццяну Ядчанка. Яна пераехала ў гэтыя мясціны з Нараўлянскага раёна пасля Чарнобыльскай аварыі.
Таццяна была закройшчыцай верхняга адзення, а навучылася шыць яшчэ дзяўчынкай ад маці, калі кожную вольную ад урокаў хвілінку праводзіла каля яе швейнай машынкі. Яна ўмее шыць і модныя паліто, і спадніцы, і сукенкі. Некалі, у гады дэфіцыту, адбою не было ад заказаў, а тое, што выходзіла з — пад яе ўмелых рук, магло задаволіць любы густ.
Прафесію сваю маладая жанчына любіла, а гэта і ёсць верная прыкмета майстэрства.
І хаця працоўнымі месцамі Таццяны былі невялікія комплексныя прыёмныя пункты, усе работы выконвала яна дасціпна, акуратна і з душой, разумеючы, як часта ад дробязей у чалавека можа сапсавацца або наадварот палепшыцца настрой. Але ў канцы дзевяностых гадоў татальны дэфіцыт у краінах былога Савецкага Саюза змяніўся імклівым насычэннем рынку самымі разнастайнымі таварамі. Прывазнога адзення з’явілася шмат. Не ўсё яно было якаснае, але не сакрэт, што многіх нашых мясцовых вытворцаў такая канкурэнцыя “падкасіла”. І стала Таццяніна майстэрства незапатрабаваным, і засталася яна без работы. Для кожнага чалавека гэта стрэс.
У сельскай мясцовасці працу па спецыяльнасці знайсці нялёгка. У СВК “Пархімаўцы” на той час патрабаваўся лабарант. Зразумела, што гэта было зусім іншае, чым тое, чым жанчына прывыкла займацца да гэтай пары і што ў яе атрымлівалася вельмі добра, прыносіла радасць і задавальненне. Няпроста было авалодаць новай прафесіяй. Дагэтуль успамінаецца Таццяне яе першы працоўны дзень. Ёй паказалі, як браць пробы малака і вызначаць якасць. Работа лабаранта адказная і вельмі патрэбная. Якасць малака дадаткова кантралюецца
затым на перапрацоўчых прадпрыемствах. З гадамі такі кантроль стаў яшчэ больш строгім, таму што частка прадукцыі ідзе на экспарт. Спачатку Таццяна правярала малако ад насельніцтва, потым – з сельгаскааператыва. У пачатку яе работы тлустасць вызначалі старым апаратам, зараз ёсць больш сучасны “Экамілк”. Раз у год ён праходзіць паверку. Апарат паказвае не толькі тлустасць, але і ўтрыманне бялку,
і нават наяўнасць вады. Другім апаратам кантралююць малако на антыбіётыкі. Нават некалькіх кропель дастаткова, каб вызначыць, ці ёсць яны там. Пачынаецца рабочы дзень лабаранта ў сельгаскааператыве ў 5 гадзін раніцы, трэба зрабіць аналізы, запоўніць дакументацыю. Тэмп напружаны, ды і праца гэтая без
выхадных. Праўда, у гаспадарцы заўсёды ідуць насустрач, калі ёсць магчымасць, стараюцца даць адпачыць. Да сваёй работы Таццяна прывыкла, некаторы час працуе ўжо і знаходзячыся на пенсіі. Вядома, праца такая для жанчыны нялёгкая, але яна ўсё стараецца зрабіць, як мага лепш. Уклад яе быў адзначаны нядаўна прэміяй ад ААТ “Малочны Мір”.
Якасці малака надаюць вялікую ўвагу ў нашым раёне, не застаецца ў баку і СВК “Пархімаўцы”. За 10 месяцаў гэтага года тлустасць сыравіны склала тут 3,79%, што вышэй, чым за такі ж леташні перыяд. Вышэйшым гатункам і “экстрай” здадзена 82,4% малака, было 72%. Маё апошняе традыцыйнае пытанне было наконт
любімых заняткаў у вольны час.
— Дык яго амаль і няма, — так як я і прадчувала, адказала сяльчанка. – Муж у гаспадарцы працуе вадзіцелем. Жывём як і ўсе вяскоўцы. Трымаем курэй, свіней. Уцеха наша – унучка, ёй 7 месяцаў. Калі ёсць трохі часу, еду ў Бераставіцу да дачкі, яна зараз у дэкрэтным адпачынку. Спрадвеку нялёгкая праца сялянская. Але дзякуючы руплівым рукам нашых вяскоўцаў краіна не толькі забяспечвае сябе прадуктамі харчавання, але яшчэ і экспартуе іх за мяжу.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *