30 чэрвеня – Дзень эканаміста

Лента новостей

Эканоміка – навука складаная. А эканамічныя законы не менш важныя, чым, напрыклад, законы фізікі. Сучасныя эканамісты характарызуюць гэту навуку як спосаб арганізацыі дзейнасці грамадства, накіраваны на стварэнне матэрыяльных даброт, неабходных для спажывання, або нават як спалучэнне матэрыяльнай вытворчасці і псіхалогіі людзей. А на бытавым узроўні можна пачуць так: “ гэта правільнае вядзенне гаспадаркі”.
Таму ў сельгаскааператывах дабрабыт залежыць не толькі ад вытворчасці, але і “мазгавога цэнтру”, які ўмее ўсё дакладна пралічыць і зрабіць прагноз на будучае. Менавіта ад умення прагназаваць залежыць шмат у сучасных рынкавых зносінах.
Галоўны эканаміст СВК “Мака­раўцы” Аляксей Кудлаш – чалавек хаця і малады, але па-сапраўднаму зацікаўлены ў сваёй прафесіі. Гаворку з ім з нагоды прафесійнага свята я пачала з “вострага” пытання — якія ён бачыць недахопы ў калектыўнай уласнасці? Мне даводзілася чуць розныя, часам процілеглыя, меркаванні ад эканамістаў. У Аляксея ж добрая адукацыя – амаль пяць гадоў таму ён закончыў факультэт менеджменту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Вучылі яго эканоміцы і кіраванню на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу, а дзякуючы практычнай рабоце ўжо з’явіўся і немалы вопыт. Таму Аляксей на пытанне адказаў ёміста: “Вялікія выдаткі на вытворчасць”. Гэта сапраўды так, у найбольш развітых краінах яны амаль у тры разы меншыя. Далей мяне цікавіла: калі эканамічная служба гэта разумее, як імкнуцца іх скараціць?
– Закупляем сучасную энерганасычаную тэхніку — адказаў галоўны эканаміст. – Купілі імпартныя кукурузную сеялку і апырсквальнік, айчынны новы трактар МТЗ-30-22. У нас будзе яшчэ адна новая сушылка.
Да нашай гутаркі далучаецца вядучы эканаміст па працы СВК “Макараўцы” Ала Швец. У яе таксама вышэйшая эканамічная адукацыя. А стаж работы праз некаторы час дасягне амаль чвэрці стагоддзя. У полі яе зроку і эканамічная эфектыўнасць гаспадарання, таму да яе ў мяне таксама ёсць пытанне на актуальную тэму: “Як матэрыяльна стымулюецца праца, ці зацікаўлены людзі?”
— Напрыклад, пры здачы малака больш за 90 працэнтаў вышэйшым гатункам аператар машыннага даення атрымлівае ў месяц дадаткова тры базавыя велічыні. У нас уведзены ў эксплуатацыю новы малочнатаварны комплекс на 777 галоў, спадзяёмся на “экстру”. Калі так будзе, тая ж даярка атрымае тыя ж тры базавыя велічыні і яшчэ 50-працэнтную надбаўку да заробка. Ёй налічым ужо не 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў, а 9 мільёнаў 300 тысяч. Згадзіцеся, ёсць стымул працаваць?
— Вядома.
А эканаміст Таццяна Жвалеўская займаецца ў сельгаскааператыве аналізам гаспадарчай дзейнасці ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і вызначэннем кошту прадукцыі. Яе работа таксама вельмі важная.
— Мы выгадна прадаём сваю прадукцыю, — гаворыць яна. – Напрыклад, узровень рэнтабельнасці на зерне кукурузы дасягнуў 70 працэнтаў. А сярэдняя зарплата за май у нас склала 4 мільёны 600 тысяч рублёў.
У газеце “Белорусская нива”, якая рэгулярна прадстаўляе зводкі па рэспубліцы, шмат змястоўнай інфармацыі, і нашы землякі ў параўнанні з іншымі аграрыямі выглядаюць вельмі годна.
— З чым сустракаеце свята? Што вас радуе? – задаю пытанні адразу ўсім маім субяседнікам.
— Калектыў у нас дружны, — адказваюць жанчыны. – Стараемся быць на сваім месцы, адпавядаць патрабаванням прафесіі. Для гэтага шмат даюць курсы, дзе можна павысіць свой узровень. У вёсцы нам падабаецца, тут маляўнічая прырода, не стамляешся так, як у горадзе. Можна хадзіць па ягады, грыбы…
А Аляксей дадае пра свае мужчынскія захапленні:
— “… на рыбалку, на паляванне”.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *