СВК «Малабераставіцкі элітгас»: Па шляху мадэрнізацыі

Лента новостей

Уладзімір СадаўнічыАдзін з буйнейшых у вобласці пастаўшчыкоў элітнага насення бульбы, зерневых і зернебабовых культур — “Малабераставіцкі элітгас” — у гэтым годзе сабраў амаль 12 з паловай тысяч тон збожжавых і зернебабовых культур, больш за 5700 тон бульбы. За 2012 год рэалізавана па Гродзеншчыне 768 тон насення бульбы, больш за 2700 тон збожжавых і зернебабовых, больш за тысячу дзвесце тон насеннага матэрыялу прададзена за межы вобласці.
Самую высокую ўраджайнасць збожжавых – 60 ц/га – даў вытворчы ўчастак “Малая Бераставіца”, які ўзначальвае Уладзімір Садаўнічы. Уладзімір Аляксандравіч працуе ў сельгаскааператыве больш за 37 гадоў і за гэты час зарэкамендаваў сябе адказным і сумленным работнікам, высокая на яго ўчастку не толькі ўраджайнасць збожжавых, але і бульбы – у гэтым годзе яна дасягнула 470 ц/га.
Акрамя вырошчвання насення гаспадарка займаецца і вытворчасцю малака і мяса.
За 10 месяцаў гэтага года атрымана больш за 61 тысячу цэнтнераў малака, надой на адну карову склаў 5484 кг малака.
Найлепшыя паказчыкі дала малочнатаварная ферма “Кулі”. Тут надой на карову склаў 5777 кг (+260 кг да мінулагодняга паказчыка), прычым, 95,5% малака рэалізавана вышэйшым гатункам. Ды і выхад цялят на ферме забяспечылі 100-працэнтны, сярэднесутачная прывага ў “Кулях” за 10 месяцаў 2012 года складае 608 грамаў.

Міхаіл Пянькоў, Алена Лютава, Людміла Якаўчук, Ганна Бельмач

Загадчыца фермы Ганна Бельмач, яе памочнік Міхаіл Пянькоў, які выконвае і абавязкі ветурача, ўрача – гінеколага, асемянатара, даяркі Людміла Якаўчук, Алена Лютава, ды і ўсе астатнія работнікі фермы працуюць над тым, каб яна і надалей утрымала свае высокія паказчыкі.
Калі гаварыць пра вытворчасць мяса, то за 10 месяцаў у гаспадарцы атрымана 5818 ц мяса буйной рагатай жывёлы (сярэднясутачная прывага – 688 г), свіней – 4356 ц (сярэднясутачная прывага – 511 г).
Рэнтабельнасць за 9 месяцаў гэтага года ў СВК “Малабераствіцкі элітгас” склала 54%, прыбытку атрымалі больш за 16 мільярдаў рублёў.
За гэтымі паказчыкамі – напружаная праца ўсіх работнікаў прадпрыемства, кожны на сваім месцы ўносіць свой уклад у развіццё гаспадаркі. Сярод лепшых кіраўніцтва СВК “Малабераставіцкі элітгас” называе трактарыста — машыніста Васілія Леську, загадчыка гаражом Паўла Лебедзя, галоўнага інжынера Мікалая Шчарбініна, агранома — бульбавода Валянціну Сяледчык, галоўнага дыспетчара Раісу Войшаль, повараў Валянціну Якубовіч і Ірыну Ярмолік, вадзіцеляў Леаніда Сяргейчыка, Анатолія Бацяна, Генадзія Дзяргаўку, Сяргея Якімовіча, Васілія Анісеню, слесараў Эдуарда Цупу і Сяргея Салаўя.

Васілій Леська

Менавіта людзі з’яўляюцца галоўным багаццем гаспадаркі, паралельна з мадэрнізацыяй вытворчасці для работнікаў ствараюцца максімальна камфортныя ўмовы працы і адпачынку. У Малой Бераставіцы функцыянуюць два кафэ — бары, салон — цырульня, лячэбна-аздараўленчы кабінет з інфрачырвонай кабінай і масажнымі крэсламі, гасцініца. Гэтым летам адкрыта пляцоўка з амфітэатрам, дзе праходзяць святочныя мерапрыемствы і канцэртныя праграмы.
Усё гэта робіцца для таго, каб забяспечыць высокі ўзровень жыцця мясцовага насельніцтва, падняць у людзей матывацыю жыць і працаваць у сельскай мясцовасці.

Ірына Міклаш



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *