90-гадовы юбілей адзначыла жыхарка Макаравецкага дома-інтэрната для састарэлых

Лента новостей

Кожны пражывае сваё жыццё. Вось і ў жыхароў Макаравецкага дома-інтэрната для састарэлых лёсы вельмі розныя, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно, агульнае – адзінота ў старасці. Некаторых – таму, што не мелі сям’і, дзяцей, а ў іншых так складваліся сямейныя абставіны, што і пры дзецях, і пры ўнуках давялося спадзявацца на дзяржаву, на такі вось дом-інтэрнат. Які, дарэчы, за 10 год існавання стаў для многіх нашых землякоў сапраўдным сямейным домам. Ён акуратны, прыгожы звонку, камфортны ўнутры. Тут клапоцяцца пра старасць: добра даглядаюць, кормяць, лечаць. У ім, тым утульным доме, свае традыцыі, святы, сустрэчы.

Вось і 17 лістапада быў незвычайны, святочны дзень: бабулі і дзядулі, адміністрацыя і ўсе работнікі інтэрната віншавалі старэйшую яго жыхарку Марыю Міхайлаўну Фамічову з 90-годдзем. Уручылі падарунак, выказалі самыя цёплыя словы-пажаданні. Шаноўную юбіляршу павіншавалі і з упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Віншавальная паштоўка прыйшла нават з Гродна – ад старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Анатоля Зімнаводы.
Бабуля Марыя вельмі расчулілася ад такой увагі. “Чым заслужыла гэткае ўшаноўванне? – пыталася сама ў сябе і ў тых, хто побач. Жыццё маё – самае звычайнае, самае сціплае. Праўда, нялёгкае. Мала ў ім было радасці…”
Нарадзілася Марыя Міхайлаўна ў 1922 годзе ў вёсцы Казлы. У сям’і яе бацькоў было сямёра дзяцей і яна – самая старэйшая.
— Старэйшай, вядома, і работы даставалася больш, — расказвае-ўспамінае. – Гадавала малых, а ў чатырнаццаць год ужо памагала бацьку ў полі як сталы работнік. Гэта за польскім часам. А пры савецкай уладзе, калі людзі ўжо калектыўна працавалі, рабіла з усімі разам. На палявыя хадзіла, свінаркай была. У памяці вайна, нямецкая акупацыя, калі ўсе пад страхам жылі.
— А сямейнае жыццё? Няўжо абыйшло зусім?–пытаюся.
Бабуля Марыя ўздыхае: “Не абышло, але замужжа было няўдалым. Як сышліся, так і разышліся. Піць ён не піў, але за другімі валачыўся. А я сказала: як жыць – то жыць па-людску, а так як ты са мной жывеш, то не трэба й людзей смяшыць. І пакінула яго.”
Марыя Міхайлаўна чалавек не шматслоўны. І кожнае яе слова – абдуманае, выпакутаванае жыццём, яе прынцыповым і бескампрамісным характарам.
Цяпер, праз дзясяцігоддзі, не раз задумваецца: можа, па-другому ў маладосці трэба было зрабіць, ды і потым людзі знаходзіліся, сваталіся. Але не адважылася, бо, “апёкшыся на гарачым, дзмухала ўжо і на халоднае”.
Так і адцвіла пустацветам… Жыла пасля вяселля ў вёсцы Зайкаўшчына. Што і казаць, кепска адной, пуста. Але куды падзенешся? Жыла работай, цешылася з пляменнікаў. І падтрымку іх пастаянна адчувала. А прыйшла глыбокая старасць і цяжка стала адной жыць, то ні да каго з родных не паехала. І не таму, што ганарлівая, а таму, што — надзвычай тактоўная, не хоча абцяжарваць сабой нікога.
— Дзякаваць Богу, старому цяпер ёсць куды падзецца, — кажа бабуля. – Для такіх, як я, дом-інтэрнат сапраўднае выратаванне. Тут і цёпла, і, як гаворыцца, хлебна, і не сумна, і душэўна. Я прыехала ў Макараўцы два гады назад. І думаю: урэшце не адна ў чатырох сценах, а з людзмі. І гэта так многа значыць – разам парадавацца, успомніць і нават пагараваць. Адчуваю сябе зноў, як і ў дзяцінстве, у вялікай сям’і. Дзякаваць Богу, што пра нас, старых, наша дзяржава так клапоціцца.
— Нягледзячы на ўзрост, Марыя Міхайлаўна досыць многа помніць, многім цікавіцца, — кажа дырэктар дома-інтэрната Галіна Пацэнка. – Любіць чытаць кнігі, асабліва пра вайну, газеты. Прычым, чытае яна без акуляраў. Нам прыемна было віншаваць бабулю з юбілеем – людзям, якія пражылі такое доўгае жыццё, асабліва адзінокім, хочацца часцей гаварыць прыемныя, удзячныя, сардэчныя словы. За іх працу, за іх самаахвярнасць, адданасць Бацькаўшчыне.
Марыя ДРАПЕЗА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *