Пасля Чарнобыльскай трагедыі больш за 137 тысяч чалавек з забруджаных радыяцыяй тэрыторый вымушаны былі пакінуць родныя мясціны і пачалі будаваць жыццё, як кажуць, з чыстага ліста. Свой другі дом чарнобыльскія перасяленцы знайшлі ў розных куточках Беларусі, у тым ліку і на Бераставіччыне.
Ужо прайшло амаль 30 гадоў, як у Вялікую Бераставіцу перабралася сям’я Веры Судзенка. Дом па вуліцы Матросава ў райцэнтры яе муж, Васілій Міхайлавіч, разам з іншымі перасяленцамі будаваў сам, сюды ж, далей ад радыяцыі, перавёз жонку з трыма дзяцьмі. Сям’я абжылася на Бераставіччыне, дзеці выраслі, стварылі тут свае сем’і, але памяць аб родных месцах у іх засталася.
-Мы з мужам абое родам з вёскі Клівы Хойніцкага раёна, — расказвае Вера Уладзіміраўна. — У 1984 годзе мы пераехалі ў Хойнікі, бо пабудавалі там свой уласны дом. Стараліся стварыць у ім самыя камфортныя умовы, правялі ваду, газ, ацяпленне, а пажыць толкам і не паспелі. У 1986 годзе, калі “грымнуў” Чарнобыль, мне было 29 гадоў, я ўжо мела траіх дзяцей і якраз знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку з малодшай дачкой Аленай. Да гэтага я працавала тэхнікам-інвентарызатарам у Хойніцкім бюро тэхнічнай інвентарызацыі, а муж — на заводзе гідраапаратуры ў Хойніках. На момант аварыі нашаму старэйшаму сыну Аляксею было 9 гадоў, сярэдняму Сашы – 3 гады, а малодшай дачцэ – паўтары гады.
Калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, аб ёй адразу маўчалі, але мы даведаліся практычна ў той самы дзень, бо на завод, дзе працаваў муж, вярнуўся груз, які не прапусцілі на тэрыторыю Украіны. Сваю прадукцыю завод адпраўляў па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза, вось і ў пятніцу, напярэдадні аварыі, пайшла загружаная машына, а ў суботу яе вярнулі назад.
Да Чарнобыля ад Хойнікаў наўпрост дзесьці 50 кіламетраў, а ад нашай вёскі кіламетраў 30, а можа нават і менш. Афіцыйна аб’явілі пра аварыю толькі пасля Першамайскай дэманстрацыі, на якую і я з дзецьмі хадзіла. Ды і ўсе хадзілі, радыяцыя ж нябачная, мы тады яшчэ і не да канца разумелі ўсю сутнасць таго, што адбылося, і памер яго наступстваў.
Вера Уладзіміраўна ўспамінае, што дзесьці праз месяц пасля аварыі дзяцей з маці сталі вывозіць з забруджанай тэрыторыі, ёй з дзецьмі таксама давялося выехаць.
-Спачатку нас вывезлі ў санаторый у Гомелі, а потым у санаторый “Буг” у Брэсцкай вобласці, — гаворыць Вера Судзенка. – Гэта быў адзін вялікі стрэс. Уявіце сабе: я адна, трое дзяцей і чатыры сумкі. Старэйшаму сыну павесіла рукзак на спіну, а ён яму аж па пяты абвісае. А як прыехалі ў Брэст, то такі туман быў, што і праз два крокі нічога не відаць. Сярэдні сын Саша аступіўся з высокай платформы і ўпаў на рэйкі, я яго не магу ўбачыць, а толькі чую плач, шукала навобмацак. А ў санаторыі дзеці пачалі хварэць на вятранку. Будынак у чатыры паверхі, па 3-4 дзіцяці ў кожным пакоі, уявіце, колькі іх там было! Спачатку хворых у бальніцу забіралі, а потым усіх на месцы пакінулі, каб сядзелі па сваіх пакоях. Мае дзеці таксама перахварэлі. Дзесьці два месяцы мы там у санаторыях прабылі, а перад школай вярнуліся дадому. Дзеці пайшлі хто ў школу, хто ў дзіцячы сад, а я выйшла на працу.
Працоўная дзейнасць Веры Судзенка як супрацоўніка БТІ была цесна звязана з зонай адсялення. Яна расказвае, што спачатку абавязкова адсялялі 10-кіламетровую зону, людзям плацілі грашовую кампенсацыю за пакінутую маёмасць, а памер гэтай кампенсацыі разлічвалі з дадзеных Дзяржстраху. Але ў людзей ж не ўся маёмасць была застрахаванай, і яны часта былі не згодныя з ацэнкай, таму супрацоўнікі БТІ з камісіяй ездзілі рабіць ацэнку.
-У зону ездзілі без ахоўных касцюмаў, у сваім звычайным адзенні, — уздыхае Вера Уладзіміраўна. — Памятаю, прыехалі ў адну вёску зімой, нідзе нікога няма, усё белае навокал, толькі заячыя сляды на вуліцы. І скрыпяць незачыненыя брамкі, дзверы, праз выбітыя вокны скразнякі гуляюць па хатах. Вельмі страшна стала ад такой карціны. У кагосьці быў дазіметр, мы на слупок яго палажылі, а ён адразу зашкаліў, перавялі на большую шкалу – тое ж самае. Так і не змаглі дакладна вымераць узровень радыяцыі.
У 1988-89 гадах пачалі аб’язджаць і 30-кіламетровую зону, бо і яе сталі адсяляць. Вось там нам ужо было многа працы, бо вельмі шмат населеных пунктаў трапіла ў яе, практычна паўраёна. У БТІ працавалі 10 тэхнікаў, і ўсе былі задзейнічаны, ездзілі, вымяралі, ацэньвалі, пашпарты будынкаў рабілі, выдавалі дакументы на адсяленне. Пратапталі 30-кіламетровую зону ўздоўж і ўпоперак, сабралі ўсю радыяцыю, — сумна усміхаецца Вера Уладзіміраўна.
Хойнікі не трапілі ў зону абавязковага адсялення, у жыхароў горада з дзецьмі да 14 гадоў было права на адсяленне, яны маглі выехаць, а за пакінутае жыллё дзяржава вяртала грошы. Сям’я Судзенка таксама вырашыла скарыстацца гэтым правам, бо перажывалі за здароўе дзяцей. Толькі вось новае месца для жылля трэба было шукаць самім.
Мы па некалькі сем’яў аб’ядноўваліся і ездзілі па Беларусі, шукалі, дзе б прыпыніцца. Былі і ў Мінску, і ў Віцебскай вобласці, — працягвае Вера Уладзіміраўна. – У Мар’інай Горцы нават ужо стварылася брыгада, каб будаваць дамы для перасяленцаў, і мой муж туды запісаўся, але за дзень да выезду трапіў у аварыю і не змог паехаць. Мая траюрадная сястра жыла ў Вялікай Бераставіцы, і аднойчы яна мне пазваніла і кажа: “Тут у нас будуецца дом для чарнобыльцаў, і ў адной брыгадзе два чалавекі звольніліся, то калі муж хоча, няхай хутка прыязджае”. Мы прыехалі, зайшлі ў аддзел кадраў у ПМК, даведаліся, што ў гэтай брыгадзе працуюць людзі з Нароўлі, з Магілёўскай вобласці, будуюць гэты дом, каб самім засяліцца, якраз пачынаў узводзіцца другі паверх. Муж застаўся тут, я вярнулася ў Хойнікі, яшчэ год там працавала. А ў жніўні 1991 года ў нашым доме размеркавалі кватэры, і мы з дзецьмі перасяліліся сюды.
Вера Уладзіміраўна пайшла на працу ў БТІ, яшчэ 15 гадоў адпрацавала тут, а пасля выхаду на пенсію яшчэ некаторы час была ліфцёрам у камунгасе.
-Мы не адчувалі тут сябе чужымі, бо ўвесь дом быў перасяленцаў, — адзначае мая субяседніца, — Збяромся на лавачцы каля дому, хто з Нароўлі, хто з Брагіна, хто з Магілёва, былі як адна сям’я, усе святы разам адзначалі, дні нараджэння, вяселлі. Весела было, асабліва ў першы час. Цяпер дзеці павырасталі, пажаніліся, павыходзілі замуж за мясцовых, паабрасталі новай раднёй. Але хоць трыццаць гадоў ужо прайшло, мне яшчэ і цяпер, бывае, сніцца наш дом у Хойніках, двор з зялёнай траўкай і жоўтымі дзьмухаўцамі, на траве я рассцілаю коўдру, і там гуляюць мае яшчэ малыя дзеці…
Ірына МІКЛАШ,
фота аўтара