“Маляўнічая вышыванка” Веранікі Ялоўчык

Культура Лента новостей

У музеі Вавёркі праходзіць чарговая экспазіцыя творчых дасягненняў нашых таленавітых і апантаных землякоў. На гэты раз сваім хобі з наведвальнікамі музея дзеліцца псіхолаг Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Бераставіцкага раёна Вераніка Ялоўчык. Яе творы ручной работы прадстаўлены на выставе пад назвай “Маляўнічая вышыванка”.

Напэўна ў тых, хто ведае Вераніку Ялоўчык як актыўнага, рухавага, тэмпераментнага чалавека, яе захапленне вышыўкай выклікае здзіўленне. Маўляў, дзе яна знаходзіць неверагоднае цярпенне, засяроджанасць і ўседлівасць, без якіх працэс вышыўкі проста немагчыма ўявіць.

Яшчэ некалькі год таму Вераніка і сама не паверыла б гэтаму. Аднак нараджэнне сына  падштурхнула яе зрабіць што-небудзь прыгожае і памятнае сваімі рукамі. Напрыклад, вышыць уласнаручна метрыку, што было распаўсюджана сярод рукадзельніц. Вышыўка, зробленая персанальна для чалавечка, які з’явіўся на свет, заўсёды выклікае ў памяці менавіта тыя светлыя эмоцыі, якія адчувалі члены сям’і падчас яго нараджэння. Працэс вышывання метрыкі захапіў Вераніку, вынік задаволіў, захацелася вышыць  штосьці яшчэ. Так нарадзілася хобі, якому ўжо больш за дзесяць гадоў.

За гэты час вышыванак было створана каля сотні – рознай тэматыкі і складанасці. Нямала работ Вераніка Ялоўчык падарыла сваім блізкім і сябрам. Частка прадстаўлена на выставе ў музеі Вавёркі.

– Вышыўка для мяне – гэта магчымасць супакоіцца, прывесці думкі ў парадак, адпачыць, запаволіць імклівы бег часу, – кажа аўтар экспазіцыі. – І, безумоўна, гэта творчасць, жаданне выразіць сваё бачанне прыгажосці з дапамогай іголкі і нітак мулінэ. Буду рада, калі мае работы выклікаюць у наведвальнікаў пазітыўныя эмоцыі.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *