Перадавікі сяўбы ў СВК “Макараўцы”

Лента новостей

У СВК “Макараўцы” ёсць нешта адметнае, свой “эксклюзіў”, якога няма ў іншых гаспадарках.
У час правядзення вясенне-палявых работ, уборачных кампаній тут выпускаюцца спецыяльныя інфармацыйныя лісткі, прысвечаныя ходу палявых работ, з фотаздымкамі перадавікоў.

Працуе над імі і выдае іх намеснік старшыні сельгаскааператыва па ідэалагічнай рабоце Алеся Капіца. Прымацоўваюцца гэтыя інфармацыйныя лісткі на аўтобусы, якія развозяць абеды, у канторы і дыспетчарскай сельгаскааператыва. Яны вельмі папулярныя ў працаўнікоў гаспадаркі і служаць важнай справе ўшанавання людзей працы, заахвочваюць іх паляпшаць свае паказчыкі.
На заворванні арганічных угнаенняў пад сяўбу кукурузы нядаўна ў гэтай гаспадарцы добра па-працаваў механізатар Сяргей Лукша. А на свой трактар “Маккормік” з пяцікорпусным плугам Сяргей не нарадуецца – зручны, камфортны, з добрай гукаізаляцыяй. Механізатар кажа: “Ад такога трактара шуму менш, чым ад машыны “Жыгулі”. А яшчэ дадае: “Калі яго ацэньваць па дзесяцібальнай сістэме, я паставіў бы яго вытворцам 10!” Норму ён выконвае і перавыконвае, ды яшчэ з выдатнай якасцю. Зразумела, залежыць гэта і ад глебы, але калі яна “цяжкая”, дык і пры аплаце гэта ўлічваецца.
А ў механізатара Генрыха Матукевіча свая радасць — машына для ўнясення вадкіх і цвёрдых мінеральных угнаенняў “Раса”. Яна айчыннай вытворчасці, новенькая, гэта яе першы сезон. З яе вялікімі коламі ёй не страшныя вільготныя месцы, і палявыя работы можна праводзіць у самыя раннія тэрміны. Працуе ў гаспадарцы Генрых ужо больш за 15 гадоў. Па працы яму і пашана – такую машыну абы-каму не давераць.
Кукурузу сеюць механізатары Аляксандр Бароўскі і Уладзімір Болбат. Усяго под гэту культуру адведзена больш за тысячу гектараў. У абодвух немалы ўжо стаж работы, і кожны год яны паказваюць сябе з самага лепшага боку.
Кожны чалавек на сваім месцы ўмацоўвае калектыўную гаспадарку, яе эканоміку, дабрабыт людзей і іх сем’яў.
На здымках: Сяргей Лукша; Аляксандр Бароўскі і Уладзімір Болбат; Генрых Матукевіч.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *