Творчыя паездкі, выставы-продажы Бераставіцкага Дома рамёстваў

Лента новостей

Яшчэ ў пачатку года “раёнка” паведамляла пра “пераезд” Бераставіцкага Дома рамёстваў у новы будынак. З гэтага часу тут пачалася актыўная работа і па добраўпарадкаванні памяшкання і прылягаючай тэрыторыі, і па навучанні гурткоўцаў, і, безумоўна, па стварэнні дэкаратыўных вырабаў для шматлікіх выстаў, удзел у якіх прымалі майстры гэтай установы культуры на працягу года.

– З лютага, дарэчы, у нас з’явіліся два новыя кіраўнікі гурткоў – Наталля Галавач і Алена Мацейка, – расказвае дырэктар Бераставіцкага Дома рамёстваў Тамара Касьян. – Гэта вельмі творчыя, энергічныя жанчыны, якія адразу ж уключыліся ў работу. Наталля Рышардаўна выкладае дэкаратыўны роспіс, Алена Уладзіміраўна вядзе гурток па кераміцы. Да таго ж, яны вырабляюць дэкаратыўныя рэчы для выстаў-продажаў, на якія рэгулярна запрашаюць Бераставіцкі Дом рамёстваў.
Звычайна “сезон” для майстроў пачынаецца з кірмаша “Казюкі” ў г.Гродна, які праводзіцца ў сакавіку. Пабывалі работнікі Дома рамёстваў і на свяце 9 Мая ў Ваўкавыску ў якасці ўдзельнікаў выставы народных майстроў. Традыцыйна прынялі ўдзел у Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, дзе дэманстравалі свае вырабы ў парку Жылібера. Дарэчы, дыпломам за ўдзел у гэтым значным фэсце адзначана як і сама ўстанова “Бераставіцкі Дом рамёстваў”, так і, асобна, яго дырэктар, народны майстар Тамара Касьян.
Вырабы Бераставіцкага Дома рамёстваў – саламяныя, гліняныя, драўляныя – карыстаюцца попытам у насельніцтва. Гэта ў чарговы раз пацвердзілі выставы-кірмашы на “Эйсмантаўскім фэсце” і на свяце фальклору ў Старым Дворцы. А яшчэ па рашэнні калегіі ўпраўлення культуры аблвыканкама Дамы рамёстваў Гродзеншчыны, у тым ліку і Бераставіцкі, на працягу ліпеня і жніўня ўдзельнічалі ў выставах-продажах вырабаў народных майстроў у Гродне каля маладзёжнага цэнтра (былы кінатэатр “Гродна”), якія ладзіліся па выхадных днях. Суправаджаліся такія кірмашы выступленнямі самабытных фальклорных калектываў вобласці. Усё гэта задумана з мэтай папулярызацыі народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці і знаёмства турыстаў з самабытнай беларускай культурай. Такія выставы будуць прадоўжаны і ў верасні. Актыўна ўдзельнічаючы ў падобных мерапрыемствах, Бераставіцкі Дом рамёстваў выконвае даведзены план па платных паслугах. А па выніках мінулага года ўстанова адзначана дыпломам пераможцы абласнога агляду-конкурсу ў намінацыі “За лепшую сувенірную прадукцыю”.
Святлана Ганчарова



Теги:

1 комментарий по теме “Творчыя паездкі, выставы-продажы Бераставіцкага Дома рамёстваў

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *