Велікодныя традыцыі на Бераставіччыне

Лента новостей

Святочнае набажэнства
Вялікдзень (Вялікадне, Вялічка, Веліканус, Вельканоц, Вельканац, Пасха, Паска, Красная Нядзеля)—рухомае свята народнага календара, найбольш урачыстае і любімае жыхарамі раёна. Пасхальныя ўрачыстасці пачынаюцца з хрэснай хады вакол храма і ўсяночнага богаслужэння. Затым святар абвяшчае аб уваскрэсенні Ісуса Хрыста і пачынае святочную літургію. Пасля літургіі асвячаюцца прынесеныя вернікамі чырвоныя яйкі і іншыя прадукты. Сёння сярод вясковых жыхароў нашага раёна захоўваецца звычай асвячаць толькі яйкі, пірагі і соль: “Раней свянціць неслі каробкамі і мяса, і сыр, і масла, і булкі, і хлеб. Цяпер толькі крышачку: яйкі, соль, булка, хлеб”. (Яніна Панасюк, 1927 г.н., в.Вішнеўка). Па заканчэнні службы і хрыстосавання (цалаванне тры разы і абмен велікоднымі яйкамі) быў звычай як мага хутчэй патрапіць дадому, абагнаць суседа, бо лічылася, што гэта павінна было дапамагчы яму вырасціць лепшы ўраджай. Яшчэ адной важнай прыкметай свята было абнаўленне адзення, таму ў кожнай, нават самай беднай сям’і стараліся да Вялікадня і дарослым, і дзецям пашыць абноўку.

Разгаўленне
“Велікодную трапезу пачыналі з асвячонага яйка, якое дзялілася на столькі частак, колькі было членаў сям’і, мачалі ў соль і елі з хлебам. Я колькі пражыла, ніколі на стале на Вялікдзень не было гарэлкі. У першы дзень Вялікадня ніхто гарэлкі не піў, бронь Божа, ні праваслаўныя, ні католікі, закон такі. На другі дзень Вялікадня каровы выганялі на балота, прыходзіў бацюшка і свянціў усё стада”. (Марыя Бялюці, 1924 г.н., в.Кулі).

Біццё і качанне яек
“Паснедалі, разгавеліся і пайшлі гуляць у біткі. Збіраліся, малыя само сабой, старыя. Выбіралі, у каго мацнейшыя яйкі, усё аб зубы мацавалі. Былі такія мацакі, што за дзень штук з трыццаць яек выб’е. Была мода, што хадзілі біцца ў яйкі ажно пад Крынкі, гэта ў Польшчы”. (Юзэф Аўдзей, 1929 г.н., в.Вішнеўка).

Дзіцячыя абходы
“Хадзілі ў валачобнае на другі дзень. Устаем рана, каб хутчэй на валачобнае. Мама дасць хустку чысценькую, увяжа булкі ў гэтую хустачку і бяжым на валачобнае. Бяжым перш да хрышчонай, да хрышчонага, аддаем ім сваю булку, а яны сваёй ломаць, і яшчэ яек з дзясятак давалі. А там яшчэ хто і цукерак дасць. А як ёсць баба і дзед, то ляцімо і да іх”. (Ганна Барцэвіч, 1934 г.н., в.Вішнеўка).

Валачобны абрад
“Адметнай асаблівасцю святкавання Вялікадня ў нас было хаджэнне валачобнікаў—маладых хлопцаў, дзяўчат, якія абыходзілі дамы і песнямі віншавалі і праслаўлялі гаспадара, яго жонку, дзяцей. Як лічылася ў народзе, прыход валачобнікаў спрыяў багатаму ўраджаю на ніве, дабрабыту ў сям’і”. (Соф’я Анісімовіч, 1927 г.н., в.Шаляпкі).
“Валакальнікі (валачобнікі) хадзілі ад Вялікадня і цэлы тыдзень, аж да Правадной нядзелі. Ім давалі хто каўбаскі, хто сыру, яйкі абавязкова”. (Лідзія Смалей, 1930 г.н., в.Масаляны).
Вось так, па ўспамінах старых жыхароў нашага раёна, святкавалі Вялікдзень. Многія традыцыі ў сучасным выглядзе існуюць і сёння.
Марыя Юшкевіч,
метадыст па этнаграфіі і фальклоры РМЦ НТ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *