Кожны год 15 верасня бібліятэкары Беларусі – а з імі і чытачы – адзначаюць прафесійнае свята. Дзень бібліятэк з’явіўся ў краіне ў 2001 годзе. Дата святкавання абрана ў гонар дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, галоўнага кнігасховішча краіны. Сёння ж аднак размова пойдзе не пра сучасную высокатэхналагічную бібліятэчную ўстанову, а пра невялічкую сельскую бібліятэку, якіх сотні па краіне і якія ў сваім населеным пункце з’яўляюцца падчас адзіным цэнтрам не толькі культурнага жыцця, але і ўвогуле зносін вяскоўцаў. Сюды прыходзяць не толькі па кнігі, але і паразмаўляць, атрымаць параду, з карысцю правесці вольны час. Напярэдадні свята я наведалася ў Масалянскую інтэграваную сельскую бібліятэку.
Беларуская мова –
у пашане
Бібліятэка і філіял па культурна-дасугавай дзейнасці ў аграгарадку Масаляны размяшчаюцца ў адным будынку. Гэта зручна і для вяскоўцаў, і для работнікаў культуры. Сёння ў сельскай мясцовасці бібліятэчную і клубную дзейнасць немагчыма пабудаваць без цеснага ўзаемадзеяння. Мяне сустракае бібліятэкар Ірына Канеўская (на здымку).
– Праходзьце, у нас пакуль ціха. Людзі хто на рабоце, хто ў грыбах альбо на бульбе. Але хутка пасля школьных заняткаў прыбягуць дзеці.
Сапраўды, восенню ў вяскоўцаў шмат клопатаў, таму і бібліятэку наведваюць менш, аднак, як адзначае Ірына Генрыкаўна, самыя актыўныя чытачы ўсё роўна знаходзяць час для візіту.
Ірына Канеўская працуе ў Масалянскай бібліятэцы 15 гадоў. Яе гісторыя не падобная на тыя, пра якія гавораць – марыла аб прафесіі з дзяцінства. Родам з Ваўкавыскага раёна, Ірына авалодала ў Гродне спецыяльнасцю “швачка-закройшчык”, выйшла замуж ў Масаляны, нарадзіла сына Андрэя і сутыкнулася з пытаннем, куды ж уладкавацца на работу. Якраз вызвалялася пасада бібліятэкара. Так Ірына трапіла ў новую для сябе прафесію.
Пры гэтым ёй прыйшлося адвучыцца ў Гродзенскім каледжы мастацтваў па спецыяльнасці «бібліятэказнаўства, бібліяграфія».
– Не думала, што так адбудзецца ў маім жыцці, – распавядае Ірына Канеўская. – Аднак бібліятэчная справа мяне захапіла. Зносіны з людзьмі, знаходжанне ў пастаянным сацыяльным кантакце не сталі перашкодай, наадварот, з часам я ўпэўнілася – гэта маё. А вось што сапраўды мне падабалася з дзяцінства і ў што я з галавой акунулася падчас работы, дык гэта беларуская мова і літаратура. Жаданне вывучаць родную мову, чытаць беларускія творы ў свой час мне, як і маім аднакласнікам, прывілі ў Рэплеўскай школе, якая была беларускамоўнай. Не ведаю, што мяне больш кранае – асаблівая мілагучнасць, прыгажосць нашай мовы ці багатая палітра таленавітых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Пэўна, і адно, і другое. За гады сваёй работы я з вялікай асалодай і задавальненнем размаўляю на беларускай мове, рыхтую беларускамоўныя сцэнарыі мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых, правожу рэкламна-асветніцкую дзейнасць, накіраваную на папулярызацыю роднай мовы і літаратуры, у тым ліку ў рамках рэспубліканскага сацыяльна-адукацыйнага праекта “Чытаем па-беларуску”, сачу за навінкамі нашых сучасных аўтараў, чытаю сама і прапаноўваю творы сваім чытачам.
Формы змяняюцца,
сутнасць застаецца
Кніжны фонд Масалянскай інтэграванай сельскай бібліятэкі налічвае 8681 экзэмпляр кніг і перыядычных выданняў. Чытачоў тут 252 чалавекі. З іх 52 пенсіянеры і 58 дзяцей. Сёння гэта найбольш актыўная катэгорыя чытачоў. На маё пытанне, што змянілася ў бібліятэчным абслугоўванні за гады яе работы, Ірына Генрыкаўна адказвае:
– Раней непасрэдна бібліятэчнай справе мы надавалі больш увагі. Цяпер жа, у эпоху бурнага развіцця лічбавых тэхналогій, калі многія скептычна ставяцца да чытання кніг, а папяровыя выданні замянілі камп’ютары, планшэты, электронныя кнігі і смартфоны, бібліятэкі робяць акцэнт на інтэрактыўныя формы работы з насельніцтвам. У нас дзейнічаюць аматарскія аб’яднанні: дзіцячае “Пралеска” – для аматараў жывой прыроды, і “Ладачкі” – для пажылых людзей. Стала праводзіцца больш культурна-масавых мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю чытання, шматлікіх тэматычных сустрэч і гутарак, гучных чытанняў і гэтак далей. Сустрэчы з юнымі чытачамі праходзяць у гульнявой форме, каб стварыць для дзяцей спрыяльную атмасферу, куды б ім хацелася вярнуцца зноў і зноў. Летам актыўна працавала дзіцячая пляцоўка. Пасля каранцінных абмежаванняў школьнікі засумавалі па зносінах і забаўляльных мерапрыемствах, а таму з задавальненнем праводзілі ў бібліятэцы свой вольны час.
Безумоўна, адзін бібліятэкар не справіцца з выхаваннем у дзіцяці звычкі чытаць. Тут важны прыклад у сям’і.
– І мне вельмі прыемна, што ў Масалянах ёсць сем’і, дзе прывіваецца любоў да кнігі, – адзначае Ірына Канеўская. – Гэта, напрыклад, сем’і Сяргея і Наталлі Жураўскіх, Аляксандра і Алены Масько, Алега і Вольгі Матусевічаў і іншых.
Дарэчы, малодшы сын Ірыны Сяргей таксама часты наведвальнік бібліятэкі і актыўны ўдзельнік усіх праводзімых мерапрыемстваў. Матуліна работа накладвае свой адбітак.
Да пажылых –
з асаблівай увагай
Работа з пажылымі ў апошнія гады стала прыярытэтнай. На вёсцы гэта актуальна. Людзей пенсійнага ўросту тут пражывае большасць. У Масалянскай бібліятэцы распрацавана спецыяльная праграма па рабоце з пажылымі чытачамі, якая ўключае не толькі пасяджэнні аматарскага аб’яднання “Ладачкі”, але і правядзенне шматлікіх выстаў, тэматычных прэзентацый і гутарак, а яшчэ наведванне пенсіянераў на даму.
– У Масалянах нямала актыўных чытачоў-пенсіянераў, – расказвае Ірына Генрыкаўна. – Гэта Зінаіда Паўлаўна Емельянчык, Яніна Вацлаваўна Дзямбіцкая, Вера Аляксандраўна Лоскат, Таццяна Іванаўна Панцэвіч, Валянціна Іванаўна Гузюк, Віталій Іосіфавіч Мазырка, Соф’я Уладзіміраўна Аўгусціновіч, Святлана Васільеўна Бандарчык, Станіслава Іосіфаўна Карко, Уладзімір Мікалаевіч Маратканаў, Зоя Збігнеўна Садаўнічая, Марыя Парфёнаўна Сайчык, Анатолій Якаўлевіч Семянюк, Ядзвіга Генадзьеўна Сілкова, Яўгенія Іосіфаўна Станкевіч, Уладзімір Аляксандравіч і Ірына Іосіфаўна Вайцюк і шэраг іншых. У кожнага свае чытацкія перавагі – ад літаратуры беларускіх аўтараў да ваеннага, гістарычнага, дэтэктыўна-прыгодніцкага жанраў, перыёдыкі пра здароўе, сельскую гаспадарку, сад і агарод.
Дарэчы, на даму абслугоўваюцца і чытачы з катэгорыі інвалідаў. Напрыклад, шмат чытае Алена Зігмундаўна Баркоўская, папярэдне ўзгадняючы з бібліятэкарам па тэлефоне свае чытацкія пажаданні.
Не толькі бібліятэкар,
але і псіхолаг
Звычайна, пакуль бібліятэкар прапаноўвае літаратуру, афармляе фармуляр, чытачы дзеляцца навінамі: што дзе чулі, пра што даведаліся. Гэта непазбежна ў невялікім населеным пункце. Па словах Ірыны Канеўскай, яе праца сёння – не толькі выдаць кніжкі і часопісы, але і выслухаць чалавека, пагутарыць з ім, падказаць і параіць штосьці ў той ці іншай жыццёвай сітуацыі, часта накіраваць яго на пазітыўную хвалю, узняць настрой. У гэтым сэнсе прафесія сельскага бібліятэкара падобна прафесіі псіхолага. Яшчэ адна рэалія сённяшняга дня і асаблівасць бібліятэчнага абслугоўвання.
Можна шмат разважаць аб ролі бібліятэк і кніг, аднак, як адзначаюць сацыёлагі, у свеце зноў назіраецца мода на чытанне папяровых выданняў. А сучасныя тэндэнцыі кніжнага дызайну робяць друкаваныя выданні яркімі, прыгожымі, дабротнымі, якія прыемна ўзяць у рукі. Так што будучыня ў бібліятэк, хочацца верыць, ёсць.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара