Сёння, 10 чэрвеня, ва ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна прайшлі ўрачыстыя выпускныя лінейкі, на якіх вучні адзінаццатых класаў атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі.
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй мерапрыемствы ў школах праходзілі на свежым паветры, з захаваннем ўсіх санітарных патрабаванняў, не былі масавымі, але, тым не менш, цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў для выпускнікоў гучалі з вуснаў адміністрацыі школы, класных кіраўнікоў, першых настаўнікаў.
У гэтым годзе сцены ўстаноў адукацыі раёна пакінуў 71 выпускнік, трое з іх закончылі сярэднюю школу з залатым медалём, паспяхова пацвердзіўшы свае веды на выпускных экзаменах. Гэта Уладзіслаў Капіца з Канюхоўскага ясляў-сада-сярэдняй школы, Караліна Анджэеўская з Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы і Анастасія Ярмолік з сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны.
Наперадзе выпускнікоў чакае здача цэнтралізаванага тэсціравання, паступленне ў вузы, самастойнае дарослае жыццё. Няхай усё задуманае ў іх збудзецца! У добры шлях, дарагія выпускнікі!
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара