Міхаіл Міхайлавіч Сіцько: «Толькі разам мы зможам пераадолець гэту праблему»

Актуально Местная власть

Вядомы аўстрыйскі фізік, адзін з лідэраў аўстрыйскіх сацыял-дэмакратаў Фрыдрых Адлер сказаў, што сям’я – гэта грамадства ў мініяцюры, ад цэласнасці якога залежыць бяспека ўсяго вялікага чалавечага грамадства. Таму захаванню сям’і, выхаванню дзяцей, стварэнню ўмоў для іх псіха-фізічнага развіцця ў рэспубліцы надаецца вялікая ўвага. За апошнія гады ў краіне шмат зроблена па паляпшэнню становішча сям’і і дзяцей. Створана і ўдасканальваецца заканадаўчая і нарматыўна-прававая база. Прыярытэтнымі ў рабоце па абароне дзяцінства з’яўляюцца   рэалізацыя палажэнняў Канвенцыі аб правах дзіцяці, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці”, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, Указаў, Даручэнняў і Дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнцкай Праграмы “Дзеці Беларусі”.
Значным крокам у нарматыўным забеспячэнні работы па абароне дзяцей, павышэнні адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей стала прыняцце Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях”.
Асноўнымі прычынамі, па якіх дзеці становяцца няшчаснымі, з’яўляюцца п’янства бацькоў, іх амаральны воблік жыцця, дармаедства. Ёсць таксама сем’і, дзе дзеці падвяргаюцца  розным формам насілля.
Дэкрэт №18 прадугледжвае меры па павышэнні адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей, стварае  механізм   рэалізацыі гэтай палітыкі.
У нашым раёне склалася нядрэнная практыка міжведамаснай работы. Ужо дасягнуты пэўныя вынікі ад яе правядзення. Сістэма міжведамаснага дзеяння дазваляе своечасова выяўляць сем’і і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Вось і на мінулым тыдні на працягу двух дзён на тэрыторыі раёна праходзіў пастаянна дзеючы семінар кіраўніцкіх кадраў па тэме: «Аб каардынацыі дзейнасці суб”ектаў гаспадарання раёна, іншых зацікаўленых асоб па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем”ях».
Мэта семінара – абмяняцца вопытам работы ў гэтым накірунку, паказаць, з якіх звенняў складаецца работа па рэалізацыі Дэкрэта №18.
Як адзначыў старшыня райвыканкама М.М.Сіцько, адкрываючы семінар, кіраўнікі арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў для ўдзелу ў ім выбраны не выпадкова. Хочацца, каб яны бліжэй пазнаёміліся з праблемай, “прочувствовали” яе самі і змаглі потым патрабаваць аддачы ў рабоце ад сваіх падначаленых. Бо толькі разам мы зможам пераадолець гэту праблему.
У ходзе семінара ў першы дзень яго правядзення адбыліся рэйды ў сем’і, якія стаяць на ўліку і патрабуюць дзяржаўнай абароны. Рэйдавымі групамі былі наведаны сем’і, якія пражываюць у г.п.В.Бераставіца і на тэрыторыі сельсаветаў. У час наведвання члены груп  цікавіліся ўмовамі пражывання дзяцей, праблемамі, для вырашэння якіх неабходна дапамога, што зроблена бацькамі, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльным прытулку, для таго, каб яны хутчэй вярнуліся дадому і г.д. Так, напрыклад, пры наведванні сям’і Кабылкаў з г.п.В.Бераставіца, старшыня райвыканкама М.М.Сіцько  правёў выхаваўчую гутарку з падлеткамі, у час якой спрабаваў    высветліць, у чым прычына таго, што яны стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, што перашкаджае  ім  змяніць  свае  паводзіны і добра вучыцца, якая дапамога    патрэбна   з   боку грамадскасці? На развітанне Міхаіл Міхайлавіч пажадаў  хлопцам  поспехаў  у  далейшым  жыцці,  вырасці  сапраўднымі  грамадзянамі краіны і прыносіць карысць Радзіме.
Другі дзень семінара пачаўся з падвядзення вынікаў міжведамасных рэйдаў. Члены груп, якія працавалі ў г.п.В.Бераставіца сабраліся ў кабінеце старшыні райвыканкама. Кіраўнікі груп             В.У.Майсюк і М.С.Самкова расказалі пра праблемы, якія існуюць ў сем’ях, у якіх умовах там пражываюць непаўналетнія. Таксама было абмеркавана, чым можна дапамагчы гэтым сем’ям, каб дзеці мелі магчымасць пражываць і выхоўвацца ў нармальных умовах. Члены іншых груп падводзілі вынікі міжведамасных рэйдаў у сельвыканкамах.
Затым удзельнікі семінара наведалі дзіцячы сацыяльны прытулак  Дзяржаўнай установы адукацыі “Бераставіцкі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр”. На сённяшні дзень там знаходзіцца 10 дзяцей. Дырэктар Цэнтра М.С.Самкова расказала пра функцыяніраванне сацыяльнага прытулку, работу, якая праводзіцца з дзецьмі, азнаёміла з умовамі іх пражывання, выказала падзяку кіраўнікам за спонсарскую дапамогу. Дарэчы, і ў гэты дзень дзеці не засталіся без увагі, старшыня райспажыўтаварыства В.М.Яхнавец прывёз для іх салодкія падарункі.
Пленарнае пасяджэнне адбылося ў актавай зале Малабераставіцкай СШ.
Пра актуалізацыю праблемы  ўдзельнікам семінара паведаміў старшыня райвыканкама М.М.Сіцько.      Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў ходзе яе абмеркавання неабходна выпрацаваць адзіны падыход да рашэння праблемы сям’і, кансалідаваць  дзеянні ўсіх структур  дзеля таго, каб праблемы рашаліся хутка, своечасова, а галоўнае, у інтарэсах дзяцей. Таксама Міхаіл Міхайлавіч запрасіў прысутных да канструктыўнага дыялогу.
Аб рабоце па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006г. №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях” і дадатковых мерах па яго выкананні расказаў намеснік старшыні С.Я.Чыкун. Было адзначана, што работа па рэалізацыі Дэкрэта №18 на першы план паставіла прафілактыку сацыяльнага сіроцтва, задачу ранняга выяўлення дрэннага сямейнага становішча, аказання сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі сям’і і дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Галоўным каардынацыйным  і кантралюючым органам па выкананні Дэкрэта з’яўляюцца райвыканкам, створаны пры ім каардынацыйны савет, сельвыканкамы.
У раёне склаўся механізм узаемадзеяння  паміж суб’ектамі сістэмы па папярэджанні дрэннага сямейнага  становішча.
Каардынацыйны савет дакладна вызначыў функцыі і задачы органаў кіравання па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта, сістэматычна робіць  аналіз эфектыўнасці работы, якая праводзіцца.
Своечасовае выяўленне сямейных праблем і аказанне кваліфікаванай комплекснай дапамогі забяспечвае раннюю прафілактыку крызісных з’яў у сям’і.
Па стану на 1 чэрвеня гэтага года ў раёне пражывае 76 дзяцей  з 36  сямей,  якія  знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 13 —  з 6 сямей, якія прызнаны маючымі  патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
За час дзеяння Дэкрэта камісіяй было адабрана 47 дзяцей у 45 бацькоў. 36 — вернута бацькам па рашэнню камісіі.
У раёне пражывае 55 чалавек, якія з’яўляюцца абавязанымі выплочваць расходы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.
З мэтай выяўлення дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, аказанні дапамогі сем’ям па іх рэабілітацыі, арганізавана міжведамаснае вывучэнне сітуацыі на месцах пры дапамозе рэйдаў з удзелам прадстаўнікоў камісіі па справах непаўналетніх, аддзелаў унутраных спраў, адукацыі, па надзвычайных сітуацыях, раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, школ, медыцынскіх работнікаў, сельвыканкамаў, працоўных калектываў. У бягучым годзе праведзена ўжо 5 міжведамасных рэйдаў. Іх вынікі аналізуюцца калегіяльна. Па найбольш праблемных сітуацыях  тэрмінова прымаюцца рашэнні, аж да адабрання дзяцей.
Падкрэслівалася, што работа з дадзенай катэгорыяй сямей можа быць выніковай толькі пры ўмове разумення ўсімі:  кіраўнікамі, членамі працоўных калектываў, грамадскасцю, суседзямі простай ісціны – чалавеку неабходна своечасова дапамагчы, падтрымаць, аказаць   садзейнічанне, і не толькі словам.
Практыка паказвае, што вышэй аддача там, дзе кіраўнікі, спецыялісты разумеюць сваю ролю ў рашэнні пастаўленых задач і аказваюць своечасовую дапамогу сем’ям і дзецям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю.  Гэта людзі нераўнадушныя да чужой бяды, гатовыя ў любы момант працягнуць руку дапамогі таму, хто ў ёй мае патрэбу. Вельмі добра ў гэтым плане        наладжана работа ў СВК “Цецяроўка” (старшыня В.А.Піўко), “Макараўцы” (А.М.Вярышка), імя Варанецкага (І.І.Колас). Гэтыя кіраўнікі, нягледзячы на  пэўныя цяжкасці, падтрымалі людзей, далі ім магчымасць паверыць у свае сілы. Гэта яшчэ раз даказвае, што калі канкрэтна займацца праблемай, то рэзультаты будуць. Чалавек павінен бачыць і рэальна адчуваць падтрымку і давер з боку кіраўніцтва і акружаючых людзей.
С.Я.Чыкуном  таксама былі вызначаны дадатковыя меры для безумоўнага выканання  ў раёне палажэнняў Дэкрэта №18:
1.) поўнае разуменне кожным кіраўніком сур’ёзнасці  і адказнасці пастаўленых перад ім дзяржавай задач па рэалізацыі    дадзенага заканадаўчага акта;
2.) выключэнне фармалізму ў рабоце па прафілактыцы дрэннага сямейнага становішча;
3.) павышэнне ролі стараст сельскіх населеных пунктаў, старшынь вулічных камітэтаў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, камунальных службаў, спажыўкааперацыі па ранняму выяўленню праблемных сямей;
4.) актывізацыя выхаваўчай работы з абавязанымі асобамі, арганізацыя і правядзенне штоквартальных сустрэч з дадзенай катэгорыяй грамадзян з мэтай павышэння эфектыўнасці выхаваўчай і прафілактычнай работы.
Удзельнікам быў прадстаўлены на прагляд кінавідэафільм. У першай яго частцы расказвалася пра работу з неспрыяльнымі сем’ямі на тэрыторыях Пархімаўскага, Канюхоўскага і Макаравецкага сельсаветаў. У другой частцы  відэасюжэта “Спасибо за то, что вернули к жизни” гераіня яго – маці, у якой за невыкананне  бацькоўскіх абавязкаў у другі раз ужо адабралі сына, вяла аповяд пра той шлях, які ёй давялося прайсці, каб зразумець прычыну свайго падзення. І толькі дзякуючы дапамозе нераўнадушных людзей, іх падтрымцы, яна зразумела, што ўся праблема заключаецца ў ёй самой, бо яна з’яўляецца алкаголікам, і што гэта каварная хвароба, з якой трэба змагацца, а не «плысці па цячэнні». І толькі ўсвядоміўшы гэта, жанчына змагла па-іншаму паглядзець на сваё жыццё, пераасэнсаваць свае  паводзіны. Зараз яна добрасумленна працуе, вядзе здаровы лад жыцця і чакае таго дня, калі зможа забраць сына да сябе, каб  ужо ніколі з ім не разлучацца. І больш таго, жанчына гатова дапамагаць іншым, хто трапіў у падобную сітуацыю. Я думаю, што гэты відэасюжэт не пакінуў раўнадушным нікога з гледачоў. Яны яшчэ раз мелі магчымасць упэўніцца, што чалавеку неабходна канкрэтная дапамога іншых людзей, каб справіцца са сваёй праблемай і пераадолець усе цяжкасці на шляху да сямейнага шчасця.
Аб стане работы па ранняму выяўленню дзяцей, якія  патрабуюць дзяржаўнай абароны  ў мэтах прафілактыкі дрэннага сямейнага становішча на ранняй стадыі, паведаміла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама В.Р.Гутавец.
Намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Цецяроўка” М.А.Некала падзялілася  з прысутнымі вопытам работы з абавязанымі асобамі, якая наладжана ў сельгаскааператыве.
Пра ўзаемадзеянне пры працаўладкаванні асоб, якія абавязаны пакрываць расходы, затрачаныя  дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні,  расказала начальнік аддзела па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І.А.Васільева.
З парадкам выканання дакументаў у судзе Бераставіцкага раёна ў адносінах асоб, якія абавязаны пакрываць расходы на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на ўтрыманні дзяржавы, азнаёміла судзебны выканаўца  суда раёна Т.І.Курмель.
Падвёў вынікі работы семінара старшыня райвыканкама М.М.Сіцько.
У нашай дзяржаве больш за чвэрць усяго насельніцтва складаюць дзеці. І тыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія ўзмацняюцца з кожным годам у вобласці дзяржаўнай абароны дзяцей, дазваляюць адчуць клопат дзяржавы.
Будучае кожнай нацыі ў цэлым залежыць ад падрастаючага пакалення, таму любое грамадства з надзеяй чакае, што яго дзеці вырастуць дастойнымі грамадзянамі, якія ўнясуць свой уклад ў працвітанне краіны. І мы ўсе павінны ім у гэтым дапамагчы.
Падрыхтавала Зінаіда Самкова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *