
На рэспубліканскім узроўні святкаванне 90-гадовага юбілею пісьменніка, які адбудзецца 26 лістапада, адзначаецца на працягу года шэрагам праектаў і мерапрыемстваў, якія, у тым ліку, пройдуць, 5-6 верасня ў Бялынічах Магілёўскай вобласці ў рамках праграмы дваццаць сёмага Дня беларускага пісьменства.
Заснавальнік айчыннага дэтэктыўна-прыгодніцкага
жанру
Прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Караткевіча прываблівае высокая мастацкая культура і гуманістычнае гучанне яго твораў, непаўторная манера пісьма, мілагучная мова. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру тэматычна і жанрава, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Менавіта Уладзімір Караткевіч першы звярнуўся да жанру гістарычнага раману. Пісьменнік узняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаў дух мінулых эпох, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет сваіх герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам народным. А яшчэ Уладзімір Караткевіч лічыцца першым савецкім пісьменнікам дэтэктыўнага жанру. Да яго цікавыя дэтэктывы пісалі, па сутнасці, толькі замежныя аўтары. Праз гэты «лёгкі» жанр пісьменнік праводзіў вялікія думкі і ідэі беларускасці. У тыя гады Караткевіч рабіў немагчымае, ён мяняў адносіны да гісторыі, якая, як аказалася, у беларусаў ёсць. Многія маладыя людзі зацікавіліся гісторыяй, дзякуючы Караткевічу. «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Зямля пад белымі крыламі», «Ладдзя Роспачы» – творы, якімі аднолькава захапляюцца чытачы розных узростаў і якія абавязкова трэба прачытаць. Паводле звестак кнігагандлёвага прадпрыемства «Белкнігі», нават праз 36 гадоў пасля адыходу ў нябыт Уладзімір Караткевіч уваходзіць у лік самых чытаных і прадаваных аўтараў. Летась перавыданне «Каласы пад сярпом тваім» стала «Кнігай года». А за першае паўгоддзе 2020-га ў топе на 5-м і 4-м месцы сярод дзесяці лідараў продажу — «Каласы пад сярпом тваім» і «Дзікае паляванне караля Стаха» (абедзве кнігі — выдавецтва «Папуры», 2018).

Талент – шматгранны
Паводле беларускага літаратуразнаўцы і сябра Уладзіміра Караткевіча Адама Мальдзіса, да прынятай сёння характарыстыкі спадчыны пісьменніка – “класічная” – трэба дадаць яшчэ адно азначэнне – “шматгранная”. Спачатку выйшлі два паэтычных зборніка (усяго іх пяць), потым паэзію рашуча пацясніла гістарычная і гісторыка-прыгодніцкая проза. Далей Караткевіч стаў драматургам: наісана каля дзесяці п’ес, у тым ліку незавершаных. Як своеасаблівая трылогія ўспрымаюцца п’есы Караткевіча “Званы Віцебска”, “Кастусь Каліноўскі”, “Маці ўрагану”– творы, прызваныя абудзіць гістарычную, этнічную, нацыянальную памяць, далучыць чытача да духоўных каштоўнасцей роднага народа.
Акрамя гэтага Уладзімір Караткевіч – дасведчаны кінасцэнарыст: ён скончыў у Маскве не толькі Вышэйшыя літаратурныя, але і Вышэйшыя сцэнарныя курсы. Нарэшце, паспяховы публіцыст, нарысіст (успомнім «Зямлю пад белымі крыламі»), перакладчык і гэтак далей. Здаецца, няма жанру, які б пісьменнік не выпрабаваў. Караткевіч-мастак — такім яго ведалі нямногія, пакуль выдавецтва «Мастацкая літаратура» не ўключыла ў 25-томнік твораў класіка цэлы том яго малюнкаў, шаржаў, аўтапартрэтаў. Мастацкая спадчына Караткевіча змяшчае партрэтныя замалёўкі, малюнкі на гістарычныя тэмы, ілюстрацыі да ўласных твораў, сяброўскія шаржы, выкананыя алоўкам, чарнілам, тушшу. Штосьці — са старонак запісных кніжак і блакнотаў пісьменніка. А ёсць і мастацкія, самадастатковыя эцюды Караткевіча, намаляваныя на асобных аркушах і пазначаныя крыптанімам «УК». Частка з іх дагэтуль захоўваецца ў сямейным архіве, частка знаходзіцца ў фондах навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН РБ і дэманструецца, напрыклад, падчас «Бібліяночы».

Памяць жыве
Сумесна з Міністэрствам культуры Белтэлерадыёкампанія запусціла арт-праект “Чытаем класіку разам”, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Раман «Каласы пад сярпом тваім» загучаў онлайн-галасамі беларускіх артыстаў, журналістаў, культурных і грамадскіх дзеячаў. Здымачная пляцоўка разгарнулася ў залах Музея гісторыі беларускай літаратуры. Трансляцыі можна глядзець у YouTube. У кнігарні Дома кнігі «Светач» у Мінску на працягу года было праведзена шэсць імпрэз з цыкла «Сустрэчы з Караткевічам». Арганізатары праекта — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ААТ «Белкніга» і выдавецтва «Мастацкая літаратура». Запісы таксама можна паглядзець у інтэрнэце, на YouTube-канале “Белкнігі” Тэлеканал СТВ падрыхтаваў дакументальны фільм “Владимир Короткевич. Отец белорусского детектива” ў рамках цыкла «Тайны Беларуси». Стужка даступная для прагляду на сайце СТВ.
Праводзіўся Рэспубліканскі інтэрнэт-конкурс літаратурных работ “Зямля пад белымі крыламі”, прысвечаны 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча. Для ўдзелу ў мерапрыемстве, якое праходзіла ў рамках Года малой радзімы, было прадстаўлена 114 літаратурных твораў, напісаных юнымі паэтамі і празаікамі Беларусі.
Радыёканал «Культура» абвясціў конкурс чытальнікаў паэзіі Уладзіміра Караткевіча
«Быў. Ёсць. Буду». Жадаючым неабходна да 30 верасня даслаць на электронную пошту kultura_konkurs@tvr.by аўдыё- ці відэафайл з чытаннем любімага верша. Фіналістаў адбору вызначыць у кастрычніку прафесійнае журы. Галасаванне за лепшага чытальніка вершаў Уладзіміра Караткевіча таксама пройдзе ў інтэрнэце. Выступленні лепшых чытальнікаў конкурсу прагучаць у эфіры ў дзень нараджэння паэта – 26 лістапада.

У абанементнай зале Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага дзейнічае кніжная выстава, прысвечаная 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча.
Падрыхтавала
Святлана Ганчарова