У пятніцу, 9 лістапада, адбыўся чарговы абласны агляд-конкурс размоўнага жанру. Ад Бераставіцкага раёна на конкурс ездзілі загадчыца Бераставічанскага сельскага клуба-бібліятэкі Вера Іванаўна Акуліч, рэжысёр аддзела па справах моладзі РДК Аляксандра Міцкевіч і ўдзельніца гуртка мастацкага чытання Малабераставіцкага ЦДК Надзея Васільеўна Сяўко. Выступілі нашы выканаўцы выдатна і вярнуліся з двума дыпломамі першай ступені.
Гродзенскае Панямонне – багаты рэгіён з высокай ступенню захаванасці і распаўсюджанай адметнай зацікаўленасцю да жанраў народнай прозы. На сённяшні дзень народная проза Гродзеншчыны прадстаўлена ўсімі вядомымі жанрамі: казкамі, легендамі, паданнямі. У гэтай сувязі вельмі арганічным з’яўляецца падтрымка, стымуляванне творчых груп і індывідуальных выканаўцаў размоўнага жанру, назапашванне і сістэматызацыя скарбаў вуснай народнай творчасці.
На базе Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці кожныя два гады праводзіцца абласны агляд-конкурс выканаўцаў размоўнага жанру, у якім прымаюць удзел калектывы аматарскай творчасці і індывідуальныя выканаўцы незалежна ад ведамаснага падпарадкавання і без абмежавання ўзросту ў намінацыях “народная проза (легенды, паданні, расказы, казкі)”, “паэзія, інсцэніроўка паэтычнага твора”, “проза, інсцэніроўка празаічнага твора”, “камедыйна-сатырычны твор (гумарэскі, байкі, інтэрмедыі, анекдоты, пародыі)”.
Сёлета з усіх рэгіёнаў вобласці прыехалі 42 выканаўцы, якія прадставілі ўвазе журы самы разнастайны матэрыял – аўтарскі, мясцовы фальклорны, творы класікаў і малавядомых аўтараў.
Вера Іванаўна Акуліч у намінацыі “народная проза” чытала “Легенду пра Бераставічанку”. Аляксандра Міцкевіч у намінацыі “проза” выступіла з маналогам Карыны Шадымавай “Маленькія трагедыі вялікай душы”. Менавіта гэтыя ўдзельніцы і сталі лепшымі ў сваіх намінацыях, за што былі ўзнагароджаны дыпломамі першай ступені за высокае выканальніцкае майстэрства. Надзея Васільеўна чытала гумарыстычны твор Ірыны Спірыдовіч “Жанчыны нашай Беларусі” ў намінацыі “камедыйна-сатырычны твор” і атрымала дыплом за ўдзел у аглядзе-конкурсе.
Святлана Ганчарова