Вясна. Не за гарамі пачатак дачнага сезона. Дарэчы, клопатаў у садаводаў і агараднікаў ужо цяпер хапае. Абрэзка і пабелка дрэў, уборка прысядзібных участкаў, падрыхтоўка інвентару і цяпліц… Многія ўжо ўплатную заняліся гэтымі справамі. Тым больш, што мінулыя выхадныя парадавалі па-сапраўднаму вясновым, цёплым і сонечным надвор’ем.
Цяпер самая пара набываць насенне, каб потым, у пасяўную, пазбегнуць ажыятажу. Яшчэ ёсць час, каб удумліва, спакойна выбраць насенне патрэбнай агародніны і цыбуля-сявок, вывучыць асартымент розных гібрыдаў, прасачыць за навінкамі культур агародніны і кветкавых раслін. А іх сёння, згадзіцеся, шмат. Багаты асартымент насення прапануюць і гандлёвыя кропкі спажыўкааперацыі, і прадпрымальнікі на рынку. А ў магазіне раённага вузла паштовай сувязі насенне традыцыйна таннае. Там яно і раскупляецца хутчэй. Актыўна вядзецца паштовая перасылка насення, заказ у інтэрнет-магазінах і на сайтах. Словам, выбар у аматараў-агароднікаў ёсць. Трэба толькі разумна распарадзіцца гэтым выбарам, а потым з клопатам і любоўю дагледзець пасаджаныя культуры.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара