“Галоўнае –сэрцам не старэць». Бераставічанка Ніна Лазарчык — аб жыцці, сям’і і прафесіі

Лента новостей Образование Общество

Ёсць людзі, якія проста выпраменьваюць пазітыўную энергетыку і жыццёвую актыўнасць, яны гатовы да новых адкрыццяў і не баяцца змен. І іх жыццё часцей за ўсё такое ж імклівае і насычанае, у ім няма месца суму і дэпрэсіі. У такіх людзей заўсёды ёсць любімы занятак, якому яны прысвячаюць шмат часу, ёсць захапленні і мары, да якіх яны імкнуцца. І нават з гадамі, нягледзячы на ўзрост, яны па-ранейшаму застаюцца маладымі душой, рамантычнымі і гатовымі пакараць новыя вяршыні.
І калі сустракаеш такога чалавека, то яго ўнутранае гарэнне міжволі перадаецца і табе, запальваючы агеньчык надзеі і пазітыву.

Ніна Пятроўна Лазарчык з Вялікай Бераставіцы зусім нядаўна адзначыла 80-гадовы юбілей, але, у размове з ёю, мяне не пакідала адчуванне, што яна вось зараз прытупне і закружыцца ў імклівым танцы, як гэта было практычна на працягу ўсяго яе жыцця, бо музыка і танцы – гэта тое, чым яна заўсёды жыла. І вядома ж, побач быў яе нязменны акампаніятар і муж Сяргей Іванавіч.

-Але ўжо некалькі гадоў, як не магу танцаваць, — уздыхае Ніна Пятроўна. – Пасля хваробы ногі не тыя, цяпер не да танцаў. Хаця добра памятаю гэтае адчуванне, калі аддаешся музыцы і перадаеш свае эмоцыі гледачам праз танец.
Мы размаўляем з Нінай Пятроўнай у яе дома, гартаючы яе сямейны альбом. Ён захоўвае шмат яркіх падзей, якія здарыліся ў яе жыцці, дапамагае прасачыць, як падрасталі яе з Сяргеем Іванавічам сыны, як стваралі свае сем’і, як радавалі бацькоў унукамі і ўжо нават праўнукам. Шмат фотаздымкаў адлюстроўваюць этапы прафесійнай дзейнасці, знаёмяць з калегамі і вучнямі, побач ляжаць шматлікія граматы і дыпломы.

-Нас з Сяргеем Іванавічам шмат узнагароджвалі: і мяне, і яго, — гаворыць Ніна Пятроўна, — але наша жыццё не было такім простым, хапала і цяжкасцей, і праблем, і несправядлівасці. Ды толькі ўсё дапамагаў перажываць аптымізм мужа, які не траціў прысутнасці духа нават у самых складаных сітуацыях.
Нарадзілася Ніна Пятроўна (у дзявоцтве Жлабовіч) 20 ліпеня 1940 года ў вёсцы Эймінаўцы, а дакладней, на хутары паблізу.

-Як прыйшлі немцы, маё жыццё было на валаску ад смерці, — расказвае жанчына. – Вядома, гэтага я сама не помню, але маці гаварыла, што я ў дзяцінстве была пуцатая і кучаравая. Дык вось, мама пасадзіла мяне на посцілцы ў двары, а сама даіла карову. І ў гэты час якраз у вёску наляцелі немцы на матацыклах, і, убачыўшы мяне, сталі крычаць “Юда!”, думаючы, што тут хаваюць яўрэйскае дзіця. Маці адразу кінулася да мяне, прыклала на грудзей, пачала карміць, гэта мяне і выратавала. Бо перакладчык растлумачыў немцам, што раз жанчына корміць дзіця грудным малаком, то яно яе, а не яўрэйскае.
У сям’і бацькоў Ніны Пятроўны было чацвёра дзяцей – трое дачок і сын. Бацька памёр рана, у 45-гадовым узросце, Ніне тады было толькі дзесяць гадоў. Маці прыйшлося адной падымаць дзяцей. Яшчэ добра, што яна жыла са сваёй маці і малодшым братам, гэта была добрая падмога для жанчыны.
Ніна закончыла чатыры класы Эймінаўскай школы, а потым пайшла вучыцца ў Вялікабераставіцкую. Пасля сёмага класа яна з сяброўкамі паехала паступаць у Лідскае педвучылішча, але там быў вялікі конкурс, таму яны адвезлі дакументы ў Гродна, у культасветвучылішча. Там Ніна правучылася паўтары гады, а потым яе старэйшая сястра выйшла замуж, і маці забрала яе дамоў, бо яшчэ двое дзяцей меншых, трэба дапамога. Вярнуўшыся ў Эймінаўцы, Ніна ўладкавалася на працу ў калгас прыёмшчыцай малака, падлікоўцам і загадчыцай чырвонага вугалка. А потым на калгасным сходзе яе выбралі прадаўцом і загадчыцай магазіна ў Эймінаўцах, хоць дзяўчыне на той час было толькі 17 з паловай гадоў.

-Калі я прыйшла дадому і расказала аб гэтым маці, яна вельмі расхвалявалася, баялася, што я пратаргуюся, — успамінае Ніна Пятроўна. – Але быў і плюс ў гэтым, бо мне хутка выдалі пашпарт, а ў той час вяскоўцам пашпарты стараліся не выдаваць, каб не з’ехалі ў горад. У магазіне я працавала нядоўга, восенню перайшла ў бібліятэку ў Эймінаўцах.
Ніна Пятроўна расказвае, што цяга да танцаў і пачуццё рытму былі ў яе з самога дзяцінства.

-Памятаю, яшчэ на ранішніку ў першым класе мы ледзь не пабіліся з іншай дзяўчынкай, бо яна няправільна вяла танец, а я падштурхвала яе ў іншы бок, – усміхаецца жанчына. – А потым у Эймінаўцы вярнуўся з турмы Мікалай Мелянец, наш нават крыху сваяк. Ён сядзеў за нейкія дробныя махінацыі, і там удзельнічаў у танцавальным калектыве. Дык вось, вярнуўшыся, ён вырашыў навучыць танцам мясцовых дзяўчат. Жадаючых адразу было многа, але добра танцаваць атрымлівалася толькі ў мяне. Мы ў пары з ім паставілі малдаванскі танец, і ён карыстаўся вялікім поспехам, нас часта запрашалі на канцэрты. Мне пашылі касцюм малдаванскі, боцікі, мы нават выступалі ў 1956 годзе ў Гродна на абласным маладзёжным фестывалі. Танцавалі мы часта і ў Доме культуры, ездзілі па шматлікіх канцэртах, памятаю, у райкаме камсамола быў матацыкл «Мінскі», дык на ім за мной у Эймінаўцы прыязджалі. А потым Мікалай ажаніўся, стаў будаваць дом, ужо не да танцаў яму было.
У 1959 годзе Ніну накіравалі ў Мінск, на 10-месячныя курсы па падрыхтоўцы кіраўнікоў танцавальных калектываў пры Мінскім харэаграфічным вучылішчы.


-З намі займаліся вядучыя выкладчыкі вучылішча, мастацкія кіраўнікі тэатру оперы і балета, — адзначае Ніна Пятроўна. — Вельмі многаму навучылі — і народным танцам, і класічным. Калі вярнулася з курсаў, стала працаваць метадыстам у РДК. Наш загадчык даручыў мне правесці семінар-практыкум з культработнікамі, паказаць, чаму я навучылася, і іх навучыць новым танцам. Тады я і пазнаёмілася са сваім мужам, Сяргеем Лазарчыкам. Вядома, пасля вучобы я ўмела добра трымаць фігуру, танцавала з выдатнай пастаноўкай кожнага руху, відаць, гэтым і запала яму ў вочы. Сяргей тады хіба ў Паплаўцах кінамеханікам працаваў, ён падышоў да майго загадчыка і пытае: “Што гэта за дзяўчына?” А ён яму кажа: “Ты не глядзі на гэту дзеўку, бо яна хлопца мае”. Але Сяргей Іванавіч так проста не здаўся, хутка ён перайшоў таксама на працу ў РДК акампаніятарам, ім даводзілася разам працаваць: ён іграў, а Ніна Пятроўна вучыла моладзь танцаваць — кракавяк, падыспан, польку.

-Як у той песні пяецца, музыка нас звязала, — жартуе Ніна Пятроўна, — Сяргей хутка прапанаваў мне пажаніцца, і ў студзені 1961 года мы сталі сям’ёй. Я ў той час цесна супрацоўнічала са школай, бо старэйшыя школьнікі прыходзілі на танцавальныя заняткі. Вось мяне і заўважыла Рэвека Абрамаўна Мандросава, яна была завучам у Вялікабераставіцкай школе, і запрасіла мяне на працу старшай піянерважатай, бачыла, што я маладая, актыўная. У школе тады была вялікая піянерская дружына, мы праводзілі ўрачыстыя і тэматычныя лінейкі, ранішнікі, працоўныя акцыі, піянерскія зборы, злёты і кастры, з канцэртамі выязджалі шмат, цімураўскай работай займаліся.


У лістападзе 1961 года Ніна Лазарчык нарадзіла старэйшага сына Ігара, але ў дэкрэтным адпачынку была толькі два месяцы – да новага года, а потым прывезла з Эймінаўцаў сваю бабулю да дзіцяці і сама выйшла на працу. А па вечарах яны з Сяргеем Іванавічам хадзілі ў вячэрнюю школу, каб атрымаць сярэднюю адукацыю. Потым яна яшчэ закончыла завочна Чарняхоўскае педвучылішча ў Калінінградскай вобласці.
У 1967 годзе ствараўся Дом піянераў, і актыўную піянерважатую райкам камсамола рэкамендаваў на пасаду дырэктара.

-Нам выдзелілі тры пакоі ў доме, дзе цяпер жыве ксёндз, – расказвае Ніна Пятроўна. – Ніякай мэблі не было, нават стала, я яго ў райана заехала забрала. У касцёле ў той час склад быў, дык там нешта змагла яшчэ знайсці. І адразу аб’явіла набор у гурткі. Я сама ўзяла танцавальны гурток, потым яшчэ і лялечны, з ім мы нават дайшлі да рэспубліканскага конкурсу, выступалі ў Магілёве. Танцавальны гурток таксама быў лепшым у вобласці. Гурткоў 15 тады працавала ў Доме піянераў. Калі яго адкрывалі, у раёне было 45 школ: 25 – пачатковых і 20 сярэдніх і васьмігадовых, і адна адзінка ў штаце. Вядома, было нялёгка, бо трэба было займацца не толькі гурткамі, але і вучобай камсамольска-піянерскага актыву, распрацоўваць сцэнарыі мерапрыемстваў, разнастайныя конкурсы.
Гэты перыяд працоўнай дзейнасці Ніны Лазарчык адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР, Ганаровай граматай і значком Цэнтральнага савета Усесаюзнай піянерскай арганізацыі.


У 1978 годзе ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе адкрываўся эксперыментальны клас па навучанню шасцігодак, якія не наведвалі дзіцячы сад.
– Ніхто з настаўнікаў не хацеў брацца за гэты клас, – успамінае Ніна Пятроўна. – Згадзілася працаваць настаўнікам у гэтым класе Анастасія Віктараўна Фрыдэль, якая была метадыстам у райана, а я стала выхавацелем, бо мне ўсё ж такі была бліжэй выхаваўчая работа. Мы прайшлі падрыхтоўку на курсах у Мінску, і ўзяліся за працу.

Вядома, з гэтымі дзецьмі напачатку было вельмі нялёгка: яны не разумелі, куды трапілі, прасіліся дадому, нават уцякалі. Клас быў вялікі, 30 чалавек, у асноўным, з навакольных вёсак, з адных Эймінаўцаў было 12 дзяцей.
Зранку дзеці плакалі, калі развітваліся з бацькамі, не былі прывучаныя да дысцыпліны. Але хоць клас быў і зборны, на Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі мы ўжо рыхтавалі з імі ранішнік, потым на Новы год, на 23 лютага, на 8 сакавіка, а там ужо і выпускны. Я вучыла іх танцаваць, яны ўжо на сцэне выступалі ў 6 гадоў, нават на раённых канцэртах. Старалася прыдумаць нешта новае — выйдзем на прагулку і вучымся танцаваць, нават танга, беларускую польку, кракавяк. Так што можна сказаць, што дзе б не працавала, заўсёды з падтанцоўкай, – жартуе Ніна Пятроўна.
Ніна Лазарчык працавала выхавацелем у пачатковым класе да выхаду на пенсію, і некалькі гадоў пасля. Каля дваццаці класаў шасцігодак прайшло праз яе рукі. На базе школы часта праводзіліся раённыя і абласныя семінары для настаўнікаў, якія працавалі з шасцігодкамі, Ніна Пятроўна заўсёды дзялілася вопытам работы з калегамі. За гэты час у скарбонку яе дасягненняў дабавілася Ганаровая грамата аблана, знак “Выдатнік народнай асветы”, прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя “выхавацель-метадыст”.
– Як пайшла на пенсію, то яшчэ гадоў пяць мне снілася і школа, і Дом піянераў, так не адпускала праца, — з сумам адзначае мая субяседніца. – Прыемна, што дзеці, з якімі я працавала, не забываюць мяне, я нават здзіўляюся: я працавала з імі толькі адзін год, здавалася б, павінны забыць, але яны помняць. Бывае, сяджу на лаўцы каля дома, ідуць ужо дарослыя людзі, якіх я некалі вучыла, і абавязкова павітаюцца, спыняцца, цікавяцца, як жыву, успамінаюць, як мы некалі выступалі, як рыхтавалі сцэнічныя касцюмы, успамінаюць танцы. Вядома, гэта вельмі прыемна. А яшчэ я вельмі ўдзячна мужу, які заўсёды падтрымліваў і дапамагаў мне. Ён быў нязменным акампаніятарам, ён нават у школу прыязджаў, каб падыграць майму класу. Так што музычнае афармленне мне было забяспечана заўсёды. Ну і я, у сваю чаргу, дапамагала яму. У калгасе “Перамога” ў Старым Дворцы, дзе ён быў акампаніятарам, у 1975 годзе я стварыла танцавальны калектыў. Гадоў пяць з ім працавала, мы выступалі нават на тэлебачанні.


Калі выйшла на пенсію, Ніна Лазарчык стала займацца з унукамі і адкрыла ў сабе новы талент – стала пісаць вершы.
Спачатку так дапамагала дзецям выканаць творчае заданне, а потым стала пісаць і віншавальныя адрасы для родных і знаёмых, цэлы сшытак вершаў ужо сабраўся.
– Творчасць і музыка суправаджаюць мяне па жыцці, гэта дадавала мне заўсёды энергіі і бадзёрасці, – кажа на развітанне Ніна Пятроўна. – Я лічу, што галоўнае – не старэць душой, гэта дапамагае падтрымліваць жыццёвую актыўнасць і не паддавацца гадам.

Ірына МІКЛАШ, фота аўтара
і з архіва Ніны Лазарчык



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *