“Ведаць і вывучаць родны край і беларускую мову павінен кожны беларус”, – так лічаць члены групы “Пошук”, якая дзейнічае пры школьным музеі “Гісторыі роднай вёскі” Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы. А паколькі дыялектная мова (мова гаворак) з’яўляецца першаснай формай нацыянальнай мовы, членамі групы пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Мазавецкай Святланы Уладзіміраўны было вырашана даследаваць мясцовую гаворку. Пачалі з назваў страў. Сустракаліся і гутарылі з жыхарамі навакольных вёсак, вывучалі значэнне і паходжанне найбольш распаўсюджаных страў. Выявілі, якія стравы сустракаюцца толькі на дадзенай тэрыторыі (какасянкі, банкуха).
Аказалася, што дыялектная мова поўная самабытнасці і адметнасці, словы ў народных гаворках вызначаюцца трапнасцю, дакладнасцю, яркай выразнасцю, тут шырока развіта эмацыйна-экспрэсіўная афарбоўка. Усё гэта надае мясцовы каларыт і ўказвае на непаўторнасць беларускага краю. Менавіта ў лексіцы народных гаворак знайшла яркае адлюстраванне гісторыя народа.
Завершана даследаванне было напярэдадні Дня роднай мовы (21 лютага) і сабраны матэрыял аформлены ў выглядзе даследчай работы, складзены невялікі дыялектны тэматычны слоўнік.
У Год гістарычнай памяці члены групы “Пошук” вырашылі прадаўжаць даследаванне роднага краю, сваёй мясцовасці.
Святлана Мазавецкая, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы