Раённы конкурс прафесійнага майстэрства ветэрынарных работнікаў прайшоў на Бераставіччыне

Лента новостей

Раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод спецыялістаў гаспадарак па ўзнаўленні статка і штучным асемяненні сельскагаспадарчай жывёлы – кожны год падзея ў раёне. Яго чакаюць. Да яго рыхтуюцца загадзя. Перад аграрыямі рэспублікі пастаўлена важная задача – нарошчваць выпуск якаснай прадукцыі жывёлагадоўлі, і наша Бераставіччына пастаянна ўносіць свой уклад у забеспячэнне харчовай праграмы краіны і ўмацаванне экспарту. А праверыць свае веды, падзяліцца перадавым вопытам, паспаборнічаць і проста пагутарыць з калегамі можна было на традыцыйным мерапрыемстве. Дарэчы, гэта ўжо 31-ы конкурс. На гэты раз ён адбыўся ў СВК імя Варанецкага. Тут развіццю жывёлагадоўлі пастаянна надаецца вялікая ўвага. За мінулы год надой на карову дасягнуў 7768 кілаграмаў малака. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прафесар кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчай жывёлы Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Юрый Гарбуноў, галоўны заатэхнік камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Радзевіч, генеральны дырэктар РУСП “Гроднаплемпрадпрыемства” Пётр Кашталян, галоўны заатэхнік гэтага ж прадпрыемства Віталій Добрук і галоўны ветурач – гінеколог Анатолій Тодрык, а таксама намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Павел Буткевіч, галоўны вет-урач раёна Віталій Прыходзька, дырэктар Цэнтра селекцыі і генетыкі па Бераставіцкім раёне Збігнеў Маціеўскі і іншыя.
На пачатку конкурсу з віншаваннямі і пажаданнямі ўдачы выступіў Пётр Кашталян, які расказаў таксама пра паездку ў Леніградскую вобласць, дзе развітая малочная жывёлагадоўля. Сваё пытанне задала яму і я: “У чым сакрэт поспеху там жывёлаводаў?”
— Кармленне жывёлы там адрозніваецца ад нашага, — адказаў Пётр Збігневіч. – У іх акцэнт робіцца на зернесянаж і шматгадовыя травы, што і дае свой эфект. Пры лепшых умовах утрымання і вынікі адпаведныя, якія там набліжаюцца да еўрапейскіх.
Цікавым на конкурсе прафесійнага майстэрства быў тэарэтычны экзамен. Ён адрозніваўся ад тых, што праводзіліся раней. Цяпер спецыялісты праходзілі тэсты, а не адказвалі вусна. На маю думку, у гэтым ёсць свае “плюсы” і “мінусы”. Пытанняў прапаноўвалася 25, і можна было набраць 25 балаў. Многія і набралі, і гэта вельмі добры паказчык кваліфікаванасці людзей. Найменшы вынік быў 17. Не абышлося і без кур’ёзу. Адзін экзаменуемы выпадкова атрымаў тэсты не па сваёй спецыяльнасці, але адказваў на іх вельмі бадзёра, пакуль камісія не заўважыла гэта і дала яму тое, што трэба было. Ён паспяхова адказаў і на тыя заданні. А мне ўспомніўся вельмі змястоўны і цікавы адказ самога цяперашняга экзаменатара Віталія Добрука, калі той яшчэ быў маладым спецыялістам ў СВК “Малабераставіцкі элітгас”. Шчыра кажучы, я заслухалася, так цікава ён тады расказваў… За паперай з тэстамі асобу чалавека не ўбачыш. Так, як і вачэй, дзе гарыць агеньчык зацікаўленасці сваёй справай – вернай прыкметай прафесіяналізму. Хаця тэсты таксама аб’ектыўна ацэньваюць веды. Праўда, некаторыя потым жартавалі, што здагадацца, дзе правільны адказ, таксама можна.
І вось конкурс набліжаецца да завяршэння. Пакуль падводзіліся яго вынікі, мы ўсе мелі магчымасць паслухаць лекцыю прафесара Юрыя Гарбунова. Нават мне, дылетанту, было вельмі цікава. Яна прайшла “на адным дыханні”, так умее Юрый Анатольевіч трымаць увагу залы. Лейтматывам лекцыі быў шчыры заклік “павярнуцца тварам да жывёлы”, да кароў – карміцелькаў. Вытворчасць малака – не толькі акупная, але і вельмі прыбытковая справа. Павялічыць колькасць лактацый, зрабіць усё магчымае, каб жывёла была здаровай, добра дагледжанай – справа гонару сучасных жывёлаводаў.
А пераможцамі конкурсу сталі сярод тэхнікаў па штучным асемяненні Уладзімір Кліменка з СВП “АграМір” (1 месца), Сяргей Шкулепа з аграфірмы “Стары Дворац” (2 месца), Іван Ямшарук з СВК “Цецяроўка” (3 месца).
Сярод ветурачоў — гінеколагаў перамаглі Леанід Якусік з СВК імя Варанецкага (1 месца), Сяргей Гутоўскі з СВП “АграМір” (2 месца) і Канстанцін Рагалевіч з СВК “Малабераставіцкі элітгас” (3 месца).
Сярод заатэхнікаў-селекцыянераў лепшымі сталі Ірына Кашэвіч з СВК імя Варанецкага (1 месца), Інэса Дзенісевіч з СВК “Макараўцы” (2 месца) і Марыя Касіянік з СВК “Цецяроўка” (3 месца).
Лепшым звяном па ўзнаўленні статка прызнана звяно РУСП “Масаляны” у складзе Алены Анохінай, Дзмітрыя Іваноўскага, Сяргея Навасада, Анатолія Курстака (1 месца). На другім месцы – звяно СВК “Алекшыцы” у складзе Людмілы Заміроўскай, Дзмітрыя Карпука, Яна Эйсманта.
Пераможцы былі ўзнагароджаны граматамі і прэміямі. Шчыра віншуем!
На здымках: Юрый Гарбуноў (у цэнтры) з пераможцамі і ўдзельнікамі мерапрыемства.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *