Наш раён сельскагаспадарчы, і стаўка ў нас робіцца на далейшае развіццё аграрнай вытворчасці. Для гэтага ўкараняюцца сучасныя тэхналогіі, якія дазваляюць мець больш прадукцыі і лепшай якасці. Радуюць новыя малочнатаварныя комплексы, дзе створаны належныя ўмовы для таго, каб атрымліваць высокія надоі і малако гатунку “экстра”. Зразумела, што каштуюць такія будоўлі вялікіх грошай, таму трэба выкарыстоўваць і тое, што маем.
У рэспубліцы пастаўлена задача рэканструяваць і тэхнічна пераабсталяваць хаця б па адной малочнатаварнай ферме ў кожнай гаспадарцы за кошт уласных сродкаў. Яны таксама могуць даваць аддачу. На Бераставіччыне можна прывесці ўдалы прыклад такога аднаўлення ў СВК “Пархімаўцы”. Там у верасні завершана рэканструкцыя малочнатаварнай фермы “Даўбянкі”. Уласных сродкаў укладзена 193 мільёны рублёў.
Старая ферма прыняла новы выгляд. Заменены дзверы, устаноўлены спецыяльныя шторы на вокнах, што дапаможа зберагчы цяпло. Поўнасцю заменена ранейшая сістэма асвятлення, устаноўлены энергазберагальныя лямпы. Кармавыя сталы ўкладзены пліткай. Заменены ўстарэлыя паілкі на новыя сучасныя. Сухастойныя каровы ўтрымліваюцца асобна, ёсць радзільнае аддзяленне. Раней гэтага не было. Жывёлу добра кормяць, ёй даецца сянаж, сілас, камбікорм, патака. З верасня пачалі даваць жом з цукровых буракоў. Для кароў ёсць выгул, што вельмі важна. Сучаснай даільнай залы, як на комплексах, зразумела, тут няма, працуе малакаправод. Больш цяпер стала і кароў, зараз іх 200.
Брыгадзір Святлана Цымбал (на здымку) закончыла Ваўкавыскі саўгастэхнікум, мае багаты вопыт работы ў жывёлагадоўлі, раней працавала на малочнатаварным комплексе “Канчаны”, а з пачатку гэтага года ўзначальвае калектыў фермы “Даўбянкі?. Узрос валавы надой, сярэднясутачны зараз складае 18,5 кілаграма. Тут плануюць дабіцца яшчэ лепшых паказчыкаў. Святлана Канстанцінаўна гаворыць, што калектыў вельмі добры, дружны, людзі падабраліся адказныя, на іх можна разлічваць. Стараецца вопытны лабарант Таццяна Ядчанка, аператары машыннага даення Алена Македон, Люцыя Фядорчанка, Валянціна Бякбаева, Людміла Новікава, падменная даярка Тамара Казлова. Цялятніца Вольга Пугачэўская даглядае маладняк у індывідуальных доміках, паморку няма. Добра выконваюць свае абавязкі цялятніцы Ірына Бондар, Галіна Рожка, Марына Сушко. Цялушак на ўзнаўленне статка даглядае Тадэвуш Огар, прывагі адпавядаюць тэхналогіям.
Мне было цікава, ці можна атрымліваць малако гатунку «экстра» пры даенні з дапамогай малакаправода? Гэта ж далёка не новыя тэхналогіі. Аднак поспехі ўжо ёсць. Па словах галоўнага заатэхніка Алега Крывапуста, таварнасць малака за кастрычнік склала 92,1 %, вышэйшым гатункам рэалізвана 92,4% сыравіны. Тлустасць таксама добрая — 3,97%. Калектыў у перспектыве плануе атрымліваць малако «экстра». Усе падставы для гэтага ёсць. Захоўваецца гігіена пры даенні, выкарыстоўваюцца аднаразовыя сурвэткі, вядзецца прафілактыка мастытаў. Калі ёсць жаданне, многага можна дасягнуць. Пажадаем удачы жывёлаводам!
Ніна Наддэ, фота аўтара