Шэсцьдзясят сёмы мірны май прыйшоў на нашу зямлю. Як у далёкім 45-м, ён такі ж цёплы і квітнеючы, успамінае Фёдар Анікеевіч Шавялёў, адзін з нямногіх ужо ветэранаў (31 ветэран і 8 тылавікоў жывуць цяпер у нашым раёне), хто яшчэ хоць крыху мае сілы, каб падзяліцца ўспамінамі аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. У свае 88 гадоў ён яшчэ стараецца трымацца, хоць узрост і хваробы пастаянна напамінаюць аб сабе. Мы сустрэліся з ім напярэдадні Дня Перамогі, каб вярнуцца ўспамінамі ў далёкія ваенныя часы…
…Вайна застала 17-гадовага Фёдара ў горадзе Грозным, дзе ён жыў са сваёй сям’ёй. З першых дзён вайны пайшоў працаваць на завод токарам, а затым паступіў вучыцца ў пяхотнае вучылішча, праўда, заканчваў яго ўжо ў Баку, куды з Грознага вучылішча было эвакуіравана з надыходам немцаў, адтуль і пайшоў на фронт у 1943 годзе.
Малодшы лейтэнант Шавялёў камандаваў узводам у складзе 127 дывізіі I Украінскага фронту, удзельнічаў у вызваленчых баях за Польшчу і Украіну.
Пад горадам Праскураў (цяпер – Хмяльніцкі) быў моцна паранены. Ён і сёння дакладна памятае гэты дзень – 27 сакавіка 1944 года. Бой быў вельмі цяжкім, нямецкія самалёты бесперапынна бамбілі месца дыслакацыі савецкіх войск. Здавалася, што неба і зямля злучыліся ў адным выбуху. Фёдар Анікеевіч успамінае гэты момант, як адзін з самых страшных на вайне. Страх быў настолькі моцным, што малады лейтэнант пачаў нават хрысціцца і прасіць Бога аб выратаванні. Магчыма, гэта і дапамагло яму выжыць у тым баі, нягледзячы на цяжкае раненне ў руку і грудзі.
Пасля ранення доўгі час лячыўся ў шпіталях у Кіеве, Саратаве, потым дома ў Грозным.
За праяўленую мужнасць у барацьбе з ворагам Фёдар Шавялёў атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі, а вось рука так і засталася практычна нерухомай, і інваліднасць на ўсё жыццё.
Вайна на гэтым для Фёдара Анікеевіча закончылася, ён быў накіраваны старэйшым ваенруком у прафесійна-тэхнічнае вучылішча ў Грозным, там і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Таццянай, якая працавала ў вучылішчы камсоргам.
Дарэчы, Таццяна Цімафееўна Шавялёва – тылавік, у час вайны райкам камсамола накіраваў яе на Каўказ ў складзе дыверсійнай групы для арганізацыі работы ў тыле немцаў, мае медаль “За абарону Каўказа”. Таму сям’я Шавялёвых па-сапраўднаму франтавая, і кожны Дзень Перамогі для іх – вельмі важнае свята, якое яны набліжалі самі. І адзін з самых найлепшых успамінаў – успамін аб маі 1945 года, аб усеагульнай радасці, лікаванні ад Перамогі.
Пасля вайны і да 1990 года Шавялёвы жылі і працавалі ў Грозным, вырасцілі дачку, аж пакуль іх не напаткала другая вайна, чачэнская. Перажыўшы адну вайну, больш ужо не сталі выпрабоўваць лёс і вырашылі пераехаць у Беларусь, паколькі тут жылі сваякі Таццяны Цімафееўны.
Атрымалі беларускае грамадзянства і з 1991 года жывуць у Алекшыцах. Ветэраны адзначаюць, што прынялі іх на бераставіцкай зямлі вельмі добра, адчуваюць клопат мясцовай гаспадаркі, сельскага Савета і школы.
Шавялёвы знайшлі на Бераставіччыне свою новую радзіму, уладкавалі жыццё, радуюцца, гледзячы як падрастаюць унукі і праўнукі. Галоўнае, сцвярджаюць яны у адзін голас, каб больш не паўтарылася такая страшная трагедыя, якую перажылі яны, і каб у кожны май мы не забывалі ўспамінаць аб тых, хто цаной свайго жыцця здабыў нам мірнае жыццё.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара