21 лютага па рашэнні Генеральнай сесіі ЮНЕСКА ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята – нагода для кожнага з нас яшчэ раз задумацца аб лёсе нашай роднай беларускай мовы, якую мы завём матчынай, і на якой размаўлялі нашы продкі. Мова жывая, пакуль на ёй гавораць. На жаль, беларуская мова сёння рэдка гучыць у штодзённым ужытку. Дык давайце хоць у Міжнародны дзень роднай мовы паспрабуем звяртацца адзін да аднаго па-беларуску.
Начальнік адасобленай групы Бераставіцкага раёна раённага ваеннага камісарыята Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў Віталь Ігнатовіч прысвяціў роднай мове свой верш «Мова».
МОВА
Чаму ты вымучана і зьнявечана,
Чаму ты, мова мая, так скалечана,
І сваімі людзьмі ўжо забытая:
Слова матчына і каханае!?..
Дзе ты, мова мая, – мілая, родная!?..
Як сьлязінка першая – ты гаротная!
Як бабуліна казка – адзіная!
Дык чаму ты ў магілах схаваная?..
Дзе ж Максім наш і Янка з Коласам
Са сваім найзванчэйшым голасам,
Што ўздымалі натоўпы самотныя,
Да мовы сваёй іх прывёўшыя!?
Ах! Мова мая, ты салодкая –
Як каханне з дзяўчынай – першая –
Пацалункам сваім незабыўная,
І ў абдымках сваіх утульная!
Над прасторам зямлі беларускае
Ты адзіная – найгучнейшая,
Толькі ціхая і забытая…
Але ўсё адно – наймілейшая!
Не пакіну цябе, не забудуся,
Як і маці сваёй – не цураюся!
Як карэньнем дрэва трымаецца –
Без цябе мне жыцьця ня бачыцца!
Толькі ты, мая мова родная,
У пагоню за здраднікам здольная,
Каб ня даць ім “чужынцамі быць”,
Каб адчулі як “сэрца баліць”!
Дык паўстань жа з часоў тых скарынаўскіх
І з далёкіх гадоў нашаніваўскіх!
Каб адчуў кожны з нас, што бязродны ён
Без цябе, мая вольная, родная!..