Сяўба ў СВК “Цецяроўка”

Лента новостей

Вясна ў гэтым годзе прыйшла рана і прымусіла людзей хутчэй узяцца за работу. Зараз надвор’е стаіць добрае, без ападкаў, і ў гаспадарках выкарыстоўваецца кожная хвіліна.
У СВК “Цецяроўка” сеюць цукровыя буракі, кукурузу.
Для аб’ектыўнасці адзначым адразу, што гэтай гаспадарцы не пашанцавала з глебай. Яна тут супясчаная, і колькі не ўкладвай у яе, рэкорднага ўраджаю не атрымаць. Вядома, земляробства ў сельгаскааператыве вядзецца па сучасных тэхналогіях, захоўваюцца севазвароты, уносіцца шмат арганічных, мінеральных угнаенняў, але спаборнічаць з тымі, каму сама прырода зрабіла добры падарунак у выглядзе ўрадлівай глебы, цяжка. Аднак людзі робяць усё магчымае.
Па словах галоўнага агранома Віктара Белабокага, у гэтым годзе ў СВК “Цецяроўка” 1200 гектараў адвялі пад кукурузу, 550 гектараў пад азімы рапс, 300 пад цукровыя буракі, па 50 пад грэчку і пад бульбу. Пасадзіць другі хлеб людзям кожны год дапамагае сельгаскааператыў.
Напрыклад, прыбытак ад цукровых буракоў у раёне ў мінулым годзе быў 5,9 мільярда рублёў, у “Цецяроўцы” 399 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць тут некалькі ніжэйшая за сярэднераённую. У структуры пасяўных плошчаў гаспадарак Бераставіччыны гэтая культура займае 7,8%, тут 4,7%. Насенне цукровых буракоў дарагое, імпартнае. Выгадна, што побач знаходзіцца буракапрыёмны пункт, таму не трэба выдаткоўваць шмат грошай на перавозку.
Віктар Белабокі любіць сваю работу, якую выбраў па прызванні. Ён пастаянна цікавіцца ўсім новым і перадавым, удасканальвае свае веды. Як і ўсе маладыя людзі, ён карыстаецца інтэрнэтам, дзе можна знайсці шмат матэрыялаў, прысвечаных культуры земляробства. Працаваць зараз няпроста з-за таго, што вельмі імкліва раслі цэны, вытворцы апынуліся ў складанай сітуацыі.
“Моцнае звяно” на сяўбе ў гаспадарках – механізатары. На іх сапраўды ўсё трымаецца. Па 20 гектараў цукровых буракоў кожны дзень сее ў СВК “Цецяроўка” Аляксандр Раманчук. У яго працоўных “актывах” ужо больш за 15 такіх напружаных вёснаў. Кожная па — свойму адметная, але галоўнае, каб сезон прайшоў у аптымальны тэрмін і з добрай якасцю работ. Сее Аляксандр трактарам МТЗ – 82 з імпартнай 12 – раднай сеялкай.
У гаспадарцы стараюцца, каб веснавы цыкл работ прайшоў як належыць, і спадзяюцца на добры ўраджай.
На здымках: Віктар Белабокі; Аляксандр Раманчук.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *