Працоўны шлях пачала ў «Малабераставіцкім элітгасе»

Лента новостей Человек и его дело

Калі любіш матэматыку і ёсць да яе здольнасці, можна не задумваючыся ісці ў бухгалтары або эканамісты. Прадстаўнікі гэтых прафесій менавіта так і гавораць пра сябе, што з дакладнымі навукамі ў школе яны былі “у ладах”. Не стала выключэннем і малады спецыяліст, бухгалтар СВК “Малабераставіцкі элітгас” Кацярына Радзівон (на здымку). Праўда, калі я першы раз убачыла гэтую худзенькую прыгожую маладую дзяўчыну, дык нават і не падумала, што яна ўжо працуе, бо больш яна нагадвала студэнтку. Тым больш стала прыемна, калі даведалася, што гэта самастойны чалавек, які ўжо, як кажуць, пайшоў на свой хлеб. Які ж для яе смак гэтага хлеба?
Першае ўражанне ад свайго першага працоўнага месца запамінаецца кожнаму чалавеку назаўсёды. А Каця на маё пытанне, як ёй спадабалася ў элітгасе, таксама не хаваючы эмоцый адказала радасна: “Мне тут вельмі падабаецца!” Прыйшла яна сюды пасля заканчэння Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, дзе вучылася па спецыяльнасці “эканоміка і арганізацыя вытворчасці”. Месца сабе знайшла сама, бліжэй да роднага дому, бо жыве з бацькамі ў вёсцы Паплаўцы.
Кацярына з удзячнасцю ўспамінае сваю навучальную ўстанову і выкладчыкаў. Кажа, што цікавымі былі і лекцыі, і практычныя заняткі. А ў куратара групы, выкладчыцы эканомікі быў свой выдатны метад – яна вучыла сваіх юнакоў і дзяўчат усяму, што ведала сама, таму было цікава.
Каця задаволена сваім першым працоўным калектывам. Працуе яна тут з ліпеня. Вельмі добра, па – бацькоўску, сустрэў яе былы старшыня СВК “Малабераставіцкі элітгас” Анатолій Паўлавіч Коханаў. Ён быў зацікаўлены, каб маладыя кадры выбіралі вёску, бо гэта яе сапраўднае будучае. Ды і жыццё ў сучасных беларускіх аграгарадках многім падабаецца нават больш, чым у буйных гарадах. Сем’ям прадастаўляюцца тут асабнякі або кватэры з выгодамі. Можна трымаць падсобную гаспадарку і вырошчваць на ўласным кавалку зямлі экалагічна чыстую прадукцыю. А якую асалоду атрымліваеш ад маляўнічых куточкаў роднай прыроды…
Ці будзе шукаць сабе іншае месца пасля адпрацоўкі Каця? Пакуль яна сама дакладна не ведае. Але каб ёй не хацелася шукаць нічога другога, акрамя былога старшыні, шмат для гэтага рабілі з самых першых дзён і робяць зараз яе старэйшыя калегі. Яны заўсёды рады дапамагчы маладому спецыялісту. Нямала ў гаспадарцы і маладых, таму Каці не бывае сумна.
Ёй даручана налічваць зарплату механізатарам. І няхай яна мае справу, як кажуць, “ з сухімі лічбамі”, за кожнай з іх жывы чалавек, яго ўклад ва ўмацаванне дабрабыту гаспадаркі. Кацярына гаворыць, што абавязкова ўлічваецца пры налічэнні зарплаты і якасць работ. Вядома, самыя добрыя заробкі ў механізатараў і вадзіцеляў у час жніва. І дзяўчыне прыемна, калі можна парадаваць чалавека заслужанай матэрыяльнай ацэнкай яго нялёгкай працы.
У вольны час Каця сустракаецца са сваімі равеснікамі. У моладзі агульныя інтарэсы. А яшчэ яна любіць чытаць. Пажадаем гэтаму маладому спецыялісту ўдачы! Няхай агеньчык зацікаўленасці сваёй справай і бадзёры настрой стануць ёй добрымі спадарожнікамі на ўсім працоўным жыцці.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *