СВК імя Варанецкага – моцная гаспадарка, якая добра вядома ў вобласці і рэспубліцы, дзе мэтанакіравана і эфектыўна развіваецца аграрная вытворчасць.
У СВК імя Варанецкага высокая культура земляробства. Ураджайнасць збожжавых і зернебабовых у гэтым годзе ў бункернай вазе без кукурузы склала 83,2 цэнтнера з гектара. Урадзіла бульба, другі наш хлеб. Ураджайнасць яе ў гэтым годзе 357 цэнтнераў з гектара, у мінулым была 275.
Для патрэб жывёлагадоўлі тут нарыхтавана дастаткова якасных кармоў. Гэта 7274 тоны сенажу (плюс 3143 у параўнанні з мінулым годам), амаль 20 тысяч тон сіласу (амаль на 6 тысяч тон больш). На ўмоўную галаву травяных кармоў атрымалася 33,9 цэнтнера кармавых адзінак.
Зроблена шмат, каб развіваць далей жывёлагадоўчую галіну. Пэўныя поспехі ёсць. За 10 месяцаў гэтага года ў гаспадарцы надой на карову разам з пяршачкамі дасягнуў 6989 кілаграмаў, што на 425 больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. План па продажы малака выкананы больш, чым на 105%. Таварнасць дасягнула 92%, а класам «экстра» і вышэйшым гатункам здадзена 91,3% малака.
На малочнатаварнай ферме “Мацеевічы” клапоцяцца пра якасць малака. Вышэйшым гатункам і “экстрай” здалі больш за 93% сыравіны. Брыгадзір Іна Абуховіч задаволена работай аператараў машыннага даення Крысціны Карповіч, Таццяны Мікалайчык і іншых.
Сапраўдны гонар СВК імя Варанецкага – свінакомплекс. За 9 месяцаў гэтага года рэнтабельнасць рэалізацыі свініны тут дасягнула 52,2%. Такая прадукцыя карыстаецца нязменным попытам. Планавы паказчык росту валавай вытворчасці за 10 ме-сяцаў перавыкананы. На свінакомплексе сучасная сістэма мікраклімату, аўтаматычная падача кармоў і вадапаення. Працягваецца мадэрнізацыя вытворчасці, што дазволіць яшчэ больш палепшыць вынікі.
Дружнаму калектыву СВК імя Варанецкага па плячу важныя задачы. Пажадаем аграрыям і іх сем’ям моцнага здароўя, бадзёрасці, спрыяльнага надвор’я, шчодрых ураджаяў, малочных рэк, дабрабыту!
Ніна Наддэ, фота аўтара