У дружнай сям’і Талочкаў з Вялікіх Эйсмантаў дзеці радуюць бацькоў самымі рознымі талентамі. Прадмет асаблівай гордасці — поспехі сына Януша (на здымку) у вывучэнні польскай мовы. Хлопчык з’яўляецца неаднаразовым удзельнікам рэспубліканскага конкурсу дэкламатараў польскай паэзіі “Крэсы”. У гэтым навучальным годзе за выдатнае выкананне вершаў “Пра вараб’я” і “Аб адным хлопчыку па імені Гжэсь” ён заняў 1-ае месца ў абласным этапе гэтага конкурсу, а на рэспубліканскім этапе быў адзначаны дыпломам. З конкурсу хлопчык вярнуўся з падарункамі: польскамоўнай Бібліяй, зборнікам вершаў польскіх паэтаў, школьнай сумкай і пеналам. Паспяхова выступіў Януш і ў раённым конкурсе дэкламатараў паэзіі, які штогод традыцыйна праводзіцца на Бераставіччыне пад эгідай ГА “Саюз палякаў на Беларусі” сумесна з упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
Польскую мову Януш вывучае з 1-ага класа — на школьным факультатыве, які, дарэчы, выкладае яго маці — настаўніца пачатковых класаў Алена Рышардаўна. Да таго ж, з самага ранняга дзяцінства хлопчык прывык да польскай гаворкі, якую чуў з вуснаў бабулі. Пэўна, гэта сям’я з’яўляецца добрым прыкладам пераемнасці традыцый.
***
На Бераставіччыне выкладанне польскай мовы сёння вядзецца ў трох вучэбных установах: Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе, Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе і дзіцячым садку.
Больш за 7 гадоў факультатыў па вывучэнні польскай мовы на базе Вялікаэйсмантаўскай школы вядзе настаўніца пачатковых класаў Алена Талочка. Факультатыў арганізаваны для трох узроставых груп, а самыя маленькія — вучні 1-2 класаў — займаюцца ў гуртку. Акрамя лексікі і граматыкі вучні вывучаюць творы польскіх паэтаў і празаікаў, што, па сведчанні Алены Рышардаўны, дазваляе глыбей пазнаць польскую культуру. Хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць факультатыў, пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсах дэкламатараў польскай паэзіі і алімпіядзе “Майстар арфаграфіі”.
Гурток па вывучэнні польскай мовы ў Вялікаэйсмантаўскім дзіцячым садзе таксама існуе ўжо даўно. Кіруе ім Эмілія Шыкута. Два разы на тыдзень дзеткі 4-6 гадоў у гульнявой форме засвойваюць польскую лексіку.
Крыху меншы “стаж” у гуртка, які дзейнічае пры Макараўскім яслях-садзе-сярэдняй школе — усяго два гады. А яшчэ праз год пасля яго стварэння тут пачаў дзейнічаць факультатыў, які вядзе выкладчыца Марыя Саросек.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