“9-га Мая прынясу да помніка кветкі…”

Лента новостей

…Невысокі, карчакаваты і нават цяпер, у восемдзесят восем гадоў, яшчэ досыць дужы, рухавы і бадзёры, Аляксей Паўлавіч Кішкун у маладосці не ведаў меры сваёй энергіі, працавітасці і спрыту. Змалку быў памочнікам бацькі як у полі, так і па хатняй гаспадарцы.
– Калядзічы нашы вялікія, перад вайной 101 двор у вёсцы быў, – расказвае. – А моладзі колькі! Збяруцца дзяўчаты і хлопцы на гулянку – быццам сапраўдны фэст. І працавалі ўсе заўзята, стараліся – тады ж, перад вайною, якраз калгасы арганізоўваліся, і думалася: вось яна, светлая жытка, урэшце прыйшла да нас і так ужо яно й будзе заўсёды. Ці ж маглі ведаць, якая страшэнная вайна чакае ўсіх? Мяне яна вунь без нагі на ўсё жыццё пакінула. Ды што мяне… Дзякаваць Богу, я жывым застаўся, а дваццаць дзевяць нашых хлопцаў і маладых мужчын зусім не вярнуліся дахаты, засталіся ляжаць там, дзе ваявалі, у далёкай ад нас прускай зямлі.
Аляксей Паўлавіч выцірае слёзы, што раптам няпрошана коцяцца з яго вачэй і злуецца на сябе за такую сваю старэчую нястрыманасць, просіць прабачэння. А дачку Таццяну просіць падаць яму кнігу “Памяць” Ваўкавыскага раёна. Паміж яе лістоў – закладка, і я здагадваюся, у якім месцы яна ляжыць.
— Паглядзіце, тут вунь наш, калядзіцкі, помнік сфатаграфаваны, – паказвае мне Аляксей Паўлавіч. – На ім увекавечаны імёны ўсіх, хто загінуў. І майго лепшага сябрука Сцяпана, і брата жонкі мае Марыі Барысаўны, і Цімохі Тарымы, і Аляксандра Рукіна… У чатыры вясковыя хаты аж па двое сыноў з вайны не вярнуліся, вось гора якое страшэннае… Помнік гэты ўсяго цераз адну хату ад мае, гляну, бывала, з падворку – і бачу яго, і ўсякі раз тых хлопцаў з нашай даваеннай кампаніі ўспомню. У 44-м нас з Калядзічаў шэсцьдзесят чатыры чалавекі на фронт узялі. Право­дзячы мяне, татка з мамай моцна плакалі: нас жа ў сям’і трое дзяцей было, дык старэйшая, Волька, ў той час пад прымусам у Нямеччыне парабкавала, і я пакідаў бацькоў толькі з самай малодшай, яшчэ непаўналетняй Веркай.
Ніхто з нас, навабранцаў, ніколі ні таго аўтамата ў руках не трымаў, ні той гранаты ў вочы не бачыў. Месяц былі ў “вучэбцы” ў Разані. А потым накіравалі ўсіх на 3-ці Беларускі фронт. Разам са мной у чацвёртай роце нашага сорак чацвёртага чырвонагвардзейскага палка ваявалі і дванаццаць маіх аднавяскоўцаў.
Цяжка даюцца ветэрану ўс­паміны. Перад нашай сустрэчай яго дачка Таццяна папярэдзіла мяне: “ Не любіць татка расказваць пра вайну. Калі ж і расказвае, то моцна хвалюецца.” А давялося Аляксею Паўлавічу вызваляць ад фашыстаў літоўскі горад Каўнас. Потым было наступленне пад Кёнігсбергам. Ветэран успамінае, наколькі моцна была ўмацавана гэтая варожая крэпасць, якую нашы войскі не маглі ўзяць многа дзён.
– Фашысты прымушалі сваіх вязняў заранёў капаць глыбокія траншэі, якія шмат разоў апа­ясвалі горад, – расказвае. – Шаша была ўсюды перагаро­джана крыж-накрыж змацаванымі цяжкімі двухметровымі чыгуначнымі рэйкамі – танкісты на­зывалі іх “вожыкамі”. Подступы да Кёнігсберга былі яшчэ і замініраваны. Тут я страціў большасць сваіх аднавяскоўцаў. На ўсё жыццё запомніў, як аднойчы падвечар – было гэта два тыдні пасля Пакроў – наш узвод паднялі ў атаку. Фашысты стралялі ўжо разрыўнымі кулямі, і яны сяклі градам. Упаў, быццам спатыкнуўшыся, Аляксандр Рукін. Ён быў няблізка ад мяне. А Цімох Тарыма загінуў проста на маіх вачах. Яго таксама дастала разрыўная куля: я бачыў, як шынель на спіне быццам брытвай распаласавала. І ў гэты момант чамусьці ўспомнілася мне, як ён, развітваючыся з маленькай дачушкай і цяжарнай жонкай, казаў: “Калі народзіцца сынок, назаві яго Пятром”. Цімох застаўся ляжаць у зямлі на Прусах. А яго жонка, і сапраўды, нарадзіла хлопчыка і назвала яго Пецем…
У час гэтай жа атакі параніла і яго, байца пяхоты Аляксея Кішкуна.
– Раптам моцна запякло ў левай назе, — успамінае ветэран. – Болю ж у правай спачатку не адчуў, але і яна таксама аказалася параненай, на шчасце, косць не была закранута. Я так і не зразумеў, пад кулю трапіў ці пад асколак ад міны. Ужо ў шпіталі ў Каўнасе ўрачы казалі, што тканіна нагавіц была моцна абпалена, відаць, параніла мяне ўсё ж асколкам. Была аперацыя, нагу мне аднялі. Калі ачуняў, то даведаўся, што нашы войскі ўзялі Кёнігсберг, і гэтая добрая навіна падтрымала ў адчайным становішчы.
Далечваўся Аляксей Паўлавіч у шпіталі ў Туле. Вярнуўся дамоў на адной назе – а які ж, скажыце, у пасляваеннвай вёсцы з такога работнік? Выйсце знайшоў у тым, што вывучыўся на краўца ды шыў вопратку. За ўменне ва ўсёй акрузе яго цанілі і паважалі. Знайшоў былы салдат сабе нявесту па душы. Пяцярых дзяцей яны з Марыяй Барысаўнай выгадавалі, у людзі выправілі. Калі жонкі не стала пра Аляксея Паўлавіча дзеці так сардэчна, з такой душэўнай цеплынёй клапоцяцца, што татка кажа пра гэта са слязамі радасці.. Апошні час жыве ён у Вялікай Бераставіцы, у прасторным доме дачкі Таццяны і не можа нацешыцца тым, як хораша, утульна яму, старому, тут.
Апрануўшы па нашай просьбе свой пінжак з юбілейнымі медалямі, Аляксей Паўлавіч кажа: “На дзень Перамогі абавязкова паеду ў нашы Калядзічы. Схаджу да помніка загінуўшым хлопцам нашым і мужчынам, прынясу кветкі. Кожнага 9-га Мая так раблю, не магу інакш…”

Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *