Нарыхтоўка кармоў у аграфірме «Стары Дворац»

Лента новостей

Ва ўсіх гаспадарках нашага раёна людзі стараюцца нарыхтаваць якасныя кармы. Не з’яўляецца выключэннем і аграфірма “Стары Дворац”. Калі я прыехала сюды, работа тут кіпела. Дырэктар аграфірмы Віктар Байрак і галоўны аграном Дзмітрый Захарчук унікаюць у кожную дробязь, валодаюць самай дакладнай інфармацыяй. Яны зацікаўлены ў далейшым развіцці жывёлагадоўлі, умацаванні і прымнажэнні поспехаў, якія, вядома, тут ёсць. За 4 месяцы гэтага года на карову надоена 2602 кілаграмы, што больш, чым за такі ж час мінулага года на 288 кілаграмаў. Гэта адзін з лепшых нашых паказчыкаў. Для параўнання – па рэспубліцы ёсць яшчэ і такія раёны, дзе лічба складае амаль удвая менш…
Тэхніка ў аграфірме была своечасова падрыхтавана, травы падкормлены. Усё ідзе як па графіку. Прыемна было пабываць на полі. Дні стаяць сонечныя, таму работа ідзе інтэнсіўна. Травастой высокі, і калі вее лёгкі ветрык, яна нагадвае сапраўднае мора з хвалямі. Паветра тут з духмяным водарам, пах такі знаёмы кожнаму вясковаму чалавеку з дзяцінства. Ну, а тэхніку, вядома, не параўнаць са звычайнай сялянскай касой. Прагрэс імкліва пайшоў наперад. Механізатар Мікалай Лазарчык гаворыць, што дома бярэ ў рукі і простую касу, але на працы яго нямецкая касілка Е – 303 дарыць яму самыя лепшыя эмоцыі. Захоплівае яна 5 метраў. Мікалай з гонарам кажа, што ёй, як і машыне “Мерсэдэс”, не патрэбна рэклама. Норму механізатар перавыконвае. Задаволены і заробкам у сельскай гаспадарцы. А ўвогуле, стаж яго работы ўжо пераўзышоў 25 гадоў. Лёгкага хлеба ў аграрным сектары ніколі не бывае. Пра касавіцу ж ён гаворыць, што гэта адна з самых прыемных для яго работ, і прыдае яму нязменна добры і бадзёры настрой.
Такія ж адносіны да працы я ўбачыла ва ўсіх працаўнікоў аграфірмы “Стары Дворац”, з якімі ў той дзень давялося пагутарыць. А зрабіць трэба нямала. Па словах Дзмітрыя Захарчука, першым укосам плануюць убраць 609 гектараў. Усяго ж для патрэб жывёлагадоўлі ў гэтым годзе неабходна нарыхтаваць 6880 тон сенажу і 300 тон сена. Злакавых траў тут 18%, астатнія бабова-злакавыя. Яны больш каштоўныя. Дастаткова і тэхнікі – на першым укосе працуюць 3 касілкі, адна беларуская і 2 імпартныя. Ёсць двое “грабляў” . Французскія захопліваюць 6 метраў. А нядаўна купілі яшчэ і італьянскія з захопам 11,5. Гэта выдатная тэхніка.
На трамбоўцы працуюць два “Амкадоры”. Механізатар Іван Гулеўскі стараецца выконваць гэтую работу як мага лепш. Ён вопытны і адказны чалавек. Сянажная маса адпавядае патрабаванням. Дзмітрый Захарчук пры мне праверыў яе вільгаць і тэмпературу. Гэты спецыяліст, нягледзячы на сваю маладосць, ужо заслужыў шчырую павагу ў калектыве. Ён выбраў прафесію па прызванні і па – сапраўднаму нераўнадушны да сваёй справы. Зараз гаворыць: “Атрымаем першакласны сянаж!” У мяне няма і ценю сумнення – менавіта так і будзе!
На здымках: Мікалай Лазарчык, Дзмітрый Захарчук, Іван Гулеўскі.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *