Казіміра Іванаўна Яроцкая ў маладосці выйшла замуж за хлопца з Мінчыкаў і ўсё жыццё жыве ў гэтай вёсцы. А родам яна з суседняга Ваўкавыскага раёна, з вёскі Кукалкі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна Казіміры Іванаўне было пятнаццаць гадоў. Той жудасны час так моцна ўрэзаўся ў памяць жанчыны, што яна і сёння, у свае 88 гадоў, успамінае пра ўсё так, быццам гэта было толькі ўчора. Вось што яна расказвае:
– Была нядзелька. Ранкам мы, дзяўчаты, – а ў кампаніі было нас аж восем аднагодак – сабраліся як звычайна да касцёлу ў Шылавічы. Туды не блізка і не далёка: дзесяць кіламетраў. І вось ідзём прыгожыя, у новых сукенках, нешта расказваем адна адной, жартуем, смяёмся. Настрой – проста цудоўны, і дзянёк выдаўся як на заказ; на небе ні хмурынкі, а сонейка свеціць гэтак ужо пяшчотна. Дарога бяжыць праз Талькаўцы, але дайсці да гэтай вёскі мы не паспелі. Сустракаем падводы, а на іх – дзядзькі з нашай вёскі. Яны яшчэ здалёк махаюць нам рукамі і крычаць: “Вайна!!! Варочайцеся назад!”
Мы сталі як укопаныя. Спачатку палічылі ўсё за жарт. А дзядзькі пасадзілі нас на падводы і што было моцы пагналі коней. Ехалі ж, як тады ўсе гаварылі, “з шальварку”– рабілі дарогу да Роскага аэрадрома. І бачылі, як на аэрадром той, бы крукі, наляцелі нямецкія самалёты і пачалі скідваць бомбы. Усё там гарэла, гінулі людзі. Мы з дзяўчатамі так перапалохаліся, што сядзелі на вазах і дрыжалі ад страху. Кожная думала: ”Божухна, што ж цяпер будзе?!”
А прыехалі дахаты, то і самі ўбачылі тую вайну: немцы ўжо бамбілі кватарскі аэрадром, над ім уздымаліся клубы чорнага дыму і ў тым баку нешта цяжка вухкала. Ад нашых Кукалак датуль кіламетраў пяць, і хутка сталі з’яўляцца ў вёсцы чужыя дзядзькі – як казалі мае бацькі, гэта яны і будавалі аэрадром, а цяпер уцякаюць ад бамбёжкі. Ляцелі снарады і на нашу вёску. Праўда, у будынкі не трапілі. А вось бабулька старэнькая ўсё ж загінула ў той дзень . Людзі баяліся ісці ў хаты, хаваліся на дварэ пад сценамі. Адзін са снарадаў упаў якраз на бабулькін агарод і асколкам яе смяртэльна параніла….
А праз дзень ці мо два ў вёсцы ўжо з’явіліся фашысты. Іх было многа, яны ехалі на матацыклах і ішлі пешшу. Запомніла на ўсё жыццё: рукавы закатаныя, у руках аўтаматы, гергечуць нешта па-свойму і смяюцца. І ад смеху гэтага, і ад таго, што ідуць і едуць па нашай зямлі як гаспадары, рабілася не па сабе. Многія людзі не заставаліся ў хатах, а хаваліся ў лесе – ён зусім блізка ад вёскі. Помню, як ганялі нас, падлеткаў, і бацькоў нашых парабкаваць. Так крыўдна было, калі немец панукаў, не дазваляў адпачыць. Мы з дзяўчатамі і клялі між сабой ворага, а падчас нават і плакалі ад злосці ды бяссілля, што цябе зневажаюць, а ты нічога не можаш зрабіць.
Ну, а наперадзе чакала яшчэ горшае: разам з іншымі маладымі дзяўчатамі і хлопцамі мяне забралі ў Германію. Перш сагналі моладзь з усяго раёна ў Шылавічы ў клябаню. Там такога жаху нагля-дзелася! Трапілі разам з усімі намі і два рабочыя з аэрадрома. Дык над імі чамусьці так здзекваліся, падвешвалі на крукі на сцяне. Адзін не сцярпеў і ноччу пакончыў з сабой…
У Германіі спаўна зведала і голаду, і холаду, і работы не па сілах падлетка. На папяровай фабрыцы працавала, а там трэба было адстаяць доўгую змену, без перапынку нагружаючы ўнізе кошыкі з макулатурай, якія потым віндай падаваліся аж на пяты паверх будынка. І так – дзень пры дні, цэлыя два гады.
…Такою я помню вайну. Здароўе на ёй згубіла – не паверыце, але нават цяпер, калі пачую стрэл у кіно па тэлевізары, дык сэрца ўздрыгне. Але я засталася ў жывых, а колькі ж жыццяў забрала тая вайна праклятая! Ніколі нельга забываць пра гэта. Сёння зноў 22 чэрвеня, 72-гі чорны дзень на календары. Няхай ён не паўторыцца больш ніколі.
Расказ Казіміры
Іванаўны Яроцкай
запісала Марыя Драпеза