Лес і вада – наша галоўнае багацце. У філіялах Бераставіцкай раённай бібліятэкі аздначылі міжнародныя экалагічныя даты

Культура Лента новостей Образование Природа и мы

22 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень вады, або Сусветны дзень водных рэсурсаў. Гэты дзень быў устаноўлены па рашэнні Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1992 годзе з мэтай звярнуць увагу на важнасць свабоднага доступу да прэснай вады, рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў. Міжнародны дзень лесу, або Сусветны дзень абароны лясоў, адзначаюць штогод 21 сакавіка, пачынаючы з 2012 года. Лес – гэта лёгкія нашай планеты. Захаванне лесу – адна з актуальных задач ва ўсім свеце, паколькі аб’ём вырубкі лесу ў некалькі разоў перавышае аб’ём яго натуральнага аднаўлення. Гэтыя тэмы былі абмеркаваны з юнымі чытачамі філіялаў  Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага.

Так, у філіяле “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” для ўдзельнікаў літаратурнага гуртка “Знайка” быў праведзены экалагічны рэпартаж “Цуды на лясной сцежцы”, прымеркаваны да Міжнароднага дня лесу. Праз конкурсы і гульні гурткоўцы праверылі свае веды аб раслінным і жывёльным свеце, успомнілі, чым лес дапамагае чалавеку. Дзеці адказвалі на пытанні віктарыны, разгадвалі загадкі, у бліц-апытанні называлі чырвонакніжных насельнікаў беларускіх лясоў, а таксама правілы паводзін у лесе. У завяршэнні сустрэчы юныя чытачы  прыйшлі да высновы, што лес трэба берагчы ўжо сёння дзеля будучых пакаленняў.

Да Сусветнага дня вады ў філіяле “Пагранічная сельская бібліятэка” прымеркавалі экалагічны ўрок “Вада – гэта жыццё”. Бібліятэкары падрыхтавалі паведамленне аб гісторыі ўзнікнення экалагічнай даты, значэнні вады ў жыцці чалавека, класіфікацыі вады па яе месцазнаходжанню ў прыродзе. Юныя ўдзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з цікавымі факты аб вадзе, з задавальненнем разгадвалі загадкі на тэму важнасці вады і аховы водных рэсурсаў, абмяркоўвалі праблемы запасаў прэснай вады на планеце, якія за апошнія 20 гадоў скараціліся больш чым на  20%.

Святлана Ганчарова, фота прадастаўлена Бераставіцкай райбліліятэкай



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *