Саюз палякаў на Беларусі – грамадская арганізацыя з цэнтрам у горадзе Гродна. Згода з дадзенымі Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Беларусі, Саюз палякаў мае 75 зарэгістраваных і пастаўленых на ўлік пярвічных арганізацый, а таксама 17 Дамоў польскіх. Саюз палякаў на Беларусі быў створаны ў 1990 годзе аб’яднаннем усіх польскіх культурна-асветніцкіх таварыстваў, якія дзейнічалі на Беларусі. Згодна са Статутам і Праграмай, Саюзам палякаў паслядоўна адстойваюцца інтарэсы другой па колькасці нацыянальнай меншасці ў краіне, у той ці іншай ступені вядзецца вывучэнне польскай культуры і мовы, падтрымліваюцца культурныя, рэлігійныя сувязі з Польшчай і г.д.
У раёне дзейнічае Эйсмантаўскі аддзел грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, які ўзначальвае былы дырэктар Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Уладзімір ЯНКОЙЦЬ (на здымку). Сёння ён расказвае пра дзейнасць аддзела, пра мэты арганізацыі і найбольш актыўных яе ўдзельнікаў:
– Дзейнасць нашага аддзела носіць сацыяльна-культурны напрамак. Палітычныя пытанні мы не закранаем, бо мэта арганізацыі – адраджэнне польскіх культурных традыцый, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, захаванне і вывучэнне польскай мовы як асноўнага носьбіта нашай культуры. Зарэгістраваны Эйсмантаўскі аддзел ГА “Саюз палякаў на Беларусі” быў у 2001 годзе. Сёння ў ім аб’яднаны 115 чалавек. У розныя гады аддзел узначальвалі Уладзіслава Ядкоўская і Ірэна Іядкоўская. Ірэна Тадэвушаўна, дарэчы, уваходзіць у склад савета аддзела і з’яўляецца намеснікам старшыні. Членамі савета таксама з’яўляюцца жанчыны з актыўнай жыццёвай пазіцыяй: дыспетчары СВК імя Варанецкага Сафія Красоўская і Ганна Стацкевіч, а таксама сацыяльны педагог школы Антаніна Талочка. Хацелася б назваць і тыя сем’і, у якіх вялікая ўвага надаецца захаванню польскіх традыцый і абрадаў , выхаванню ў падрастаючага пакалення любові да роднай культуры, мовы, да сваіх каранёў і ўкладу жыцця. Гэта сем’і Людмілы і Казмежа Эйсмантаў, Ніны і Міхаіла Стралкоўскіх, Ганны і Станіслава Кулікоўскіх, Ліліі і Леаніда Якусікаў, Малгажаты і Антона Ядкоўскіх, Зоі і Яна Кулікоўскіх. А вось на заўтрашнім польскім фэсце ў Эйсмантах будуць прадстаўлены вырабы майстрыхі з Жукевічаў Людвікі Кулікоўскай. І на такіх самабытных умеліц, як яна, багатыя нашы мясціны.
Пэўную ролю ў падтрыманні польскіх і каталіцкіх традыцый у нашым аграгарадку адыгрывае правядзенне калядных і пасхальных свят, якія наладжваюцца сумесна з мясцовымі ўстановамі культуры, адукацыі, сельвыканкамам, СВК імя Варанецкага. Члены аддзела, якія ў большасці сваёй з’яўляюцца работнікамі мясцовай гаспадаркі і ўстаноў сацыяльнай сферы, актыўна ўдзельнічаюць у праводзімых культурна-масавых мерапрыемствах, канцэртах, справаздачных сходах і г.д. Запомнілася, напрыклад, леташняя святочная вечарына да Дня пажылых людзей і Дня маці. Мінулым летам адбылася паломніцкая паездка ў в.Тракялі Воранаўскага раёна, у касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Тракельскай Божай Маці.
Самае ж галоўнае, што польскія народныя традыцыі і мова перадаюцца дзецям і моладзі ў сем’ях ад бацькоў, ад бабуляў і дзядуляў, і такім чынам захоўваецца пераемнасць пакаленняў.
Святлана ГАНАРОВА