Год веры, абвешчаны ў каталіцкім Касцёле, пачаўся Сінодам біскупаў свету, які прысвячаўся тэме новай Евангелізацыі. У Сінодзе прымаў удзел і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска — Магілёўскі, які ўдзельнічаў ва ўрачыстасцях з нагоды 100-годдзя касцёла ў Вялікай Бераставіцы.
У падрыхтоўчым дакуменце да Сінода Папа Бенедыкт XVI напісаў: “Вера з’яўляецца дарам Бога, які мы атрымалі на святым Хрышчэнні і які мы павінны развіваць і перадаваць далей, бо іначай яна замрэ і ў чалавеку, і ў грамадстве. Сёння мы бачым, што цэлыя супольнасці, якія былі ахрышчаны, не жывуць з верай, – яна ў іх памерла або была выціснута на абочыну жыцця”.
Абвешчаны праз Папу Год веры павінен нас абудзіць, каб мы сталі ў гэтым новым веку сведкамі веры, як калісьці апосталы.
Сёння трэба паказаць прыгажосць Евангелля, яго суаднясенне з жыццём кожнага чалавека, вучыць пошуку дабра, праўды і прыгажосці, якія змяшчаюцца ў Слове Божым.
Праз нараду біскупаў з усяго свету мы бачым, што з’яўляемся часткай агульнага Касцёлу, які працуе і прысутнічае ва ўсіх краінах свету. У глабалізаваным свеце мы сутыкаемся з многімі агульнымі праблемамі, але ў той жа час у кожнай краіне Касцёл жыве сваімі спецыфічнымі, часта не зразумелымі для іншых праблемамі. У многіх краінах яшчэ і сёння Касцёл і хрысціяне праследуюцца.
Змяненне дэмаграфічнай сітуацыі ў свеце ўплывае таксама і на форму Касцёла. Адзін з біскупаў сказаў, што за апошнія 50 гадоў колькасць католікаў у Азіі вырасла ў некалькі разоў і яшчэ будзе ўзрастаць, і ім будзе належаць будучыня Касцёлу. У Еўропе і Паўночнай Амерыцы колькасць католікаў стаіць на месцы. А яшчэ 100 гадоў таму еўрапейскія католікі складалі большасць у свеце. Здавалася, што яны будуць і надалей “першай дачкой Касцёла”, без якой ён не зможа існаваць. І хоць сёння Еўропа перажывае дэмаграфічны крызіс, за апошнія 50 гадоў насельніцтва свету павялічылася на 2,5 мільярда чалавек, а колькасць католікаў у Азіі і Афрыцы вырасла за гэты час у небывалай колькасці. І гэта добра. Відавочна, Езус хоча паказаць Касцёлу, што Ён імкнецца збавіць усіх і не пакіне Азію ці Афрыку, гэтыя кантыненты з’яўляюцца вялікім выклікам для прапаведавання Евангелля не толькі ў XXI стагоддзі, але і на працягу цэлага трэцяга тысячагоддзя.
Бо калі першае тысячагоддзе хрысціянства належала Еўропе, другое – Амерыцы, то трэцяе будзе належаць Азіі, Афрыцы і Акіяніі, дзе колькасць католікаў імкліва расце. На гэтых кантынентах, у адрозненне ад Еўропы, мы маем справу з сур’ёзным падыходам да сям’і і нараджальнасці ў адпаведнасці з запаведдзю Божай: “Пладзіцеся і размнажайцеся, напаўняйце зямлю і валодайце ёю”. На жаль, на Захадзе гэты парадак быў зменены.
У час сустрэчы пашырылася вызначэнне новай евангелізацыі, канчатковую форму можна знайсці ў выніковым дакуменце Сінода.
Патрэбны новы падыход да таго, што Касцёл робіць на працягу дзвюх тысяч гадоў. Без вызначэння рэйтынгу важнасці Сінод вылучыў трох «адрасатаў» новай Евангелізацыі: людзі, якія наогул не ведаюць Хрыста, другі — усе вернікі, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла, і трэцяя група – асобы, якія фармальна ў Касцёле, але аддаліліся ад яго і ад і Хрыста.
