Ёсць у пасёлку вуліца Міхайліна…
Чэрвень. Вялікая Бераставіца. Мы з унучкай ідзём па адной з вуліц гарадскога пасёлка. Дзяўчынка чытае на доме шыльду: “Вуліца Міхайліна”. І пытаецца:
– Хто такі Міхайлін?
— Ён быў ваенным, генерал-маёрам. Загінуў на нашай Бераставіччыне ў самыя першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, — тлумачу.
— Дзе загінуў? Тут, у Бераставіцы?
— Не, каля вёскі Макараўцы, — адказваю. – А ўвогуле, давай у хаце пачытаем пра гэта ў кнізе “Памяць”, — прапаную.
… І вось мы ўдзвюх адкрываем гэтае надзвычай цікавае і карыснае выданне. І чытаем.
… Генерал-маёр Іван Пракоп’евіч Міхайлін быў родам з Тульскай вобласці. Кадравы ваенны, удзельнічаў у грамадзянскай вайне. Закончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе, быў ка-місарам стралковай дывізіі, начальнікам інжынернага ўпраўлення Чырвонай Арміі, камандзірам стралковага корпуса, у 1936 годзе яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны І.П.Міхайлін быў намеснікам камандуючага Беларускай (Заходняй) Асобай ваеннай акругай. Якраз у чэрвені 1941-га генерал-маёр правяраў умацаванні на заходняй граніцы. На другі дзень вайны, 23 чэрвеня, ён загінуў і быў пахаваны ў безыменнай магіле непадалёк ад вёскі Макараўцы.
Якім быў у гэтай мясцовасці самы пачатак вайны? Расказаць пра гэта я папрасіла аднаго са старажылаў, 87-гадавога жыхара вёскі Кудрычы Віталя Канстанцінавіча Шаха.
— Гэта было вельмі страшна,–успамінае мой субяседнік. – Самалёты варожыя наляталі ў першыя дні вайны адны за другімі, як тыя груганы. Кідалі бомбы, стралялі з кулямётаў. Справа ў тым, што нашу вёску перасякала дарога Крынкі – Індура – Гродна. Па ёй і ехалі танкі, машыны Чырвонай Арміі, ішла пяхота. А немцы зверху бамбілі. Зямля, здавалася, станавілася на дыбы ад тых выбухаў. Відаць, фашыст хацеў не толькі разбамбіць тэхніку, але і “перарваць” дарогу, каб наша армія трапіла ў акружэнне.
Помню, бомба ўпала на хату дзядзькі Сцяпана Грысюка: загінуў ён і яго жонка. Усе з вёскі беглі ў поле, далей ад выбухаў. Там, каля Лішак, – узвышанасць, і людзі спадзяваліся, што немец зверху убачыць: гэта не ваенныя, а цывільныя і не будуць бамбіць. Маці з дзвюма маімі сёстрамі пабегла ў бок Лішак раней, а мы з таткам затрымаліся, хацелі схаваць ад бамбежкі што-кольвек з рэчаў. А калі ўжо беглі, то трапілі пад кулі, што сыпаліся з самалёта. І вяскоўцы, і чырвонаармейцы беглі па жыце, па поплаве і многія гінулі. Тры дні стаялі, схаваныя пад вербамі, два нашых танкі, потым, адрамантаваўшы іх, танкісты паехалі ў бок Гродна.
Мне было тады шэсць з паловаю гадоў, і ў памяць найбольш урэзалася, як кружылі і кружылі над вёскай самалёты з крыжамі. Я ўсё баяўся, што заб’юць татку ці мамку. Татку і забілі ў сака-віку 42-га. Сямёра вяскоўцаў расстралялі ў першыя тыдні вайны – немцы з’явіліся ў нас ці то 28, ці то 29 чэрвеня – а разам з бацькам загінула аж 18 чалавек. Гэта былі не толькі нашы, кудрыцкія: у нас млын стаяў, і ў нядзелю малоць збожжа прывезлі з суседніх вёсак. У каго пашпарта не было з сабой, значыць, камуніст. Вось так.
А генерал-маёр Міхайлін загінуў тады, у самую першую бамбёжку…
Так расказваў-успамінаў мне Віталь Канстанцінавіч Шах. Родным І.П.Міхайліна ўдалося адшукаць яго магілу толькі ў 1975 годзе. Астанкі са згоды сям’і вырашана было перазахаваць у Вялікай Бераставіцы. “Сотні жыхароў гарадскога пасёлка і раёна прыйшлі ў той дзень аддаць апошнюю даніну павагі і ўдзячнасці генерал-маёру Міхайліну. Жалобная працэсія прайшла амаль праз усю Бераставіцу– ад раённага Дома культуры і да помніка Смуткуючай маці. На яго пастаменце сярод іншых выбіта і прозвішча ганерала І.П.Міхайліна”, — так напісана ў кнізе “Памяць”.
Імем генерала названа адна з вуліц у Вялікай Бераставіцы. Якраз па ёй і ішлі мы з унучкай у адзін з чэрвеньскіх дзён, праз 71 год пасля пачатку вайны.
Марыя Драпеза