Першы працоўны год, самы складаны і самы адказны, пачаўся для маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі раёна. Педагагічная “сям’я” раёна папоўнілася ў гэтым навучальным годзе на 25 маладых спецыялістаў.
Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Фрыдэль, на свае першыя працоўныя месцы прыехалі 20 выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў і 5 маладых спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, дваццаць з іх накіраваны на працу ў сельскую мясцовасць.
Найбольшая колькасць маладых спецыялістаў закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы (17 чалавек), яшчэ чатыры – гуманітарны каледж вышэйназванага ўніверсітэта, ёсць выпускнікі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і інш.
Сярод маладых спецыялістаў больш за ўсё прадстаўлены настаўнікі замежнай мовы – 5, спецыялісты дашкольнай адукацыі і практычнай псіхалогіі — па 3 чалавекі.
Калі гаварыць пра забяспечанасць маладымі кадрамі ўстаноў адукацыі, то самымі “багатымі” ў гэтым плане аказаліся Макараўскі яслі-сад – СШ і Вялікаэйсмантаўская СШ – тут пачалі працаваць па 4 маладыя спецыялісты, тры выпускнікі прыступілі да працы непасрэдна ў самім аддзеле адукацыі, па два маладых педагога папоўнілі калектывы Малабераставіцкай СШ, Пархімаўскай БШ, Канюхоўскага ясляў-сада – СШ і Вялікабераставіцкай СШ.
Але тым не менш, адзначыла Алена Уладзіміраўна, кадравае пытанне ў сістэме адукацыі раёна не зусім вырашана, ва ўстановы адукацыі раёна патрабуюцца яшчэ настаўнікі матэматыкі (2), фізікі і інфарматыкі (2), дэфектолагі (2). Недахоп гэтых спецыялістаў значна павышае нагрузку на настаўнікаў, працуючых па гэтаму профілю.
Большая палова маладых спецыялістаў (13 чалавек) – ураджэнцы нашага раёна, яны вярнуліся ў родныя мясціны, астатнім давядзецца не толькі асвойваць першыя працоўныя месцы, але і знаёміцца з Бераставіччынай і яе жыхарамі.
Што датычыцца адной з найбольш хвалюючых праблем – забеспячэння жыллём, то Алена Фрыдэль патлумачыла, што 10 маладых спецыялістаў пражываюць з бацькамі, адзін мае сваё ўласнае жыллё, чатыром выдзелены інтэрнат, а дзесяць пакуль што здымаюць кватэры.
5 юнакоў і 20 дзяўчат робяць свае першыя крокі ў прафесію, калектывы, у якіх яны пачалі працаваць, гатовы аказаць ім неабходную падтрымку і дапамогу, бо добрым майстрам сваёй справы можна стаць толькі ў добрым калектыве – гэта падкрэсліў у прывітальным слове да маладых спецыялістаў на жнівеньскай педагагічнай нарадзе і настаўнік Алекшыцкай СШ Аляксандр Камяк. Але ў першую чаргу менавіта ад саміх маладых спецыялістаў залежыць, як хутка яны здолеюць напрацаваць свой прафесійны аўтарытэт, прызнанне і павагу калег і вучняў.
Ірына МІКЛАШ
Дзякуй за заўвагу, паправіла. Ні ў якім разе не пакрыўдзілася і ад беларускай мовы адмаўляцца не збіраюся. Рада, что ў мяне з’явіўся такі ўважлівы чытач.
Спадарыня Ірына,дзень добры! З цікавасьцю чытаю Вашыя артыкулы
на маёй роднай беларускай мове( жыву ў Заходняй Украіне ) пра
асьвету,бо сам працаваў выкладчыкам расейскай і польскай моў да
выхаду на пенсію…Хачу Вам параіць быць вельмі асьцярожнай у
выбары формаў слоў.У гэтым артыкуле Вы пішаце Баранавічскага
ўніверсітэта,але натуральна,па-беларуску,патрэбна было б напісаць БАРАНАВІЦКАГА ЎНІВЕРСІТЭТУ…Баранавічы,але Баранавіцкага,Смілавічы,але Смілавіцкага,Пухавічы,але » Пухавіц-
кія навіны»(так называецца раённая газета Пухавіцкага раёну Мен-
шчыны)…Баранавіцкі раён! Спадзяюся,што мая заўвага па правіль-
наму ўжываньню слоў і іх формаў,не адаб»е ў Вас ахвоту пісаць і
надалей свае артыкулы па-беларуску!Дзякуй Вам за працу!!!