Больш за пяць дзесяцігоддзяў Фонд міру праяўляе клопат аб умацаванні міру, сяброўства, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі і народамі, прапагандуе і ператварае ў жыццё ідэі гуманізму, міласэрнасці і спачування. Аб высакародных мэтах Беларускага фонду міру і шляхах іх рэалізацыі мы размаўляем са старшынёй праўлення Бераставіцкай раённай арганізацыі Валянцінам Арцюхевічам.
— Валянцін Аляксеевіч, на што накіравана сёння дзейнасць Беларускага фонду міру?
— У нас на Гродзеншчыне рэалізуецца 12 дабрачынных і міратворчых праграм, якія накіраваны на ўвекавечанне памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, падтрымку найменш абароненых катэгорый насельніцтва, патрыятычнае, духоўнае выхаванне грамадзян і моладзі, прапаганду здаровага ладу жыцця, падтрымку адораных дзяцей і моладзі, арганізацыю і правядзенне дабрачынных і міратворчых мерапрыемстваў і многае іншае.
— Вядома, што крыніцай функцыянавання Фонду былі і застаюцца добраахвотныя ахвяраванні грамадзян і працоўных калектываў. Як падтрымліваюць дзейнасць раённай арганізацыі Беларускага фону міру бераставічане?
— Ад імя праўлення раённай арганізацыі я хачу выказаць падзяку ўсім, хто ўносіць свой уклад у рэалізацыю праграм нашага Фонду. А такіх людзей нямала. У мінулым годзе ў зборы грашовых сродкаў прынялі ўдзел больш за 60 працоўных калектываў раёна, было сабрана 8,3 млн. рублёў добраахвотных ахвяраванняў. Хацелася б асабліва адзначыць працоўныя калектывы ўстаноў адукацыі, сельскагаспадарчых кааператываў, якія найбольш актыўна далучыліся да збору сродкаў.
— На якія мэты выкарыстоўваюцца сабраныя сродкі?
— Добраахвотныя ахвяраванні, сабраныя грамадзянамі і працоўнымі калектывамі нашага раёна, былі накіраваны на аказанне фінансавай дапамогі раённай бальніцы ў набыцці медыцын-скага абсталявання, на закуп медыкаментаў і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячага сацыяльнага прытулку, набыццё цацак для дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні ў раённай бальніцы.
Накіроўваліся сродкі раённай арганізацыі і на выданне кнігі ўспамінаў нашых землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны “Доўгія вёрсты вайны”, на набыццё падарункаў для арганізацыі раённай дабрачыннай Навагодняй ёлкі для дзяцей — сірот, дзяцей – інвалідаў, адораных і таленавітых дзяцей.
Аплаціла раённая арганізацыя Фонду міру і работы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для інваліда М.Ф.Якуша з аг. Пагра-нічны. Выдзяляліся таксама сродкі на правядзенне культурна – масавых, спартыўна — аздараўленчых і іншых мерапрыемстваў.
За дасягненне высокіх паказчыкаў у вучобе і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Гродзенскім абласным аддзяленнем Фонду два разы на год прысуджаюцца разавыя стыпендыі лепшым навучэнцам і студэнтам вобласці. Па выніках першага паўгоддзя 2011 – 2012 навучальнага года такія стыпендыі атрымалі і дзве вучаніцы нашага раёна: Юлія Глінская (Канюхоўскі яслі-сад – СШ) і Надзея Козел (Масалянскі яслі-сад – СШ).
Я лічу, што такая стыпендыя – добры стымул для выдатнай вучобы і звяртаюся да ўсіх школьнікаў: “Вы нам – выдатную вучобу, а Фонд міру вам – грашовае ўзнагароджанне”.
Спадзяюся, што і ў далейшым грамадзяне і працоўныя калектывы нашага раёна будуць актыўна падтрымліваць Фонд міру. Мэты яго высакародныя, зразумелыя і блізкія кожнаму чалавеку.
Таму карыстаючыся выпадкам, хачу яшчэ раз напомніць, што свае добраахвотныя ахвяраванні вы можаце пералічыць праз любую ўстанову ААБ “Беларусбанк” на наш дабрачынны рахунак №3015575030015 у галаўным філіяле Белінвестбанка па Гродзенскай вобласці (код 739), УНП 500039510.
Дзякую ўсім за супрацоўніцтва, жадаю трывалага міру, моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
— Дзякуй за размову, Валянцін Аляксеевіч.
Гутарыла Ірына Міклаш