Прайшоў Міжнародны дзень роднай мовы, а адгалоскі яго яшчэ гучаць. Давайце разам з вамі паслухаем, што гавораць вучні 9 класа Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы аб гэтым дні.
— Размаўляць на беларускай мове цэлы дзень – гэта так незвычайна і так цікава! Нязвыкла чуць мову ад усіх нашых вучняў. Яшчэ раз упэўніліся, што мова беларуская – мілагучная! – дзеляцца ўражаннямі Наталля Дабрыагло і Дар’я Гудач.
— Мне спадабалася перакладаць словы з рускай мовы на беларускую, я даведаўся шмат новых беларускіх слоў, - гаворыць Арцём Вінаградаў.
— Еднасць усіх вучняў, настаўнікаў, усіх работнікаў школы – гэта як еднасць усяго народа, прыемна было адчуваць сябе яго часткай, спяшаюцца выказацца Паліна Пучок і Алена Альховік.
Вераніка Кавальчук як прэзідэнт школы падводзіць вынікі:
— Мне найбольш спадабалася акцыя “Чытаем разам па-беларуску”, разам з настаўнікамі мы вывучылі і расказалі для нашых школьнікаў верш Пімена Панчанкі “Родная мова”. Алена Уладзіміраўна Фрыдэль вельмі хутка зрабіла фільм, які будзе захоўвацца ў школе, яго можна будзе перагледзець яшчэ не раз, таму што там ёсць самыя важныя словы для цябе, для мяне і для нас:
Ці плачу я, ці пяю?..
Восень. На вуліцы цёмна…
Пакіньце мне мову маю,
Пакіньце жыццё мне!
Аксана Дзямідзік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы