У Вялікай Бераставіцы адбылася галоўная ёлка раёна

Актуально Культура Лента новостей Общество

У аўторак, 29 снежня, у рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” адбылася галоўная дабрачынная ёлка Бераставіцкага раёна.

На тэатралізаваную казку «Аднойчы ў Снежным каралеўстве» і традыцыйны карагод з Дзедам Марозам  вакол ёлкі былі запрошаны 145 дзяцей Бераставіччыны з ліку актывістаў школьнага і пазашкольнага жыцця, пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, дзяцей-інвалідаў, сірот, дзяцей са шматдзетных, прыёмных і апякунскіх сем’яў.

Ад імя Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта з надыходзячымі навагоднімі і каляднымі святамі дзяцей павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шчука. Андрэй Іосіфавіч пажадаў юным гасцям поспехаў і перамог у новым годзе, здзяйснення мараў і спадзяванняў.

Захапляльнае тэатралізаванае прадстаўленне “Аднойчы ў Снежным каралеўстве” вельмі спадабалася маленькім гледачам. Змест пастаноўкі ўзяты з вядомай казкі Андэрсана, толькі перайначаны на сучасны лад: галоўная гераіня выбірае нявесту для свайго сына. Але халоднае сэрца Снежнай каралевы не дазваляе ёй лічыцца з пачуццямі іншых. Тым не менш, як і бывае ў канцы добрай казкі, ледзяное сэрца Снежнай Каралевы растала ад шчырасці герояў, а таксама ад гарачых апладысментаў гледачоў.

Шмат прыгожай музыкі і песень, танцы і сцэны з масавым удзелам юных і дарослых акцёраў, каларытныя касцюмы персанажаў  і маляўнічыя дэкарацыі цудоўна дапоўнілі захапляльны сюжэт казкі. Прадстаўленне пакінула ў дзяцей прыемнае ўражанне і выклікала радасць у дзіцячых сэрцах.

Завяршылася мерапрыемства віншаваннем Дзеда Мароза і карагодам вакол прыгажуні-ёлкі. Кожнаму юнаму госцю дабрачыннага свята быў уручаны салодкі падарунак ад Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта. Выдатна, што ёсць такая добрая традыцыя дарыць дзецям напярэдадні навагодніх святаў радасць і веру ў цуды.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *