Галоўны інжынер СВК “Макараўцы” Вячаслаў Мілянкевіч да тэхнікі адносіцца з любоўю

Лента новостей

Ёсць прафесіі, якія можна назваць сапраўднымі мужчынскімі. У галоўнага інжынера СВК “Макараўцы” Вячаслава Мілянкевіча менавіта такая. А пачалося яго захапленне тэхнікай са школьных гадоў, калі прыходзілася з вёскі Вішнеўка хадзіць у школу ў суседні Гродзенскі раён аж за 5 кіламетраў. Стаў цікавіцца Вячаслаў тады матацыкламі, вельмі зручным відам транспарту, а іх даводзілася часта рамантаваць. Нярэдка дапамагаў хлопцу бацька – электразваршчык тагачаснага калгаса “Дружба”. У сям’і было трое дзяцей. Сястра, вядома, мела свае дзявоцкія інтарэсы, старалася навучыцца быць добрай гаспадыняй. А з братам у Вячаслава было агульнае захапленне. Ды і якія хлопцы бываюць раўнадушнымі да тэхнікі?
Пасля службы ў арміі Вячаслаў паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Затым стаў працаваць ў родным калгасе інжынерам па забеспячэнні, у час уборкі даводзілася быць і аператарам зернесушыльнага комплексу. З кожным годам узрастаў яго вопыт. А зараз ён сам адказвае за тое, каб у гаспадарцы была спраўная тэхніка, каб яна не падводзіла ў гарачую пару.
— Ці не шкадуеце, што выбралі такую прафесію? – спыталася ў Вячаслава я.
— Позна шкадаваць, — пажартаваў ён.
У СВК “Макараўцы” любяць і добра даглядаюць тэхніку. У гэтым немалая заслуга і галоўнага інжынера як і ў тым, што ў майстэрнях і вакол іх чысціня і парадак.
У Вячаслава падрастаюць двое дзяцей. Свой вольны час, якога пастаянна было так мала і не хапае і зараз, ён любіць праводзіць заўсёды ў сям’і. Бацька – добры прыклад для дзяцей, іх паспяховай самарэалізацыі ў жыцці. І ў калектыве ён заслужыў самую шчырую павагу.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *