Ніхто не забыты, нішто не забыта!
22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна – адна з самых страшных і кровапралітных у гісторыі чалавецтва, падчас якой загінуў кожны трэці беларус. Факты здзяйснення нацысцкімі злачынцамі і нацыяналістычнымі фарміраваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынстваў, накіраваных на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа, выкрываюцца дагэтуль. Каб не дапусціць скажэння гістарычнай праўды, у Рэспубліцы Беларусь быў зацверджаны Закон “Аб генацыдзе беларускага народа” і зменена назва памятнай даты 22 чэрвеня на Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Гэта зроблена для сучаснага і будучых пакаленняў, для захавання духоўнага настрою беларускага грамадства, яго згуртавання і мабілізацыі на пераадоленне выклікаў, якія перад намі ўзнікаюць.
Гады акупацыі былі цяжкімі для бераставічан. У 1942 годзе ў вёсцы Верхаўляны адбылася страшная трагедыя, якая напаткала Хатынь. Фашысты спалілі вёску, мужчын расстралялі. Стала вядома пра яшчэ чатыры вёскі, дамы ў якіх былі спалены фашыстамі. Гэта Парэчча, Генюшы, Рымуцеўцы, Казлы.
За вызваленне нашага раёна вяліся жорсткія баі. На бераставіцкай зямлі загінулі 857 чырвонаармейцаў, 818 жыхароў раёна не вярнуліся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, у барацьбе з фашыстамі аддалі свае жыцці 24 партызаны і 8 падпольшчыкаў. Нацысты забілі 634 мірныя жыхары. Іх ахвяра не дарэмная. Сёння мы жывем пад мірным небам, ганарымся нашымі дзядамі і прадзедамі, якія аддалі жыцці за свабоду ад нацызму, і перадаем памяць пра подзвіг беларускага народа падрастаючаму пакаленню.
Святлана Ганчарова, фота аўтара