З пачаткам школьных канікулаў у раёне пачалі працаваць дзіцячыя лагеры. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўсіх узростаў — ад пачаткоўцаў да вучняў старэйшых класаў — змогуць не толькі адпачыць і аздаравіцца, але і з карысцю бавіць час сярод сваіх аднагодкаў.
Так, напрацягу тыдня — з 3 па 10 чэрвеня — на базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Бераставіцкі” праходзіў вучэбна-палявы збор для юнакоў 10-ых класаў. У “Патрыёт” (а менавіта так называўся гэты лагер) з’ехаліся 30 падлеткаў з усяго раёна. Без перабольшвання кажучы, хлопчыкам тут у поўнай меры давялося пасмакаваць армейскай службы: кожны дзень зранку абавязковым пунктам праграмы была прабежка, у першай палове дня — вучэбна-трэніровачныя заняткі (заняткі па страявой падрыхтоўцы праводзіў Сяргей Баброўскі), пасля абеду — спартыўныя мерапрыемствы.
Сустракаліся юнакі і з прадстаўнікамі раённага ваеннага камісарыята Валерыянам Сяргеевым і Сяргеем Чарновым. Яны расказалі пра службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь і паказалі відэафільм-прэзентацыю аб Ваеннай акадэміі. Практычныя заняткі па аказанні першай медыцынскай дапамогі правяла ўрач-тэрапеўт Бераставіцкай ЦРБ Людміла Баярчук, а супрацоўнікі РАНС арганізавалі баявое разгортванне.
У апошні лагерны дзень хлопчыкі наведалі пагранічную заставу “Сямёнаўка”. Завяршылася ж змена паходам і, па традыцыі, развітальным кастром.
Аб тым, якія ўражанні засталіся ў юнакоў падчас ваенна-палявога збору, мы распыталі ў іх саміх…
Вадзім Мармыш, 16 гадоў, Макараўскі яслі-сад-сярэдняя школа:
— Час, праведзены ў лагеры, безумоўна, запом-ніцца мне надоўга, асабліва — першы дзень. Сумесныя трэніроўкі вельмі зблізілі нас, і мы з хлопцамі сталі ў нейкім сэнсе сям’ёй. Я ўпэўнены, што пасля адпачынку ў кожнага з нас з’явіліся новыя сябры. У вайсковай службе я не расчараваўся. Мне падабаецца такі лад жыцця, і ў будучым я збіраюся паступаць у Школу міліцыі.
Алег Рамашкевіч, 16 гадоў, гімназія аг.Пагранічны:
— Больш за ўсё ў лагеры мне спадабаліся добрая кампанія і сытныя абеды. А вось страявая падрыхтоўка і ранішні бег даваліся няпроста. Нягледзячы на тое, што праграма лагера была вельмі насычанай, у нас заставаўся вольны час, які мы з задавальненнем праводзілі, гуляючы ў футбол або валейбол. Таксама запомнілася, як мы здавалі нарматывы: падцягванне, бег на дыстанцыю 100 м, кіданне гранаты. Усе хлопцы справіліся на “выдатна”!
Раман Трацякоў, 15 гадоў, Вялікабераставіцкая сярэдняя школа:
— У лагеры мы праходзілі «азы» падрыхтоўкі да службы ў арміі: стараліся палепшыць сваю фізічную падрыхтоўку, практыкаваліся ў страявой падрыхтоўцы. Нашы настаўнікі і асабліва начальнік лагера — Інеса Валянцінаўна Сайко — запомніліся мне сваімі добрымі адносінамі.
Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ, фота аўтара
шняга.