Культура: прызначэнне творчых і апантаных

Лента новостей

14 верасня сваё прафесійнае свята  адзначаюць работнікі культуры. У гэты дзень наша дзяржава і грамадства ўшаноўваюць кожнага, хто сваім талентам і руплівай працай захоўвае і прымнажае культурную спадчыну Беларусі, дапамагае людзям спасцігнуць свет прыгажосці, дабрыні і чалавечнасці. Напярэдадні свята размова пойдзе аб сучасным стане культурнага жыцця Бераставіччыны, аб людзях, якія дзень за днём робяць гэта жыццё насычаным і разнастайным. Мой субяседнік – начальнік аддзела культуры райвыканкама Віталь ЛЯХОВІЧ:

–Віталь Іванавіч, як сёння можна ахарактарызаваць стан культурна-асветніцкай дзейнасці ў раёне?
–Перш за ўсё хачу адзначыць, што работнікі культуры нашага раёна паспяхова ўдзельнічаюць у грамадска-культурных мерапрыемствах, прадстаўляюць беларускае нацыянальнае мастацтва на прэстыжных міжнародных фестывалях, выконваюць сваю пачэсную місію: уносяць значны ўклад у захаванне традыцый і развіццё нацыянальнай культуры.
У нашым раёне каля 170 чалавек маюць прафесійныя адносіны да працы ў сферы культуры. Гэта клубныя работнікі, педагогі дзіцячых школ мастацтваў, работнікі бібліятэк, Дома рамёстваў і іншыя. Вызначыць уклад кожнага культработніка ў агульную справу вельмі складана – у нас нямала яркіх творчых асоб.
Многа іх, творчых людзей, працуе ў клубных установах, якіх на Бераставіччыне 17. У працэсе арганізацыі культурна-масавай работы ўжо сфарміравалася пэўная сістэма правядзення раённых і мясцовых мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць пошуку новых талентаў, ствараюць добрыя ўмовы для адпачынку нашых людзей.
– Якія праведзеныя з пачатку года культурна-масавыя мерапрыемствы можаце назваць як найбольш значныя?
–Самымі яркімі і запамінальнымі былі святы Масленіцы, Дажынак (з удзелам Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай), мерапрыемствы да Дня Перамогі, Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь з цікавай тэатралізаванай дэманстрацыяй вясельнага абрада, фестываль польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст” і фестываль беларускай песні і паэзіі “Масалянскія салаўі”, раённы конкурс дзіцячай творчасці “Колеры вясёлкі”, агляд-конкурс выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Аб табе, Беларусь”, свята фальклору ў Старым Дворцы, канцэрты ў рамках новага праекта “Культура для вяскоўцаў”, а таксама да некаторых прафесійных святаў і дзяржаўных дат і шэраг іншых.
– Чым у гэтым годзе вызначалася творчая дзейнасць народных і ўзорных калектываў раёна?
–Найперш, канцэртамі і ўдзелам у розных фестывалях раённага і абласнога ўзроўняў. Народны ансамбль народнай песні “Бераставіцкія музыкі” РДК прыняў удзел у IX Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродна, у XV Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах. Народны ансамбль польскай песні “Стокроткі” Макараўскага Дома нацыянальных культур пабываў на Днях польскай культуры ў Свіслацкім раёне. А народны хор ветэранаў вайны і працы “Памяць сэрца” РДК традыцыйна выступаў на XVIII фестывалі ветэранскіх калектываў “Не стареют душой ветераны” ў Ваўкавыску. Узорны дзіцячы хор “Манжэрок” Бераставіцкай ДШМ стаў дыпламантам ІІІ ступені абласнога конкурсу імя Горскага.
Актыўна і паспяхова канцэрціраваў і ўдзельнічаў у абласных фестывалях ўзорны дзіцячы духавы аркестр “Tutti”.
–Ведаю, што не ва ўсіх гарадах і пасёлках Гродзеншчыны распаўсюджаны летнія канцэрты на адкрытых пляцоўках. У нас жа некалькі год запар летам, па выхадных, амфітэатр адкрыты для аматараў мастацтва. Як лічыце, гэта ўжо добрая традыцыя?
–Думаю, так. А яшчэ такія музычныя сустрэчы можна назваць і нашай візітнай карткай. Многія госці гарпасёлка прыемна здзіўляюцца, трапляючы на гэтыя канцэрты, называюць іх цудоўным дадаткам да вобліку нашай прыгожай Бераставіцы. Узровень жа канцэртаў на сцэне амфітэатра з года ў год расце. Сёлета, да таго ж, вырашана было зрабіць іх бясплатнымі, што прыцягнула большую колькасць гледачоў. У прайшоўшым летнім канцэртным сезоне найбольш адметнымі былі выступленні калектыву Старадварэцкага Дома культуры і народнай творчасці, народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі” Макараўскага Дома нацыянальных культур, узорнага дзіцячага духавога аркестра “Tutti”. Лепшыя нумары прагучалі ў заключным гала-канцэрце.
Работнікі Дома рамёстваў (дырэктар Тамара Мікалаеўна Касьян) сваімі цудоўнымі выставамі суправаджалі ўсе мерапрыемствы, якія праводзіліся ў Вялікай Бераставіцы і неаднаразова выязджалі ў суседнія раёны і ў горад Гродна.
–Свята работнікаў культуры – гэта свята і работнікаў бібліятэк. Чым жывуць сёння бібліятэчныя ўстановы раёна?
–Бібліятэкі былі і застаюцца важнай крыніцай інфармацыі. Толькі акрамя традыцыйнага атрымання інфармацыі праз літаратуру і перыёдыку, бібліятэкі сёння прапануюць паслугі па карыстанні электроннымі і мультымедыйнымі крыніцамі інфармацыі – інтэрнэтам і медыятэкамі, прававой базай дадзеных “ЭТАЛОН-WIN”, укараняюцца новыя формы работы і паслугі. Гэтаму садзейнічаў паступовы працэс камп’ютэрызацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі, дзіцячай і бібліятэк аграгарадкоў. Варта адзначыць, што райбібліятэка імя Кавалеўскага, калектыў якой узначальвае Таццяна Дзмітрыеўна Марцішэвіч, з’яўляецца сапраўдным інтэлектуальным цэнтрам па прапагандзе кнігі, па правядзенні патрыятычна-краязнаўчай работы. Сёлета, у Год кнігі, тут адбыўся значны рамонт, у выніку якога памяшканне бібліятэкі пераўтварылася, набыло сучасны выгляд, папрыгажэла. І падыходы ў рабоце, і новы інтэр’ер па праву ацанілі ўдзельнікі абласнога семінара кіраўнікоў бібліятэк, удзел у якім прыняў начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі. Дарэчы, правядзенне на базе раёна семінара такога ўзроўню – таксама можна назваць знайнай падзеяй у сферы культуры.
Калектыў райбібліятэкі – творчы, ініцыятыўны. Супрацоўнікі бібліятэкі выдаюць зборнікі твораў мясцовых паэтаў і празаікаў, брашуры аб знакамітых земляках, гістарычныя даследаванні мясцовых краязнаўцаў. Варта адзначыць, што вывучэнню і захаванню гісторыі Бераставіччыны тут надаецца значная ўвага. Агульнымі намаганнямі ў райбібліятэцы назапашаны краязнаўчы архіў. Цікавы ў гэтым плане і новы праект – фотагалерэя “Фотаімгненні з гісторыі Вялікай Бераставіцы”.
–Нельга не ўспомніць і пра дзейнасць Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў. Што новага адбылося тут за апошні час?