Важным у сучасным свеце з’яўляецца пытанне аб не сакраментальных шлюбах, аб людзях, якія развяліся і ўступілі ў новыя адносіны – вядома, што яны не могуць прымаць Святую Камунію.
Апостальскі зварот «Familiaris Consortio», паказвае, як асобы разведзеныя, якія жывуць ў новых шлюбах, могуць падтрымліваць і паглыбляць свае сувязі з Касцёлам.
Парафія разглядаецца як «спячы велікан», якога трэба сёння абудзіць. Яна ўсё яшчэ не выкарыстоўвае да канца магчымасці новай Евангелізацыі.
Парафія, якую ў многіх краінах ужо «пахавалі», з’яўляецца асновай Касцёла. Парафіяльныя структуры ва Усходняй Еўропе на фоне ўсяго Касцёла функцыянуюць яшчэ досыць добра. Трэба гэта паважаць і шанаваць, але і гэтага “велікана” трэба пастаянна абуджаць у духоўным плане.
Некаторыя нямецкія, французскія і італьянскія біскупы вымушаны былі закрываць многія парафіі з-за адсутнасці святароў.
Радуе, што ў нас ёсць пакліканні і ў семінарыях рыхтуюць семінарыстаў да святарства.
Сёння задачай новай Евангелізацыі з’яўляецца наяўнасць такіх святароў, якія ведаюць, як працаваць з парафіянамі.
Гэта Бог дае нам святарскія і манаскія пакліканні. Трэба шанаваць пакліканні, што ў нас ужо ёсць, і маліцца за новыя. Таму у час Сінода многа гаварылася аб святарстве і пакліканні ў кантэксце сведчання веры. Прыводзіліся канкрэтныя прыклады таго, што можа зрабіць адзін святар. Трэба каля такіх святароў збіраць маладых, вучыць іх ісці па шляху святасці і заставацца ў прамянях святла Святога Духа.
Але найбольш патрэбна сёння сведчанне святасці людзей свецкіх.
Святасць з’яўляецца неабходным элементам хрысціянскага сведчання. У той жа час сведчанне жыцця з Евангеллем з’яўляецца найвялікшым інструментам новай Евангелізацыі. Святасць — гэта падстава сведчання веры, а яно, у сваю чаргу, з’яўляецца асновай для новай Евангелізацыі. Трэба паказваць, што быццё хрысціянінам з’яўляецца нечым прыгожым. Паказваць на прыкладзе свайго жыцця, што жыццё з Евангеллем не з’яўляецца цяжкім, поўным наказаў і забаронаў, а прыгожай дарогай, якую ўказвае Пан Езус усім тым, хто яе прыняў.
Еўропа сёння адзначана агрэсіўнай секулярызацыяй, зранена дзясяцігоддзямі таталітарных рэжымаў і ідэалогій, варожых Богу і чалавеку. Касцёл сёння мае заданне бараніць годнасць чалавечай асобы і імкнуцца для стварэння свету ўсеагульнага дабра.
Постаць Марыі будзе праводзіць нас на дарозе веры, сказаў Святы Айцец Бенедыкт XVI, і хоць нам часам можа здавацца, што гэта дарога праз пустыню, мы павінны прайсці яе з верай у прысутнасць Езуса, які нас заўсёды суправаджае ў пілігрымцы веры, у праўдзе Свайго Слова і ў Эўхарыстыі, калі корміць нас у Святой Камуніі.
Таму Марыі, якая з’яўляецца «Зоркай новай Евангелізацыі», Рымскі Папа з біскупамі даверыў увесь Касцёл, справу сённяшняй Евангелізацыі і смелага сведчання нашай веры ў дваццаць першым стагоддзі.
а.Вальдэмар Слота, дэкан, настаяцель касцёла Перамянення Пана г.п.Вялікая Бераставіца