Нікуды не ўцячэш ад часу і наканаванага лёсу. У кожнага з нас свой зямны шлях: адзіны, непаўторны і незваротны. Хтосьці ў жыццёвым супрацьстаянні губляе сваю сілу, не разумее сэнсу чалавечага існавання, згасае пад грузам праблем і нягод. Другі ж, нібы сонейка, выпраменьвае святло, мужна вытрымлівае гора-смутак і становіцца толькі мацней духам. А яшчэ захоўвае незвычайную прагу да жыцця, падсілкоўваючы энергіяй усіх, хто знаходзіцца побач. Жыццё Веры Тарасаўны БОЛБАТ поўнае выпрабаванняў і цяжкасцяў, якія, дарэчы, выпалі на долю ўсяго яе пакалення. Аднак гэта жанчына, з жывымі іскрынкамі ў вачах і добразычлівай усмешкай на вуснах, здолела захаваць любоў і пяшчоту да жыцця і людзей, дабрыню, веру і надзею ў лепшае.
Веру Тарасаўну ведаю даўно. Яна пераехала з суседняга раёна ў наш гарадскі пасёлак на вуліцу Анохіна больш за дваццаць гадоў таму і пасялілася, лічы, насупраць маёй бабулі. Вера Тарасаўна хутка пазнаёмілася з суседзямі, лёгка знайшла з імі агульную мову, з задавальненнем ішла на кантакт, часта першай распачынала гутарку. І неўзабаве стала сваёй, здавалася, што гэта жанчына заўсёды жыла тут. Мне давялося размаўляць з Верай Тарасаўнай на розныя тэмы, прычым суседка гаварыла ў асноўным на беларускай мове з вясковымі слоўцамі-дыялектамі і трапнымі прымаўкамі. Голас у яе быў маладжавы, мяккі, сакавіты, зычлівы. А з вачэй струменіўся ласкавы спакой. Здавалася б, адкуль такі жыццёвы аптымізм і ўзнёсласць, калі лёс жанчыну не песціў, наадварот, быў няпростым, загортваўся ў жорнах часу, у віхурах складаных падзей і гаротных страт.
Нарадзілася Вера Тарасаўна 6 студзеня 1928 года ў вёсцы Дабраволя Свіслацкага раёна – у прыгожым маляўнічым куточку Белавежскай пушчы.
Рана застаўшыся без бацькі, яна змалку далучылася да працы. Дапамагала маці па гаспадарцы, рабіла ўсё, на што хапала дзіцячых сіл, а жыта жаць навучылася так спрытна, што за ёй не маглі ўгнацца нават дарослыя. Скончыла чатыры класы польскай школы і яшчэ два – ужо пры савецкай ўладзе.
Вялікая Айчынная вайна пакінула свой след на лёсе Веры Тарасаўны, парушыла мірнае жыццё ўсёй вялікай вёскі Дабраволя. І дагэтуль у памяці жанчыны застаўся жах ад сустрэчы з немцам, які прыйшоў забіраць жыўнасць і збіў маму плёткай, а таксама жорсткая расправа над адной сям’ёй, якая дапамагала партызанам. Фашысты павесілі ўсіх, не пашкадавалі нават дзіця. Нямала аднавяскоўцаў – камсамольцаў, камуністаў – было расстраляна і павешана немцамі. Моладзь вывозілі ў Германію. Не пазбег гэтага лёсу і старэйшы брат Веры Тарасаўны Іван. А яе, дзяўчынку-падлетка, разам з мамай забралі ў Беласток. Спачатку трымалі ў лагеры, дзе давялося зведаць і голад, і холад, а потым адправілі на швейную фабрыку, дзе яны шылі для нямецкай арміі амуніцыю.
Пасляваенныя гады, хоць і былі надзвычай цяжкія, але ўсё ж – мірныя. У 1947 годзе Вера Тарасаўна выйшла замуж у суседнія Грынкі. Вёска таксама маляўнічая, з чыстай і багатай на рыбу ракой Калонкай. Яе муж Уладзімір Вікенцьевіч дапамагаў свайму бацьку ў бондарскай справе і працаваў на ўласнай гаспадарцы, некалькі гадоў быў на заробках у Карэліі, а потым рабіў у калгасе брыгадзірам, конюхам, даглядчыкам жывёлы, вартаўніком. Дарэчы, ён удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, фарсіраваў Одэр, дайшоў да Берліна, узнагароджаны медалямі.
У сям’і адзін за адным пачалі нараджацца дзеці: у 1948-м – Жэня, за ім таксама хлопчык Анатоль, які памёр зусім маленькім, у 1951-м – Надзя, у 1954-м – Марыя, у 1958-м – Ліда, у 1961-м – Наташа і ў 1964-м – Віця. Гэта цяпер матулям даецца водпуск па догляду за дзіцём аж тры гады, а раней жанчыны хутка ішлі працаваць. Вера Тарасаўна была цялятніцай у мясцовым калгасе, працавала ў паляводстве. Старэйшыя дзеці, падрастаючы, дапамагалі ў хатніх справах, ездзілі ў лес па дровы, пасвілі авечак, кароў, коней, збіралі ягады і грыбы, нарыхтоўвалі сена, удзельнічалі ў жніве, капалі бульбу і ўбіралі лён. А яшчэ прыглядалі за малодшымі.
Вера Тарасаўна не проста старалася, а быццам лётала на рабоце. За што б ні ўзялася, усё ў яе атрымлівалася. Яна была адмысловай майстрыхай: выдатна ткала дываны, посцілкі, палавікі і іншае, абшывала ўсю сям’ю – навыкі, набытыя яшчэ ў дзяцінстве на швейнай фабрыцы, тады вельмі прыгадзіліся.
Аднак галоўнае тое, што Вера Тарасаўна разам з мужам Уладзімірам Вікенцьевічам, які памёр у 1993 годзе, выхавала сваіх дзяцей годнымі людзьмі. І не столькі медаль і пасведачанне маці-гераіні, колькі сыноўняя і даччыная любоў, павага і падтрымка ўнукаў і праўнукаў гэтаму доказ. Дзеці і ўнукі вывучыліся, атрымалі добрую адукацыю. Сярод іх ёсць і канструктар, і журналіст, і работнікі культуры, гандлю, праваахоўных органаў, і кіраўнік сельгаспрадпрыемства, і прадпрымальнікі.
Ужо няма ў жывых дзвюх яе дачок. Не перадаць словамі гора і боль маці, якая страціла сваіх крывінак. Аднак жыццё працягваецца. Ёсць унукі, праўнукі, якія таксама акружылі бабулю любоўю і клопатам. Стала ўжо добрай традыцыяй збірацца на Каляды вялікай дружнай сям’ёй, тым больш, што на гэтае свята прыпадае бабулін дзень нараджэння…
Я гутару з Верай Тарасаўнай напярэдадні яе 90-гадовага юбілею. Зноў пераконваюся: мудрасць і спагада крочаць па-ранейшаму побач з ёю, застаюцца вызначальнымі ў вобліку маёй суразмоўцы, чалавека з надзвычай чулай душой, уважлівым позіркам і багатым унутраным светам. Вера Тарасаўна шчыра веруе ў Бога, у дабрыню і спагаду людзей. І ў свае ўжо 90 гадоў працягвае займацца хатнімі справамі, а прыйдуць вясна, лета – увіхаецца на агародзе і ў садзе. Вельмі любіць кветкі, чытае газеты і кнігі, дзеліцца прачытаным з роднымі.
– Важна перад самім сабой і людзьмі заўсёды быць маральна і духоўна чыстым, ні ў чым не вінаватым, – гаворыць Вера Тарасаўна. – На жаль, цяпер свет такі, што людзям няшмат зычаць добрага, светлага, як бы баючыся чужой радасці і, мусіць, таму страчваюць па крупінках і сваю. Мае дзеці, унукі і праўнукі – гэта маё багацце. Я кожнаму жадаю такой шчаслівай старасці, як у мяне.
Сапраўды, у гэтых, здаецца, простых словах – мудрасць і лагоднасць, а таксама супакаенне за вялікі сямейны радавод і за сваё не марна пражытае жыццё.
Развітваючыся, я паглядзела на шматлікія фотаздымкі яе семярых дзяцей, адзінаццаці ўнукаў і васямнаццаці праўнукаў. Радавод сям’і Веры Тарасаўны налічвае больш за паўсотню чалавек. Дарэчы, мне стала зразумела, у каго пайшоў сваёй незвычайнай дабрынёй і чалавечнасцю наш былы рэдактар Яўген Уладзіміравіч Болбат – старэйшы сын Веры Тарасаўны. З выпадку юбілею ён прысвяціў роднай маці вось гэтыя віншавальныя радкі:
Калыхае пушча хараства
чараванне
У чоўнах сасновых матуліны
сны.
Ціхіх зорачак-знічак
адлюстраванне
І надыход новай красуні-вясны.
Так хутка бяжыць і змяняецца
час,
Быццам цуда-вада ў Калонцы
рацэ.
Родны куточак паклікаў зноў
нас
І кнігу жыцця раскрыў на руцэ.
Калядны звон у студзеньскай
цішы
Звініць узнёсла, чыста, мерна.
Ён поўніць светам моц душы,
За ўсё дзякуй, Божа міласэрны!
Святлана Ганчарова, фота аўтара