– Трэба адзначыць, што гэта ўстанова культуры функцыяніруе ў новым статусе. Пагранічная і Эйсмантаўская дзіцячыя школы мастацтваў сталі філіяламі Бераставіцкай школы мастацтваў, калектыў якой, дарэчы, з’яўляецца ініцыятарам многіх добрых спраў і пачынанняў. Каля 15 год установу ўзначальвае Ірына Аляксандраўна Баер. У школе ёсць месца ўсяму: навучанню, выхаванню, шматлікім канцэртам і мастацкім выставам. Выкладчыкі, якія працуюць тут, – людзі творчыя, з пачуццём высокай асабістай адказнасці за вынікі сваёй работы. Дзесяткі выпускнікоў школы вучыліся ці працягваюць вучобу ў сярэдніх і вышэйшых установах Гродна і Мінска і звязалі свой асабісты лёс з музыкай. Два дзіцячыя харавыя калектывы “Манжэрок” і “Кампанелі”, а таксама дзіцячы духавы аркестр “Tutti” носяць званне “ўзорны”, а жаночая вакальная група “Канцона”– ганаровае званне “народны”.
Пяць год тут існуе мастацкае аддзяленне, на якім выкладае Андрэй Францавіч Втарушын, а з гэтага навучальнга года яшчэ і малады спецыяліст Кацярына Арабей. Юныя мастакі ўжо заявілі аб сабе. Яны неаднаразова займалі прызавыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах, а традыцыйныя мастацкія выставы дзіцячых работ заўсёды выклікаюць цікавасць шматлікіх наведвальнікаў.
Шмат цікавых спраў і на рахунку калектываў філіялаў у Пагранічным (дырэктар Святлана Аляксандраўна Баран) і ў Вялікіх Эйсмантах (дырэктар Святлана Уладзіміраўна Коўшык).
–Віталь Іванавіч, будынак раённага музея радуе вока жыхароў пасёлка прыгожым знешнім выглядам. Калі плануецца яго адкрыць для наведванняў?
–Спачатку неабходна абсталяваць музей унутры. А гэта, безумоўна, патрабуе сродкаў. І немалых. Магчыма за ўнутранае абсталяванне ДУ “Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы” (дырэктар Аляксандр Мікалаевіч Галавач) возьмемся ўжо ў будучым годзе.
–“Армія” работнікаў культуры ў раёне дастаткова вялікая. А ці можаце назваць ветэранаў працы, якія ўнеслі значны асабісты ўклад у развіццё культуры рэгіёна?
–Хачу адзначыць загадчыкаў аддзела культуры, якія ў розны час яго ўзначальвалі. Гэта Мікалай Якаўлевіч Мешчаня, Сямён Іванавіч Шурба, Пётр Пятровіч Дудзько, Ганна Нікіфараўна Геда, Ігар Уладзіміравіч Лябецкі.
Многія гады ў бібліятэках працавалі Галіна Іванаўна Ігнацюк і Вера Генадзьеўна Шоўга (Грыцавічы), Алена Станіславаўна Занеўская (Мацеевічы), Зоя Аляксандраўна Садаўнічая (Хілякі), Марыя Іванаўна Нікуленка (Масаляны), Ніна Міхайлаўна Матус (Краснае), Яніна Аляксандраўна Млёнік (Кватары), Галіна Сцяпанаўна Белабокая (Пыхоўчыцы), Надзея Дзмітрыеўна Валько (Карпаўцы), Тамара Рыгораўна Абуховіч (Вялікія Эйсманты), Марыя Іванаўна Богдан (Малая Бераставіца), Алена Несцераўна Кузікевіч, Тамара Васільеўна Крук, Валянціна Пятроўна Валевіч, Ганна Міхайлаўна Тышкевіч (раённая бібліятэка).
Шмат за гады сваёй працы ў клубах зрабілі Надзея Іванаўна Тоўкач (Стары Дворац), Раіса Васільеўна Леська (Паплаўцы), Ганна Аляксандраўна Курыла (Канчаны), Ганна Браніславаўна Дзянісовіч (Вішнеўка), Марыя Іванаўна Кажанеўская (Плябанаўцы), Марыя Феліксаўна Ігнатовіч (В.Эйсманты).
Нямала сваіх сіл, энергіі, намаганняў аддалі любімай справе работнікі музычных школ Мая Ільінічна Плікус (Бераставіцкая ДМШ), Васілій Іванавіч Макарчук (Пагранічная ДМШ), Наталля Васільеўна Маціеўская (Эйсмантаўская ДШМ).
Працягваюць працаваць і перадаваць свой вопыт і веды Марыя Пятроўна Юшкевіч, Мікалай Іванавіч Пацэнка, Валянціна Уладзіміраўна Сухадольская, Людміла Аляксандраўна Мотыль, Любоў Паўлаўна Валейка, Вера Іванаўна Акуліч, Галіна Антонаўна Журко, Галіна Антонаўна Міскевіч.
–Дзякуй за гутарку, Віталь Іванавіч. З прафесійным святам вас.

Святлана Ганчарова



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *