Сёлета мы адзначаем знакавую дату – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта гістарычная дата – напамін пра тое, якой цаной дасталася незалежнасць нашаму народу. Гэта свята радасці, гонару і мужнасці. Гэта дзень, які па-сапраўднаму аб’ядноўвае ўсё наша грамадства.
Жыхары гарпасёлка, прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый Бераставіччыны прыйшлі да помніка воіну-вызваліцелю на Ратушную плошчу, каб аддаць даніну павагі і памяці землякам, якія ахвяравалі сваім жыццём дзеля сённяшняга мірнага неба. Урачысты мітынг распачаў маштабнае святкаванне Дня Незалежнасці на Бераставіччыне.
Быў падняты Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэта права было прадастаўлена лепшым па прафесіі – начальніку ўпраўлення цэнтральнага гаспадарчага абслугоўвання Бераставіцкага міжгаліновага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Ігару Захарчуку і заатэхніку-селекцыянеру СУП “МілкАгра” Ірыне Пужаль.
Прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Пад яго гукі кожны ўспомніў пра сваіх дзядоў і прадзедаў, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, былі партызанамі, працавалі ў тыле ворага, аднаўлялі разбураную гаспадарку ў пасляваенныя гады.
– Святкуючы Дзень Незалежнасці, мы схіляем галовы перад усімі, хто жыццём заплаціў за мірную будучыню, – адзначыў у сваім віншавальным слове старшыня Бераставіцкага райвыканкама Дзмітрый Кадргулаў. – Сёння мы дзякуем усім, хто вызваляў Беларусь і наш раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, дапамагаў аднаўляць краіну з руін і попелу. Беларускі народ даказаў, што ваенны подзвіг і працоўны гераізм з’яўляюцца асноўнай рысай нацыянальнага характару. За восемдзесят гадоў шмат змянілася: і краіна, і людзі. Нязменным засталося жаданне кожнага з нас жыць у вольнай і мірнай дзяржаве. Мы дакладна ведаем, што будучыня краіны – у згуртаванасці народа і нацыянальным адзінстве. Таму важна чуць і паважаць адзін аднаго, імкнуцца да ўзаемарузумення, аб’ядноўвацца вакол пазітыўнай і стваральнай ідэі. Квітнеючую Беларусь мы ствараем сваёй працай. Сёння хочацца выказаць словы шчырай падзякі ўсім работнікам сацыяльнай сферы, прамысловага сектара, дарожнай службы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і камунікацыі, сувязі, гандлю, аграрыям, будаўнікам, прадстаўнікам сілавых структур за адказнае стаўленне да працы, за штодзённы клопат аб нашым камфорце. Дзякуючы вам Бераставіцкі раён развіваецца і займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці па розных кірунках дзейнасці. У гэты святочны дзень жадаю ўсім шчасця, здароўя і дабрабыту. А нашай любімай краіне – мірнага неба, светлай будучыні і росквіту.
Памяць тых, хто змагаўся за наша мірнае жыццё, за нашу незалежнасць ушанавалі мінутай маўчання.
Прагрымелі залпы святочнага салюта.
Да мемарыяла Славы былі складзены жывыя кветкі – бясконцая чарада ад удзячных патомкаў. Наш святы долг – памятаць тых, хто выратаваў родную зямлю.
Ад імя моладзі выступіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вялікабераставіцкай СШ Алена Ганчарэвіч, якая адзначыла, што ў падрастаючага пакалення сёння ёсць выдатная магчымасць вучыцца і развівацца. Яна запэўніла, што моладзь Беларусі прыкладзе ўсе сілы дзеля росквіту роднай краіны, будзе захоўваць памяць аб вялікім подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Па традыцыі на свяце Дня Незалежнасці ўшанавалі перадавікоў вытворчасці, лепшых па прафесіі землякоў.
Старшыня Бераставіцкага райвыканкама Дзмітрый Кадргулаў уручыў лепшым у розных сферах працаўнікам раёна сертыфікаты аб занясенні на раённую Дошку гонару.
Граматай Бераставіцкага раённага Савета дэпутатаў была ўзнагароджана юная спартсменка з аграгарадка Пагранічны, выхаванка Бераставіцкай СДЮШАР Кацярына Гульнік, якая стала ўладальніцай бронзавага медаля Чэмпіянату Еўропы U-15 па вольнай барацьбе ў Грэцыі.
Падкрэслілі ўрачыстасць моманту і перадалі эмоцыі, якія напаўнялі ў гэты дзень сэрцы ўсіх бераставічан, душэўныя песні ў выкананні работнікаў культуры і ўдзельнікаў аматарскай творчасці Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, тэатралізаваныя замалёўкі юных удзельнікаў харэаграфічнага калектыву.
Паветраныя шары чырвона-зялёнага колеру і ў выглядзе галубоў, выпушчаныя ў неба, сталі сімвалам міру і шчаслівага жыцця ў нашай любай краіне.
Святлана ГАНЧАРОВА
Фота аўтара
Больш фото ТУТ