21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Cёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай.
21 лютага – яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам. Хто б ты ні быў – дарослы ці малады, жанчына ці мужчына, селянін ці гараджанін, студэнт ці настаўнік – ведай, што найлепшы твой твар, вопратка твая, душа твая – беларуская мова.
Ад пакалення да пакалення беларускі народ замацоўваў у слове сваё бачанне свету, свой вопыт яго пазнання, ад эпохі да эпохі ён выпрацоўваў разнастайныя сродкі для перадачы думак, пачуццяў. Прыродныя ўмовы i геаграфія краіны, узровень народнай гаспадаркі i кантакты з іншымі народамі, характар грамадскай думкі, культуры, мастацтва – усе вялікія і малыя асаблівасці жыцця нашага народа адлюстраваліся ў мове.
Наша мова – дар не менш каштоўны за жыццё. Калі помніць, што ў сярэднім штомесяц у свеце знікаюць дзве мовы, мы абавязаны аддаць належнае сваёй роднай мове, якая дасюль, на шчасце, жывая. Аднак, разам з тым, нельга забываць, што валодаем мы ёю толькі па праве нараджэння на гэтай зямлі, а таму павінны рабіць усё неабходнае, каб зберагчы гэты бясцэнны дар.
На вялікі жаль, у сучасны час усё радзей чуеш родную мову. Часцей за ўсё яе выкарыстоўваюць толькі настаўнікі, а вучні і на ўроках спрабуюць падмяніць свае адказы рускім варыянтам. Робяцца спробы папулярызацыі роднай мовы: прыемна чуць яе ў гарадскім транспарце, ёсць шэраг магазінаў, дзе абслугоўванне вядзецца на беларускай мове, але гэта толькі асобныя прыклады. Родную мову трэба аберагаць, трэба не саромецца яе. Мова — гэта тое, без чаго не можа жыць ніводзін чалавек.
Мы павінны абараняць нашу мову, паважаць яе самі, а таксама прывіваць любоў і павагу да яе нашым дзецям, прабуджаць у сэрцах дзяцей парасткі павагі і любові да роднай мовы. Бо сапраўды – пакуль жыве мова, жыве народ.
Жанна Козел, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Малабераставіцкай СШ