У СВК “Макараўцы” прайшоў раённы семінар па ветэрынарыі

Лента новостей

Раённы семінар па ветэрынарыі адбыўся нядаўна на базе СВК “Макараўцы”. Прысвечаны ён быў актуальным і надзённым праблемам – рабоце ветслужб гаспадарак у летні перыяд, мерам па зніжэнні непрадуктыўнага выбыцця і мерапрыемствам па скарачэнні бясплоднасці і ялавасці жывёлы. Удзельнікі семінара маглі даведацца пра новае і перадавое, а затым прымяняць гэта на практыцы.
Спачатку адбылася традыцыйная практычная частка. На малочнатаварным комплексе “Лішкі” можна было паглядзець, як агароджана тэрыторыя, каб не магла патрапіць дзікая жывёла – разносчык шаленства, як захоўваецца санітарны рэжым. Убачылі ўдзельнікі семінара і новае – на ферме адкрыўся ветпункт. Для гэтага пераабсталявалі памяшканне былога склада, дзе навялі парадак. Пра вядзенне дакументацыі, графікі даследаванняў дойнага статку на субклінічныя мастыты расказаў галоўны ветурач гаспадаркі Іван Сарока. Захворванні вымя кароў – праблема, якая востра стаіць ва ўсім свеце, зніжае прадуктыўнасць і прыносіць вялікія выдаткі гаспадарам. Вучоныя сыходзяцца на думцы, што галоўнае тут – прафілактыка, добрая санітарная сітуацыя на фермах. Выяўляць захворванне трэба як мага раней, тады яно лепш лечыцца. Для гэтага распрацаваны графік даследаванняў – праводзіць праверку трэба не радзей, чым раз у месяц. Аднак робяцца яны і два, і тры разы. Гэта, вядома, дае добрую аддачу.
На комплексе ёсць выгулы. Мацыён мае вялікае значэнне як для чалавека, так і для жывёлы. Вучоныя сцвярджаюць, што ад за-стою і мышцы, і органы пачынаюць атрафіравацца. Сапраўды, жыццё чалавека і жывёлы зараз вельмі адрозніваецца ад тых часоў, калі жывых істот “задумала” прырода. Яны тады былі ў пастаянным руху. А зараз і людзі, і жывёла пакутуюць ад гіпадынаміі. Гэта дрэнна адбіваецца на нярвовай сістэме, нагрузкі на якую адпаведна ўзраслі. Да таго ж, напрыклад, і капытам буйной рагатай жывёлы зараз прыходзіцца надаваць шмат увагі, перыядычна абрэзваць іх на спецыяльным станку, таму што ўтрыманне ў памяшканнях – гэта зусім не тое, што дынамічнае жыццё на волі. Дапамагае мацыён таксама папярэджваць гінекалагічныя захворванні.
На малочнатаварным комплексе “Глебавічы” быў паказаны прафілакторый для цялят. Сістэма “пуста – занята” вельмі аптымальная. Пасля таго, як з секцыі цяляты пераводзяцца ў іншае месца, яна чысціцца, мыецца, у ёй праводзіцца дэзынфекцыя. Пустуе яна не менш за 10 дзён. Гэта дае трывалы эфект. Захворванні надзейна папярэджваюцца. Вядуцца пашпарты гатоўнасці секцый, карткі прафілактычных мерапрыемстваў. А якасць дэзынфекцый правярае ветлабараторыя райветстанцыі. Для праверкі мікробнага фону выкарыстоўваюцца спецыяльныя дыскі, робяцца пасевы. Пытанняў не было, людзі працуюць сумленна.
Гутарка вялася таксама і пра асаблівасці кармлення цялят. Яны атрымліваюць малодзіва пасля нараджэння. Гэта неабходна для фарміравання імуннай сістэмы. Каб праверыць, ці дастаткова цяляты атрымалі малодзіва, бярэцца аналіз крыві на імунаглабуліны. Яны ў норме.
Удзельнікі раённага мерапрыемства паглядзелі і цэх сухастойных кароў, як арганізавана правядзенне ацёлаў. Наведалі таксама і ветпункт. Лекаў дастаткова, нягледзячы на тое, што яны імкліва даражэюць.
Затым на ферме “Спецгас” быў паказаны цялятнік групы дарошчвання. Санітарны стан добры, адкорм наладжаны. Цялушкі ва ўзросце ад 3 да 6 месяцаў выглядаюць вельмі добра, тэхналагічныя параметры захоўваюцца. Яны выходзяць на свежае паветра, карыстаюцца мацыёнам, таму і апетыт маюць выдатны.
Пасля практычнай часткі адбыўся абмен думкамі. Меркаванні ва ўсіх былі станоўчыя. Затым ветурач-бактэрыёлаг Станіслаў Сідаровіч спыніўся на метадах адбору матэрыялу. Урач-эпізаатолаг Пётр Вета даў растлумачэнні па правілах складання актаў. У час падвядзення вынікаў гутарка датычылася таксама шаленства – па вобласці яго стала менш, і ў нас абстаноўка таксама стабілізавалася. Гэта ў першую чаргу звязана з тым, што ў маі былі раскіданы прынады з самалёта для аральнай імунізацыі дзікай жывёлы. Хворыя лісы, напрыклад, часта забрыдаюць да тэрыторый ферм, а іх укусы могуць закончыцца вялікімі стратамі для сельгаскааператываў.
Ветслужбам гаспадарак рэкамендавана звярнуць пільную ўвагу на захаванасць жывёлы.

Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *